Росіца – маленькая вёска на ўскрайку Беларусі, якая не можа не захапляць сваім хараством. Размешчаная паміж аднайменнымі возерам і рэчкай, яна сустракае маляўнічымі дрэвамі, палямі, і, канечне ж, велічным храмам.
Быццам чырвонае сэрца стаіць гэты храм пасярод вёскі, якая паціху патухае. Зусім няшмат засталося тут мясцовых жыхароў, але не застаецца пустой святыня. Сюды прыбываюць вернікі з усіх куточкаў Беларусі і замежжа, каб ушанаваць бласлаўлёных пакутнікаў, айцоў марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча.
81 год таму, у 1943 годзе, падчас карнай аперацыі “Зімовае чараўніцтва” тут загінула больш за тысячу чалавек, а разам з імі – двое мужных святароў.
“Каб усе былі адно” – так маліўся Езус да Нябеснага Айца (Ян 17, 21).
На ўзор Хрыста адной супольнасцю з даручанымі авечкамі захацелі застацца ў тыя цяжкія страшныя дні айцец Юры і айцец Антоні. А сёння ў Нябесным Валадарстве адзінай супольнасцю яны заступаюцца за нас.
“Каб усе былі адно” – над гэтымі словамі разважалі вернікі, якія 17 лютага 2024 года прыбылі ў Росіцу на штогадовыя ўрачыстасці. Пакінуўшы свае справы, пераадольваючы ў непагадзь шматлікія кіламетры шляху, людзі прыехалі, каб быць адной хрысціянкай сям’ёй, разам схіліць калені перад Хрыстовым алтаром і разважаць над вялікай трагедыяй, якая праз Божую Любоў стала досведам вялікай Божай Хвалы.
Урачыстасці распачаліся выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту. Разам з кусташам санктуарыя айцом Аляксандрам Жарнасекам вернікі маліліся на ружанцы. Разважаючы над Радаснымі таямніцамі, кожны меў магчымасць падумаць над дзеяннем Бога ва ўласным жыцці, а таксама перапрасіць не толькі за свае грахі, але і за шматлікія абразы, праклёны і дзеянні, што чынілі нашыя продкі ў гады ваяўнічага атэізму.
Падчас Адарацыі святары служылі ў канфесіянале праз сакрамант споведзі. Гэта быў час яднання чалавека і Бога праз пакаянне, час, калі чалавек мог прыйсці ў абдымкі Міласэрнага Айца.
Апоўдні распачалася святая Імша. Напачатку прысутных прывітаў айцец Аляксандр Жарнасек. Ён заўважыў парадаксальную рэч: “Калі арганізоўваем Росіцкія ўрачыстасці, то разумеем: сюды ўсё трэба прывезці – ад людзей да розных вялікіх і дробных рэчаў. І тое, што вернікі хочуць ехаць сюды і ў дождж, і ў снег, і ў неспрыяльныя незразумелыя ўмовы, здзіўляе і радуе адначасова.”
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён адзначыў, што сёлетнія ўрачыстасці сабралі шматлікіх святароў і сясцёр з розных парафій Беларусі. Таксама іерарх з асаблівай цеплынёй прывітаў апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, які 8 лютага адзначыў свой 75-цігадовы юбілей. Ардынарый падзякаваў айцу Сяргею за плённае служэнне і запэўніў у малітве.
“Каб усе былі адно” – гэтыя словы гучалі падчас Літургіі Слова. Над імі разважаў біскуп Алег у гаміліі.
«Сёння ўсе мы збіраемся ў Росіцы, дзе жыццё людзей абрывалася ва ўмовах, што не паддаваліся ніякай чалавечай логіцы. І нават у такі час было шмат праяўлення чалавечнасці. Гэтае праяўленне чалавечнасці часта было на гераічным узроўні.
Бласлаўлёныя мучанікі выбралі дакладны шлях Езуса Хрыста – гэта шлях ахвяры: ад Уцелаўлення, да смерці на крыжы. І гэтым шляхам ахвяры павінны ісці і мы. Немагчыма прайсці гэты шлях без яднання з Хрыстом. Мы павінны імкнуцца быць адным цэлым з Богам, а праз гэта – любіць бліжняга”. – зазначыў іерарх.
Пасля Літургіі прысутныя накіраваліся на пляц мучаніцтва. Там раптоўна і пакутна скончылася жыццё людзей у лютым 1943 года. Там сёння стаіць вялікі крыж – знак нашага Збаўлення і Вечнага Жыцця. Кожны прысутны ўкленчыў ля таго Крыжа, давяраючы свае зямныя клопаты Таму, Хто з’яўляецца Творцам жыцця.
Скончыліся ўрачыстасці супольным абедам з гарачай поліўкай, якую падрыхтаваў для пілігрымаў айцец Чэслаў Курэчка.
Нягледзячы на шэры дзень, адчувалася цёплая братэрская атмасфера паміж супольнасцю пілігрымаў і іх пастыраў. Гэта быў сапраўды той дзень, калі кожны мог наблізіцца да адзінства з Богам і бліжнім.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, фота