Многія вернікі часта сустракаюцца з аповедамі пра тое, што нейкаму чалавеку аб’явілася Маці Божая, хтосьці са святых і нават сам Хрыстус — з важным пасланнем для свету: заклікам, перасцярогай ці заданнем. Як рэагаваць на такога кшталту выпадкі? Якая афіцыйная пазіцыя Каталіцкага Касцёла адносна падобнага роду з’яваў?
На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
У пытаннях т.зв. «прыватных аб’яўленняў» вернікі звычайна дзеляцца на два лагеры: адныя патрабуюць ад Касцёла прызнання і выканання ўсяго, пра што было сказана ў аб’яўленні; другія, наадварот, патрабуюць адназначнага адкідвання і асуджэння такой з’явы як шкоднай ілюзіі. Праўда, як гэта звычайна бывае, не ў крайнасцях, а ў спакойным асэнсаванні рэальнага стану рэчаў. Касцёл, зыходзячы з Пісання і Святой Традыцыі, навучаны вялікім досведам двух тысячагоддзяў адносінаў з Богам, прызнае магчымасць прыватных аб’яўленняў, але акрэслівае ўмовы і крытэрыі, пры якіх можна дапускаць іх сапраўднасць.
Першае, пра што заўсёды павінен памятаць кожны вернік, гэта праўда пра т.зв. публічнае Божае Аб’яўленне. Гэта звышнатуральнае дзеянне Бога, скіраванае на тое, каб адкрыць людзям усё неабходнае для іх збаўлення. Звычайна рэакцыяй на такое вялікае Аб’яўленне становіцца жаданне кожнага канкрэтнага чалавека (верніка) адказаць Богу на Яго бязмежную любоў і выканаць Яго волю, што па сутнасці азначае імкненне вярнуць райскую гармонію ва ўсе віды адносінаў (гл. Канстытуцыя ІІ Ватыканскага Сабору «Dei Verbum», 2). Такое публічнае (для ўсіх людзей) Божае Аб’яўленне мае тры вымярэнні:
- Касмічнае (Бог адкрываецца праз справу стварэння).
- Гістарычнае (Ён паказвае, як дзейнічае на працягу гісторыі чалавецтва).
- Эсхаталагічнае (Ён адкрыецца ўсяму чалавецтву праз падзеі канца гэтага свету). Фактычна найважнейшыя праўды Божага Аб’яўлення мы знаходзім запісанымі ў Святым Пісанні, таму Касцёл навучае, што са смерцю апошняга Апостала (апошняга Аўтара Пісання) закончылася публічнае Божае Аб’яўленне, іншага няма і не будзе («Dei Verbum», 4). Гэта значыць, што Бог ужо адкрыў людзям усё неабходнае для збаўлення (гл. 2 Кар 1, 20; 3, 16–4, 6; ККК, 65).
Калі нам ужо дадзеная ўся неабходная паўната праўды, то застаецца толькі яе асэнсоўваць і паводле яе змяняць сваё жыццё ў кірунку неба (гл. Мц 28, 19; Мк 16, 15). Каб абараніць Божае Аб’яўленне ад памылковых інтэрпрэтацый, Езус заснаваў святы Касцёл, якога Дух Святы ўчыніў адзіным захавальнікам і верным настаўнікам Божай праўды (гл. Гал 1, 8). Яна захоўваецца ў Святым Пісанні і афіцыйным навучанні Касцёла (Традыцыі).
Разнастайныя сапраўдныя прыватныя аб’яўленні і візіі Касцёл успрымае як дар, аднак гэты дар патрабуе распазнання. У адрозненне ад публічнага Божага Аб’яўлення, прыватныя не дадаюць нічога новага да веравучэння: яны толькі мацуюць нашую надзею, дапамагаючы перажываць у нейкіх канкрэтных гістарычных акалічнасцях ужо дадзеную праўду веры (ККК, 66–67).
У сувязі з тым, што на працягу гісторыі вельмі розныя людзі заяўлялі і не перастаюць казаць, што яны мелі ці маюць прыватныя аб’яўленні ад Бога, а звычайны вернік не мае дастатковых рэсурсаў, каб даследаваць сапраўднасць гэтага феномена, Езус даў дар распазнання Касцёлу як Боскай інстытуцыі, у якой Дух Святы няспынна дапамагае ясна, выразна і канкрэтна асэнсоўваць, між іншым, звышнатуральныя з’явы. За дзве тысячы гадоў існавання Касцёл выпрацаваў выразныя крытэрыі гэтай ацэнкі, але трэба заўважыць, што гэтая ацэнка заўсёды даецца толькі ў адным ключы: вызначэння адпаведнасці ці неадпаведнасці даследаванага прыватнага паслання з публічным Божым Аб’яўленнем.
Каб даследаваць сапраўднасць прыватнага аб’яўлення, Касцёл звяртае ўвагу на тры яго складовыя: аўтара, спосаб адкрыцця і яго адрасата. Аўтарам кожнага сапраўднага аб’яўлення можа быць толькі Бог. Іншыя асобы (святыя, анёлы, візіянеры) могуць выступаць толькі як пасрэднікі. Са шматвяковага досведу мы ведаем, што фальшывыя аб’яўленні паходзілі або ад злога духа (які можа прымаць выгляд святога), або ад псіхічна ці духоўна неўраўнаважанага чалавека, таму апостал Ян заклікае не спяшацца давяраць кожнаму духу, але даследаваць яго (гл. 1 Ян 4, 1).
Адрасаты візіі таксама бываюць розныя: гэта могуць быць або непасрэдныя ўдзельнікі аб’яўлення, або асобы па-за ім. Мудрасць і вопыт Касцёла вучаць, што сапраўднае аб’яўленне заўсёды даецца для дабра супольнасці Касцёла. Формы ж прыватных аб’яўленняў бываюць вельмі розныя: з’яўленні (даступныя органам пачуццяў маніфестацыі), унутраны голас, містычнае захапленне, незвычайны сон, асаблівы стан свядомасці і г.д.
Адным з найважнейшых крытэрыяў праверкі сапраўднасці прыватнага аб’яўлення з’яўляецца пытанне аб мэце: навошта? У выніку яно прыводзіць да высновы, што сапраўднае прыватнае аб’яўленне нічога не дадае веравучэнню Касцёла (depositum fidei), а толькі можа дапамагчы глыбей перажываць яго паасобным вернікам (fides humana). Зыходзячы з гэтага, Касцёл, асабліва вуснамі папы Бэнэдыкта XVI, неаднаразова падкрэсліваў, што вернікі не маюць абавязку зважаць на прыватныя аб’яўленні, бо ўсё неабходнае для збаўлення дадзена ім у публічным Божым Аб’яўленні, адлюстраваным у Бібліі і Традыцыі Касцёла, а тое, што часта падаецца як «прызнанне» Касцёлам нейкага прыватнага аб’яўлення, зводзіцца на справе да сцвярджэння, што яго змест не пярэчыць Божаму Аб’яўленню.
Тэалагічныя крытэрыі ацэнкі сапраўднасці прыватных аб’яўленняў былі грунтоўна распрацаваныя Кангрэгацыяй веравучэння ў 1974–1978 гг. Іх шмат, і яны вельмі падрабязна даследуюць кожны элемент формы і зместу звышнатуральнай з’явы. Сярод іх варта звярнуць асаблівую ўвагу на аналіз зместу аб’яўлення. Тут ставіцца пытанне аб захаванні дактрынальнай чысціні веры. Гаворка ідзе пра пошук магчымай супярэчнасці з праўдамі публічнага Божага Аб’яўлення. Гэта, напрыклад, выпадкі, калі візія адкідвае праўду пра Хрыста як Бога ці Чалавека, Беззаганнасць Марыі, паходжанне Касцёла ад Хрыста, вызначае тэрмін канца свету або заклікае да дзіўных учынкаў, якія супярэчаць цвярозаму розуму і хрысціянскай маралі. Яно не можа займацца толькі свецкімі (штодзённымі) справамі, палітыкай ці эканомікай. Не можа быць і размытасці паслання, бо гэта спараджае магчымасць самых розных і супярэчных інтэрпрэтацый, якія ў выніку адводзяць вернікаў ад рэальных адносінаў з Богам. Прыватнае аб’яўленне не можа таксама ператварацца ў культ, які заслоніць сабой адносіны з Хрыстом ці сакрамэнтальнае жыццё (напрыклад, калі чытанне нейкага тэксту, выкананне дзеяння ці ўшанаванне вобразу аб’яўляецца важнейшым за ўдзел у святых сакрамэнтах збаўлення).
Важным крытэрыем сапраўднасці прыватнага аб’яўлення з’яўляецца выразнасць сутнасці паслання. Супрацьлегласцю гэтаму будзе сканцэнтраванасць на знешнім відовішчы, сенсацыйнасці, інтрызе. Але, у той жа час, наяўнасць цудаў становіцца доказам звышнатуральнасці з’явы. Пры гэтым Езус выразна перасцерагае ў Евангеллі ад фальшывых прарокаў і іх знакаў (Лк 21, 8).
Не менш важным крытэрыем сапраўднасці прыватнага аб’яўлення з’яўляюцца т.зв. «плады» жыцця візіянера. Калі яно сапраўды паходзіць ад Бога, то схіляе да паглыблення адносінаў з Хрыстом і ўзрастання ў любові да Яго Касцёла. Звычайна такія асобы вызначаюцца асаблівай шчырасцю, праўдамоўнасцю, сціпласцю, глыбокай пакорнасцю адносна рашэнняў касцёльных уладаў, адсутнасцю якіх-небудзь меркантыльных ці эгаістычных матываў (гл. Гал 5, 22–25). Тут трэба зважаць на вядомы са Святога Пісання прынцып: «пазнаеце іх па пладах» (Мц 7, 20).
Вельмі важным практычным крытэрыем ацэнкі прыватнага аб’яўлення з боку кожнага верніка з’яўляецца праверка, ці афіцыйна яно прызнанае Касцёлам як адпаведнае Божаму Аб’яўленню і вартае даверу. Ведаючы, на якія хітрыкі можа пайсці злы дух, каб адвесці нашую веру і духоўныя намаганні ад сустрэчы з жывым Богам, вернікам неабходна моцна трымацца афіцыйнай пазіцыі Хрыстовага Касцёла, якім кіруе Святы Дух і якому Хрыстус абяцаў непераможнасць (гл. Ян 14, 26; 20, 21–22; Мц 16, 17–18), бо моц нашай веры і збаўленне не ў навінках, візіях ці цудах, але ў штодзённым, верным і нястомным следаванні за Хрыстом разам з Ягоным умілаваным Касцёлам.
Кс. Андрэй Рылка, ave-maria.by
для друку