Экзамен на давер. Гісторыя сям’і Бацкалевіч

Нядзеля. Як заўсёды, спяшаюся ў касцёл. Прыйшоўшы, сядаю на апошняй лаўцы, якая знаходзіцца ў бакавой наве. Адчуваю стомленасць. Праз некаторы час мой позірк спыняецца на абразе Езуса Міласэрнага. Абраз размяшчаецца акурат насупраць мяне. Я ўзіраюся ў светлы твар Хрыста, стараюся разгледзець дэталі, але ў гэтым мне перашкаджаюць рыштаванні. Яны закрываюць Божую постаць, не даюць успрыняць выяву цалкам.

Я імкнуся зрабіць некалькі крокаў убок, каб убачыць твар свайго Бога. А потым задумваюся, наколькі гэтая сітуацыя суадносіцца з нашым жыццём. Ёсць Бог і ёсць чалавек, а паміж імі – рыштаванні. Пад арматурай разумеюцца нашы заганы, грэшныя захапленні і залежнасці – усе тыя перашкоды, якія аддзяляюць нас ад Стваральніка. Мне нічога не каштавала ступіць некалькі крокаў, падысці бліжэй да абраза, але я гэтага не зрабіла. Чаму? Бо не хацела прыцягваць увагі тых, хто маліўся ў касцёле ў гэты дзень.

Мы баімся крокаў да Бога: для гэтага патрэбныя смеласць, рашучасць, адвага, а таксама кардынальная змена ўласнага жыцця. І толькі адзінкі могуць, не баючыся асуджэння і насмешак, ісці да Стваральніка і штодня адважна сцвярджаць: «Езу, давяраю Табе!»

З Аленай Бацкалевіч я пазнаёмілася некалькі гадоў таму. Гэтая ўсмешлівая і жыццярадасная жанчына адразу мне спадабалася. Яна з тых людзей, якія глядзяць на жыццё з аптымізмам, умеюць радавацца дробязям і перажываюць нястачы і падзенні ў абдымках Бога. Пры знаёмстве я зазначыла для сябе, што нарэшце сустрэла па-сапраўднаму шчаслівага чалавека. Аднак жыццё жанчыны нельга назваць простым і гладкім. Было ў ім шмат негатыўных момантаў, якія шараговага чалавека, магчыма, выбілі б з раўнавагі. Алена ж не страціла аптымізму і жыццёвай энергіі, а пра перыпетыі лёсу можа сказаць толькі яе позірк – мудры і светлы.

Маладая сям’я Бацкалевіч узнікла тры дзесяцігоддзі таму. Алена, як і ўсе маладыя жанчыны, чакала шмат ад шлюбу. Яна марыла пра вялікую і дружную сям’ю, у якой будзе месца для радасці, шчырасці, любові і веры. У хуткім часе жанчына зацяжарыла. Гэты стан даў Алене крылы. Яна з нецярпеннем чакала сустрэчы з дзіцяткам. Цяжарнасць праходзіла без адхіленняў – на адным дыханні. Будучая маці ўяўляла дзень сустрэчы з першынцам, марыла, як прытуліць да сэрца немаўлятка. Аднак доўгачаканы дзень пайшоў зусім не па плане…

Шаснаццаць гадзін працягваўся бязводны перыяд, цалкам адсутнічалі схваткі, а дзіця акушэрам давялося натуральным чынам выціскаць. Хлопчык нарадзіўся з глыбокай гіпаксіяй, у яго амаль адразу на некалькі хвілін спынілася сэрца. Усё гэта негатыўна адбілася на стане здароўя нованароджанага.

«Маё дзіця – інвалід…» – сэнс гэтых слоў Алена ніяк не магла прыняць і ўсвядоміць.

– Чаму так здарылася? За што гэта выпрабаванне дадзена майму хлопчыку? У мяне было шмат пытанняў і да ўрачоў, і да Бога. Цяжарнасць працякала ідэальна, таму на такі зыход ніхто не разлічваў, – успамінае Алена Чаславаўна.

Першыя дні для маладой сям’і былі надзвычай складанымі. Жанчына цалкам заглыбілася ў свае перажыванні, шмат плакала і думала пра будучыню Максіма – менавіта так Алена і Валерый назвалі свайго першынца. Аднак пасля маладыя бацькі прынялі сітуацыю і зразумелі, што іх асаблівы сын не з’яўляецца карай, а толькі дарам Усемагутнага Бога. Тады Алена і Валерый вырашылі зрабіць для Максіма ўсё, што толькі магчыма. Маладая мама вазіла хлопчыка на рэабілітацыі, імкнулася палепшыць яго здароўе. Яна сказала Богу простыя словы: «Езу, давяраю Табе!» І штодня аддавала ў рукі Хрыста ўсе цяжкасці, роспач, падзенні і апатыю.

У той час сям’я жыла ў невялікай вёсцы Мінойты непадалёк ад Ліды. У хуткім часе пасля нараджэння Максіма сямейная пара вырашыла пераехаць у Ліду, каб было больш магчымасцей для рэабілітацыі сына. Так і зрабілі. Рэабілітацыя і шматлікія практыкаванні далі свае вынікі – у пяць гадоў Максім мог сядзець і самастойна трымаць галаву. Гэта быў велізарны крок.

– Мне вельмі хацелася, каб сын мог размаўляць. Хаця б прамаўляць самыя простыя словы. Я бачыла, што ён усім цікавіцца, толькі гаварыць не можа. З першых месяцаў жыцця чытала Максіму кнігі. Аднойчы я купіла дзіцячыя кубікі з літарамі. У хуткім часе мы засвоілі алфавіт. Пасля Максім навучыўся складаць з літар словы. Ён указваў на літары, а мы сачылі і чыталі словы і цэлыя сказы. Так мы маглі мець зносіны з сынам. Для нас гэта падзея была сапраўднай радасцю.

Многія меркавалі, што хлопчык з інваліднасцю не зможа засвоіць школьную праграму, але і тут памыліліся: школу хлопец скончыў з залатым медалём.

Калі Максіму было дзесяць гадоў, Алена даведалася, што чакае дзіця. Розныя думкі і страхі ўзнікалі ў той час у яе сэрцы. Аднак жанчына вырашыла аддаць гэтую сітуацыю ў Божыя рукі. Яна ў чарговы раз шчыра прамовіла: «Езу, давяраю Табе!» Так на свет з’явіўся Мацвей. Другі сын нарадзіўся цалкам здаровым. Хлопчык зрабіў жыццё сям’і каляровым і радасным, надаў жыццёвых сіл. У 41 год Алена нарадзіла трэцяга сына – Рамана. Бацькі добра разумелі, што дзеці – гэта галоўнае багацце, якім адарыў іх Бог.

Пасля заканчэння школы Максім аказаўся ў вакууме: працягваць навучанне ён не мог. Чатыры сцяны акружалі юнака. Тады ён пачаў спрабаваць пісаць. Хлопцу з ДЦП складана даваўся камп’ютарны набор. За гадзіну ўдавалася набраць усяго толькі некалькі літар. Рукі не хацелі слухацца, замест адной літары ён націскаў адразу некалькі. Праз гэта юнак вельмі перажываў. Бацькі бачылі намаганні Максіма, спачувалі яго няўдачам. Праз некаторы час было знойдзенае рашэнне: бацькі давалі ў рукі сыну аловак. Націскаць літары алоўкам аказалася значна лягчэй, таму праца пайшла больш хутка. З цягам часу ў таленавітага хлопца нарадзілася першая кніга, пасля – яшчэ адна, а крыху пазней – яшчэ. Максім пісаў пра сваё дзяцінства, разважаў над тэмамі, якія яго хвалявалі. Хлопца заўважылі. Ён пачаў весці ўласныя калонкі ў перыядычных выданнях, даказваючы людзям, што талент немагчыма абмежаваць. Зусім нядаўна юнака прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, ён пабываў на Дні беларускай пісьменнасці, дзе прэзентаваў свае кнігі. Чытаючы тэксты Максіма, бацькі захапляюцца яго мудрасцю і сілай. Яны разумеюць, што сын у іх сапраўды асаблівы. Таленавіты, шчыры, глыбокі. Тое, што ён мае магчымасць выражаць свае думкі праз друкаванае слова, стала сапраўдным прарывам для хлопца. Тут адчуваецца Божы дотык, поўны любові да свайго стварэння.

Алена, нягледзячы на татальную занятасць, заўсёды знаходзіла час і сілы на малітву. Шмат гадоў яна з’яўляецца чальцом Жывога Ружанца, а таксама супольнасці жанчын «Маці ў малітве». Яна не прапускае ніводнай магчымасці наведаць касцёл, памаліцца і падзякаваць Богу за сваіх сыноў. Жанчына не лічыць сябе моцнай і гераічнай. У яе таксама час ад часу здараюцца хвіліны роспачы і бездапаможнасці, аднак з Божай дапамогай усё пераадольваецца. Не адчувае сябе Алена і пакрыўджанай Богам. Яна па-сапраўднаму шчаслівая. Сям’я і вера – гэта крыніца сілы. Разам з мужам Валерыем Алена радуецца поспехам сваіх сыноў. Максім распачаў працу над сваёй сёмай кнігай. Зусім хутка яна пабачыць свет і стане даступнай для чытачоў. Мацвей і Раман сталі зусім дарослымі. Аднак па-ранейшаму з асаблівай цеплынёй яны ставяцца да старэйшага брата, імкнуцца атуліць яго ўвагай і клопатам.

Алена зазначае, што выпрабаванні не сталі перашкодай на шляху да Бога, наадварот, яны далі магчымасць мацней палюбіць Нябеснага Айца, не палохацца цяжкасцей, а ў складаных сітуацыях не баяцца сказаць Хрысту сваё шчырае «давяраю».

Марта Венславовіч
Фота з архіва сям’і Бацкалевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі