Як беларускія ксяндзы ў Кітаі Рускай місіяй кіравалі

Католическая церковь Св. Станислава в Харбине, 1906-1907. Фото: myharbin.name

Апостальскі экзархат у кітайскім Харбіне – даволі нестандартная старонка ў гісторыі беларускага каталіцкага руху ХХ стагоддзя. І хоць сам экзархат і не быў накіраваны на беларусаў, без беларускіх святароў ён мог і не адбыцца.

Горад Харбін быў заснаваны расійскімі ўладамі на тэрыторыі кітайскай Манчжурыі ў 1898 годзе як вузлавая станцыя Кітайскай усходняй чыгункі (КВЖД). І неўзабаве, кажучы словамі праваслаўнага архіепіскапа Нафанаіла (Львова), стаў «тыповым рускім правінцыйным горадам». Асноўную частку яго насельніцтва складалі супрацоўнікі КВЖД, прадстаўнікі расійскай паліцыі і адміністрацыі. Але пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расіі ў горадзе пасяліліся таксама ўцекачы ад савецкай улады, у тым ліку белагвардзейскія жаўнеры і афіцэры, чыноўнікі, інтэлігенцыя ды іншыя. Агулам у Харбіне асела ад 100 да 200 тысяч белаэмігрантаў.

Аднымі з іх былі праваслаўныя святары – бацька і сын Іаан і Канстанцін Кароніны, якія ў 1920-я далучыліся да Каталіцкага Касцёла ў якасці святароў усходняга абраду. У 1928 годзе ў грэка-каталіцтва перайшло яшчэ трое праваслаўных клірыкаў з Харбіна – іерэй Захарый Кавалёў, архімандрыт Мікалай (Аляксееў) і дыякан Георгій Гіц. Станаўленню мясцовай грэка-каталіцкай супольнасці актыўна дапамагалі харбінскія рымска-каталіцкія святары Уладзіслаў Астроўскі, пробашч касцёла святога Станіслава, і Антоні Ляшчэвіч, пробашч касцёла святога Язафата. Абодва ксяндзы паходзілі з Беларусі – з Магілёва і Смаргонскага раёна адпаведна. Служыць у Харбін, які належаў да Магілёўскай архідыяцэзіі, іх скіравалі яшчэ ў 1910-я гады.

Домам для новаўтворанай грэка-каталіцкай парафіі святога Уладзіміра стаў касцёл святога Станіслава. Менавіта там з лютага 1925 года служыліся рэгулярныя літургіі.

Неўзабаве справаю харбінскіх грэка-каталікоў зацікавіліся ў Ватыкане. 20 мая 1926 года Папская камісія Pro Russia выдала дэкрэт Fidelium Russorum, якім быў заснаваны Апостальскі экзархат для вернікаў Расійскай грэка-каталіцкай царквы ў Харбіне.

айцец Фабіян Абрантовіч

Кіраваць экзархатам быў прызначаны айцец Фабіян Абрантовіч з кляштара марыянаў у Друі. 6 лістапада 1928 года святар, які да таго браў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным і хрысціянска-дэмакратычным руху, прыбыў у Харбін.

Асноўнымі кірункамі каталіцкай місіі сярод расійскай эміграцыі Абрантовіч лічыў перш за ўсё асветніцкую і выхаваўчую дзейнасць. Пры ім былі рэарганізаваныя і пашыраныя агульнаадукацыйны інтэрнат для дзяўчынак сясцёр-уршулянак, «Расійскі прытулак» пад кіраўніцтвам францішканак-місіянерак і ліцэй святога Мікалая для хлопчыкаў. Акрамя таго, пад кіраўніцтвам езуітаў дзейнічала Руская каталіцкая місія ў Шанхаі і адукацыйныя і выхаваўчыя ўстановы пры ёй. У 1937 годзе ў Харбіне быў адкрыты навіцыят мужчынскай кангрэгацыі марыянаў візантыйскага абраду. А з 1931-га выходзіў «Католический вестник» – адно з найбуйнейшых каталіцкіх выданняў расійскіх католікаў на эміграцыі. Таксама выдавалася вялікая колькасць каталіцкай літаратуры на рускай мове.

Калі ў 1928 годзе харбінская грэка-каталіцкая парафія налічвала 18 чалавек, то ў 1935 годзе ў ёй было ўжо больш за 150 вернікаў. Імі апекаваліся пяць святароў, адзін іерадыякан, чатыры законнікі і 26 законніц. На ўтрыманні парафіі знаходзілася больш за 500 дзяцей.

Католическая церковь Св. Станислава в Харбине на старой открытке

У 1939 годзе Фабіян Абрантовіч адправіўся ў Рым для visita ad limina. А часова кіраваць экзархатам застаўся яшчэ адзін святар-марыянін з Беларусі – Казімір Найловіч з Ліды, які прыбыў у Манчжурыю ў 1935 годзе і быў інспектарам ліцэя святога Мікалая ды рэдактарам «Католического вестника».

Айцец Андрэй Цікота

Новым жа экзархам у 1939 годзе прызначылі Андрэя Цікоту, каторы, як і Антоні Ляшчэвіч, паходзіць з тэрыторыі сённяшняга Смаргонскага раёна. Як і Абрантовіч, ён браў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, далучыўся да кангрэгацыі марыянаў і ў 1933 годзе нават узначаліў яе.

У 1948 годзе Харбінскі экзархат налічваў каля 500 вернікаў. Аднак пасля прыходу да ўлады ў Кітаі камуністаў пачаліся рэпрэсіі і масавы ад’езд з Харбіна рускага насельніцтва.

22 снежня 1948 года экзарх Андрэй Цікота разам з іншымі святарамі быў арыштаваны кітайскімі ўладамі, пасля чаго іх дэпартавалі ў Савецкі Саюз. Традыцыі ж харбінскай місіі былі перанесеныя на рускія грэка-каталіцкія прыходы ў іншыя краіны, куды ад рэпрэсіяў уцякалі рускія харбінцы: у ЗША, Аўстралію, Бразілію, Аргенціну.

Касцёл святога Станіслава, у якім месцілася парафія, спачатку перадалі праўладнай Кітайскай каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі, а ў 1966 годзе ўвогуле зачынілі. Спачатку ў касцёле была школа, а затым будынак перадалі пад гаспадарчыя патрэбы. Вернікам яго вярнулі толькі ў 1980 годзе.

Незайздросна склаўся і лёс беларускіх святароў экзархату. Фабіяна Абрантовіча затрымалі 25 кастрычніка 1939 года пры спробе перайсці савецка-нямецкую мяжу. Пасля катаванняў і допытаў яго ў 1940 годзе перавезлі ў Бутырскую турму ў Маскве, дзе прызналі вінаватым у змаганні з рэвалюцыйным рухам і ў нелегальным пераходзе мяжы ды асудзілі да 10 гадоў лагераў. Памёр святар у 1946 годзе ў вязніцы.

Яго пераемнік Андрэй Цікота ў 1949 годзе быў абвінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі ў ліцэі святога Мікалая ў Харбіне, у антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Яму і ўсім харбінскім місіянерам прысудзілі па 25 гадоў зняволення ў лагеры. Памёр экзарх у 1952 годзе ў лагеры ў Сібіры.

Айцец Антоні Ляшчэвіч, які ў 1938 годзе таксама далучыўся да марыянаў, вярнуўся ў Беларусь. У 1943 годзе ён загінуў разам са сваімі вернікамі падчас карнай аперацыі нацыстаў у Росіцы.

У 1999 годзе Антоні Ляшчэвіч быў беатыфікаваны ў ліку 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны. Па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла ў Расіі 31 мая 2003 года ў Рыме афіцыйна распачалі працэс беатыфікацыі Слугаў Божых Андрэя Цікоты і Фабіяна Абрантовіча. У 2021 годзе іх справы былі перададзеныя ў Польшчу для далейшай беатыфікацыі.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі