Як навучыць дзяцей веры ў сучасным грамадстве?

Выхоўваць дзяцей цяжка. Усе гэта ведаюць. Перадаваць веру ўдвая цяжэй. Зрабіць гэта ў 2026 годзе — амаль гераічна. Сёння бацькі сутыкаюцца з большай колькасцю перашкод, чым любое папярэдняе пакаленне.

Вядома, кожная эпоха мела свае выпрабаванні. Не хочацца быць ныцікам-міленіялам, але факты няўмольныя.

Сучасныя бацькі вядуць сапраўдную бітву. З аднаго боку, існуе ўсё больш свецкая культура, якая страціла сваю хрысціянскую ідэнтычнасць; з іншага боку, існуе гістарычна нізкі ўзровень наведвальнасці храмаў. Дадайце да гэтага імгненны доступ да любой інфармацыі ў інтэрнэце і неабходнасць пераняць ініцыятыву ад пакалення, дзе перадача веры некалькі запаволілася.

Вось чатыры парады, якія дапамогуць вам перадаць каталіцкую веру вашым дзецям у гэтых цяжкіх умовах.

  1. Навучайце на ўласным прыкладзе.

Папа Павел VI аднойчы сказаў: «Сучасны чалавек ахвотней слухае сведкаў, чым настаўнікаў; і калі ён слухае настаўнікаў, то толькі таму, што яны сведкі». Гэтыя словы сталі амаль клішэ, але за імі крыецца глыбокая праўда: немагчыма перадаць тое, чаго ў цябе самога няма.

Дзеці пачуюць вас толькі тады, калі ўбачаць шчырасць і сапраўдную радасць.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адзначае, што сведчанне ў адукацыі патрабуе «навучання самаадмаўленню, здароваму разважанню, самакантролю» (ККК 2223). Гэта азначае, што бацькі павінны быць сапраўднымі вучнямі Хрыста, тымі, хто свядома вучыцца ў Настаўніка і прымае Яго лад жыцця. Сутнасць такога вучнёўства — у перайманні. Касцёл нагадвае нам: каб выхаваць дзяцей, мы самі павінны стаць паслядоўнікамі Езуса, якія ўвасабляюць Яго любоў.

  1. Акружыце сябе іншымі сведкамі.

Вядома, бацькі могуць выхоўваць дзяцей у веры самастойна, але шанцы на поспех значна ўзрастаюць, калі вы жывяце ў супольнасці аднадумцаў.

У рэшце рэшт, дзеці маюць свабодную волю і самі выберуць свой шлях. Аднак ім значна лягчэй прыняць веру, калі яны растуць у асяроддзі, дзе словы не супярэчаць справам. Калі дзіця бачыць іншыя сем’і, якія жывуць паводле Евангелля, вера перастае быць «дзівацтвам мамы і таты». Яна становіцца рэальнай, прывабнай і — самае галоўнае — нармальнай.

Калі ў вас няма сяброў, якія імкнуцца жыць паводле веры, звярніцеся ў сваю парафію. Далучайцеся да груп па вывучэнні Бібліі або малітоўных рухаў. Рабіце ўсё магчымае, каб знайсці кола сем’яў, якія падзяляюць адну і тую ж мэту.

  1. Абапірайцеся на галоўных сведкаў — святых.

Як нагадвае нам святы Павел у Пасланні да Габрэяў, нас акружае «вялікая хмара сведкаў». Гэта героі з розных сфер жыцця, якія сваім жыццём даказалі, што быць вучнем Езуса — гэта найлепшы шлях.

Святыя натхняюць і абуджаюць у дзецях жаданне імкнуцца да святасці. Яны паказваюць, што вера — гэта не проста «сямейная традыцыя», а адзіны спосаб жыць паўнавартасным жыццём. Чытайце сваім дзецям гісторыі святых. Расказвайце ім пра рэальных людзей, чыё жыццё было радыкальна зменена Хрыстом.

  1. Вазьміце на сябе адказнасць за рэлігійную адукацыю вашых дзяцей.

Згодна з Катэхізісам, бацькі нясуць галоўную адказнасць за выхаванне сваіх дзяцей. Галоўныя настаўнікі — гэта вы, а не катэхеты ці настаўнікі ў школе.

Ці ведаеце вы, што вашы дзеці вывучаюць на школьных уроках і нават на катэхізацыі ў парафіі? Ці абмяркоўваеце вы гэтыя тэмы дома? Удзел у гэтым працэсе надзвычай важны.

Паводле CREDO
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку