“Каб сцены гэтага касцёла маглі прамаўляць…”.  У Валкалаце адзначылі 600-гадовы юбілей парафіі і 150-годдзе касцёла

Урачыстасць адбылася ў нядзелю, 16 жніўня, калі парафія традыцыйна адзначае адпуст, звязаны з успамінам святога Роха.

На свяце прысутнічалі шмат святароў, кансэкраваных асобаў, парафіян і гасцей урачыстасці. Ганаровымі ўдзельнікамі свята сталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Свята адчувалася нават пры пад’ездзе ці падыходзе да храма: тут можна было набыць іконы, хрысціянскія сувеніры, а таксама слодычы і іншыя прысмакі. Свята яно і ёсць свята!

Але галоўная падзеяй юбілею стала святая Імша, якая распачалася а 12-й гадзіне. Незадоўга да яе пачатку ў Валкалаты прыбылі іерархі: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, і біскуп Віцебскай дыяцэзіі, да якой належыць Валкалацкая парафія, Алег Буткевіч. Прычым яны выйшлі з аўто даволі далёка ад храма, каб разам прайсці па вуліцы мястэчка і прывітаць вернікаў. Парафіяне ўрачыста сустрэлі іх перад уваходам у храм.

Пакуль святары рыхтаваліся да святой Імшы, вернікі праслухалі гісторыю парафіі, якую распавяла гісторык Валянціна Янковіч. А гісторыя гэта была поўная і светлых, і драматычных старонак.

На самым пачатку літургіі пробашч парафіі ксёндз Алег Півавар прывітаў усіх удзельнікаў урачыстасці і звярнуўся да Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага з просьбай узначаліць гэта богаслужэнне. Пасля пробашча з прывітальным словам звярнуўся гаспадар дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Ён падзякаваў усім за прысутнасць, асабліва адзначыўшы тых святароў, што працавалі апошнім часам у гэтай парафіі. Гэта ксёндз пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, што прысутнічаў на Імшы, ксёндз Францішак Грынкевіч, які ўжо адыйшоў да Пана, айцец Пётр Ясевіч, што шмат гадоў працаваў тут, а зараз з-за хваробы не мог прысутнічаць на свяце. Таксама біскуп прывітаў святароў, што паходзяць з гэтай парафіі, і ўзгадаў, што ў гэтым годзе тут адзначаецца яшчэ адзін юбілей: трыццаць гадоў таму пасля столькіх гадоў ваяўнічага атэізму парафію адведаў з біскупскай візітацыяй першы беларускі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Біскуп Алег таксама звярнуўся да арцыбіскупа Тадэвуша з просьбай цэлебрацыі гэтай святой Імшы.

Мітрапаліт Тадэвуш узгадаў пра тую візітацыю, якая была першай пасля сканчэння Другой сусветнай вайны. Ён таксама падзякаваў усім святарам, што служылі ў гэтай парафіі, асаблівым чынам згадаўшы айца Пятра Ясевіча: “Ён аддаў частку свайго жыцця, частку свайго сэрца, каб гэта парафія жыла, каб развівалася”.

Заслуга айца Пятра і ў тым, што з гэтай парафіі выйшлі ксёндз Павел Самсонаў, ксёндз Аляксандр Дулінец і францішканін айцец Сяргей Мацюшонак.

– Мы сабраліся тут у дваццатую звычайную нядзелю, але не ў звычайны дзень, – адзначыў іерарх.  Ён таксама звярнуў увагу на тое, што святы Рох з’яўляецца нябесным заступнікам ад эпідэмій, а мы зараз якраз перажываем пандэмію каранавірусу. Але акрамя гэтага мы перажываем і грахоўную пандэмію: наша грамадства падзеленае пасля выбараў. Загінулі людзі, праліта шмат крыві і выхаду з гэтага тупіка пакуль не бачна. Напэўна, ва ўсёй гісторыі сучаснай Беларусі такога часу яшчэ не было, падкрэсліў іерарх. Ён заклікаў маліцца, каб усё вырашылася мірным чынам.

У сваім слове да вернікаў арцыбіскуп напачатку вярнуўся да гісторыі гэтай парафіі: “Каб сцены гэтага касцёла маглі прамаўляць, колькі б гісторый яны маглі распавесці”.

Гэта і гісторыі навяртання, і гісторыі Божай дапамогі ў цяжкі час. Касцёл у Валкалаце ніколі не закрываўся, ён дзейнічаў нават у часы ваяўнічага атэізму. Таму мы павінны быць удзячны ўсім, хто спрычыніўся да гісторыі гэтай парафіі, хто стаяў у яе вытокаў, хто будаваў тут храмы.

Іерарх нагадаў, што ёсць шмат хрысціянаў, якія лічаць сябе вернікамі, а не ходзяць у храм. Ёсць і тыя, што стаяць у святыні, пабожна склаўшы рукі, а выйшаўшы за браму касцёла, паводзяць сябе як паганцы. Адсюль і алкагалізм, наркаманія, брыдкаслоўе, аборты…

Закрануў арцыбіскуп і сённяшнюю сітуацыю ў краіне:

– Ужо цэлы тыдзень Мінск, іншыя гарады і вёскі бурляць. Мы не ведаем, што з намі будзе заўтра. Але вырашэнне адно – трэба шукаць вакцыны ад грахоўнай пандэміі. А гэтай вакцынай з’яўляецца Езус Хрыстус. Выбары, якія адбыліся тыдзень таму, нібы сцяна падзялілі наш народ. Але гэты мур трэба разваліць.

Можа так здацца, адзначыў іерарх, што Бог пра нас забыўся. Але ён нас не пакідае, ён прыходзіць нам на дапамогу, калі гэта дапамога патрэбна.

Толькі праўда ўчыніць нас свабоднымі, а праўда ёсць адна, змяняюцца палітычныя сістэмы, а Бог застаецца той самы. Так было, так ёсць і так будзе! – сказаў Мітрапаліт напрыканцы гаміліі.

Перад бласлаўленнем іерархі атрымалі памятныя падарункі ад валкалацкіх вернікаў, а пробашч Алег – падарунак ад мясцовых уладаў.

Закончыліся ўрачыстасці Літаніяй да святога Роха, працэсіяй вакол храма і спевам гімна “Магутны Божа”.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, відэа

для друку для друку