Чытаў, што падчас аб’яўленняў у Фаціме і Кіта (Эквадор) Маці Божая адкрыла, што некаторыя душы праводзяць доўгі час у чыстцы; некаторыя біскупы і манахі — ад 80 да 100 гадоў! Няўжо яны не чулі пра поўны адпуст? Думка пра тое, як доўга я магу быць у чыстцы, мяне прыгнятае.
На пытанне адказвае кс. Чарльз Поўп з архідыяцэзіі Вашынгтона, біблеіст, душпастыр і арганізатар шматлікіх рэкалекцый для святароў і свецкіх.
Адносна чыстца Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сцвярджае: «Тыя, хто паміраюць у Божай ласцы і сяброўстве, але яшчэ недасканала ачышчаны, хоць і маюць упэўненасць у сваім вечным збаўленні, пасля смерці праходзяць праз ачышчэнне, каб набыць святасць, неабходную для ўваходу ў нябесную радасць. Гэта канчатковае ачышчэнне выбраных, якое цалкам адрозніваецца ад пакарання асуджаных, Касцёл называе чысцец» (ККК 1030-1031).
Аднак вакол чыстца ёсць важныя таямніцы, да якіх трэба ставіцца з асцярожнасцю. Хоць гэта праўда, што многія святыя мелі прыватныя аб’яўленні або ідэі пра чысцец, іх бачанні не знаходзяцца на ўзроўні догмы. Тое, што чысцец існуе і з’яўляецца месцам ачышчэння, з’яўляецца дагматам Касцёла. Але час і дакладны спосаб ачысткі да канца не вядомыя. Ці існуе там час? Калі так, ці звязана гэта з часам тут, на зямлі? 80 ці 100 гадоў там тое самае, што тут? Тут няма ніякай упэўненасці. Акрамя таго, чысцец — гэта вогненнае месца вялікіх пакут, ці чысцец больш лагодны?
Абодва вобразы ўкараніліся ў Святым Пісанні. Святы Павел кажа пра ачышчэнне пасля смерці: «Пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна. Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду. А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь» (1 Кар 3, 13-15). Гэта вобраз полымя. Але ў кнізе Апакаліпсіса святога апостала Яна сказана адносна памерлых, што «[Бог] вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула» (Ап 21, 4). Такім чынам, чысцец уключае ў сябе як пакуты, так і аздараўленне.
Абавязкам Касцёла на зямлі заўсёды была малітва за душы ў чыстцы, і гэта звязана з верай у тое, што існуе пэўная ступень пакуты. Ачышчэнне і вызваленне ад зямнога смутку, безумоўна, прадугледжвае пакуты. Таму мы пакліканы маліцца аб іх хутчэйшым ачышчэнні і допуску да паўнаты нябеснай хвалы.
Што тычыцца поўнага адпусту, то гэта адносіцца да поўнага ачышчэння ад усіх наступстваў граху і смутку, і мы можам ужыць іх да душаў у чыстцы. Але нялёгка атрымаць поўны адпуст, бо чалавек павінен быць свабодным ад усякай прывязанасці да граху. Сапраўды, такая святая душа рэдка знойдзецца на зямлі. Такім чынам, заўвагі Маці Божай і іншых святых адносна працяглага ачышчэння некаторых душ можна разглядаць як верагодныя. Нашы малітвы за іх могуць скараціць іх час там, нават калі мы не можам лёгка атрымаць поўны адпуст ад іх імя. На жаль, многія сёння легкадумна ставяцца да свайго абавязку маліцца за памерлых вернікаў. Занадта рэдка можна пачуць словы: «Няхай усе памерлыя вернікі, дзякуючы міласэрнасці Божай, спачываюць у супакоі».
Паводле Сredo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч