Як знайсці сваё месца ў Касцёле? Паразважаем разам

Для нас, сучаснай моладзі, свет прапануе вельмі шмат розных варыянтаў прымянення сваіх сілаў: розныя хоббі, заняткі, семінары і трэнінгі па самаўдасканаленні, спартыўныя заняткі, інтэлектуальныя гульні і г.д. Каб быць паспяховым і адчуваць сябе неад’емнай часткай грамадства, мусіш ісці ў нагу з часам, а гэта значыць, шмат паспяваць і знайсці сваё месца ў жыцці, найлепшае прымяненне сваіх талентаў. А што ў Касцёле? Ці важна сучаснай моладзі адчуваць сябе неад’емнай часткай Касцёла? І як знайсці сваё месца ў Касцёле? Пра гэта я спытала ў сваіх сяброў і дзялюся іх думкамі таксама з вамі, шаноўныя чытачы «Каталіцкага Весніка».

Анастасія, студэнтка

Для мяне выраз “знайсці сваё месца” азначае знайсці служэнне, якім ты можаш праслаўляць Айца. Ці знайшла я сваё? На дадзены момант – “так”, але ў жыцці пастаянна адбываюцца змены, і, магчыма, праз некалькі гадоў маё служэнне будзе іншым. Цяпер Госпад мне дае магчымасць праслаўляць Яго голасам (менавіта да гэтай часткі Яго Цела я сябе адношу на дадзены момант). Госпад мне дае магчымасць мець зносіны з вялікай колькасцю людзей, якія, наведваючы касцёл і Святую Імшу, дрэнна знаёмыя з Езусам і Нябесным Айцом. Валодаючы тымі ведамі, якія мне ўдалося атрымаць праз сяброў і святароў, маючы вопыт дзеяння Бога ў маім жыцці, я імкнуся дзяліцца гэтым з блізкімі.

Як знайсці сваё месца? Падумай, можа ў цябе добрыя музычныя дадзеныя (спяваеш і / або іграеш на музычным інструменце), гэтым ты можаш служыць у хоры, напрыклад, бо ў касцёле ёсць і моладзевая Імша, калі песні для службы выбіраюць і выконваюць студэнты. Калі ў гэтым ты сябе не знайшоў, не перажывай. Госпад дасць табе велізарную колькасць магчымасцяў для служэння, калі тваё сэрца будзе гэтым гарэць. Бо Езус Сам сказаў: “Кожны, хто просіць, – атрымлівае, хто шукае, – знаходзіць, і хто стукае, таму будзе адчынена” (Евангелле ад Лукі 11, 10).

І памятай яшчэ адно: Касцёл – гэта не месца, гэта ўсе мы. Усе мы з’яўляемся целам Хрыста, а значыць, служачы разам, маем магчымасць бачыць больш Яго бязмежную любоў, якую Айцец пралівае на кожнага, і дзяліцца гэтым, такім чынам умацоўваючы адносіны даверу з Нябесным Айцом і пазбаўляючыся усялякага страху, які можа стаць паміж вамі.

Ірына, студэнтка

Ці знайшла сваё месца ў касцёле? На сённяшні дзень дакладна – так, я знайшла сваё месца ў касцёле! Цешуся і дзякую Госпаду, што на першым курсе прывёў мяне ў супольнасць касцёла св. Барбары. Тут я ўбачыла, што, напрыклад, святая Імша – нешта большае, чым толькі сустрэча з Езусам, гэта таксама сустрэча людзей, якія ведаюць адно аднаго. Ці адчуваю сябе часткай Цела Хрыста? Часам так, часам не. Але гэта толькі, калі разглядаць узровень пачуццяў. Калі зазірнуць крышку глыбей, магу без сумненняў сказаць, што я з’яўляюся часткай Цела Хрыста! Не толькі з’яўляюся, але і моцна хачу Ёю быць! Для таго, каб знайсці сваё месца, патрэбныя адвага і жаданне. Госпад кожнага чалавека надзяліў дарамі і талентамі. Няма двух людзей, якія былі б падобныя адно да аднаго, а гэта азначае, што кожны – гэта ўнікальнае стварэнне Айца!

Спачатку можа падавацца, што часткай Цела могуць з’яўляцца толькі тыя, хто добра спявае ці грае, а астатнія крыху збоку. Але не! Можа, ты маеш прыгожую ўсмешку ці ўмееш слухаць іншага, гэта таксама тое, што патрэбна кожнай супольнасці. Адвага патрэбная, каб паглядзець на сябе, падумаць, якой часткай я магу быць?! А яшчэ не шукаць ідэальнага касцёла, ідэальнай супольнасці, ідэальных людей ці ідэальнага святара. Памятаць, што мы ўсе людзі і маем схільнасці памыляцца! Самае галоўнае, што нашыя адносіны аб’ядноўвае Святы Дух, а разам мы можам хутчэй, чым сам-насам, развівацца, быць патрымкай адно для аднаго, служыць іншым, спазнаваць веру і адчуваць сябе шчаслівымі і патрэбнымі!

Аляксей, псіхолаг

Ці знайшоў сваё месца ў Касцёле? Так. Мабыць, знайшоў!

Як ты гэта зрабіў, спытаеш ты. Што ж… ТОП-3 лайфхакі ад Аляксея, як знайсці сваё месца:

  1. Працягвай шукаць.

Галоўны арыенцір для мяне – пастаянныя пошукі Бога, імкненне пазнаваць Яго і Яго волю. Мае пошукі прывялі мяне да таго, што я слухаю і размаўляю з людзьмі. Разам молімся, чытаем Біблію, разважаем. Часам дапамагаю арганізоўваць сустрэчы, розныя мерапрыемствы. Не ведаю, дзе буду заўтра. Магчыма, формы майго служэння зменяцца. Але пошукі – не.

  1. Не трэба подзвігаў.

Асабліва гэта датычыцца хлопцаў. Часта нам хочацца “гуляць па-буйному”. Рабіць штосьці сапраўды значнае, прыкметнае… І пакуль мы занятыя падрыхтоўкай нашага подзвігу, траціцца багата часу. Праблема тут яшчэ ў тым, што часам нашае служэнне становіцца больш патрэбнае нам, чым бліжнім.

Зараз я перакананы, што чалавеку часта не трэба шмат. Часам дастаткова павітацца і шчыра ўсміхнуцца, каб зрабіць яго крыху больш шчаслівым.

  1. Звярні ўвагу на тое, што табе падабаецца рабіць.

Веру, што Госпад надзяліў кожнага талентамі, якімі мы і можам праслаўляць Яго. І падказкай у пошуку гэтых талентаў з’яўляецца наш інтарэс. Мне заўсёды падабалася сцэна. Атрымліваю шмат задавальнення, калі мне ўдаецца данесці людзям нешта важнае простай чалавечай мовай так, каб было цікава. З дапамогай гэтага майго захаплення ў мяне ёсць магчымасць распавядаць людзям пра Бога.

Спяваеш, танчыш або вышываеш крыжыкам – гэта не важна. Кожным талентам можна служыць.

Святлана, студэнтка

Так, я адчуваю сябе часткай цела Хрыста, але так было не заўсёды. У дзяцінстве я вельмі перажывала, што не ўмею прыгожа спяваць і не магу гэтым служыць на Імшы і падчас розных малітваў. Я лічыла сябе не патрэбнай. Езус аздаравіў мае думкі і дапамог на гэтую сітуацыю паглядзець па-новаму. Так, я не спяваю, але ведаю, што Госпад стварыў мяне цудоўна. Ён даў мне магчымасць лёгка пачынаць адносіны і знаёміцца з новымі людзьмі. Гэта адбываецца само сабой, вельмі часта я гэтага не заўважаю, а праз пэўны час лаўлю сябе на думцы, што ўжо балбачу з новым чалавекам. Адзін мой знаёмы дапамог мне ўбачыць, што гэта выдатна. У нас у парафіі праходзяць сустрэчы моладзі, куды часта прыходзяць людзі, якія нікога не ведаюць. Я проста размаўляю з імі, дзялюся аповядамі пра жыццё, распавядаю, што робіць Езус у маім жыцці кожны дзень, проста праводжу з імі час. І гэта ў нейкай меры таксама служэнне.

А яшчэ я з’яўляюся аніматарам і дапамагаю праводзіць розныя сустрэчы. Я ў захапленні, ад таго, што раблю. Як знайсці сваё месца ў касцёле? Я думаю, галоўнае зразумець, што ты важны, важны і пакліканы быць часткай цела Хрыста. Калі ты спяваеш, іграеш на якім-небудзь інструменце – у кожным касцёле ёсць невялікі хор, развівайся і служы Госпаду. Калі ты не спяваеш, не страшна. Павер, Госпад надзяліў цябе іншымі талентамі. Твая прысутнасць, тваё сведчанне, твая падтрымка, твая ўсмешка вельмі-вельмі каштоўныя. І ніхто ніколі не ведае, праз што іншы чалавек спазнае любоў Айца Нябеснага. Магчыма, твая ўсмешка дазволіць сэрцу іншага чалавека біцца мацней, і тады ён паверыць, што не адзін, бо яго любіць Бог!

Гутарыла Вікторыя Колзун

для друку для друку