Як амаль 700 чалавек супольна чытаюць Біблію ў вайберы

а. Раман Шульц OP, пробашч парафіі св. Казіміра і св. Ядзвігі ў Магілёве

“Дзякуючы” каранавірусу ў Касцёле нарадзілася шмат ідэй і ініцыятыў. Некаторыя зніклі разам з заканчэннем пандэміі, а іншыя працягваюць развівацца. У 2021 г. айцец Раман Шульц OP з Магілёва прапанаваў супольнае чытанне кнігі Ёва. Пасля абвесткі на catholic.by ў групку ў вайберы дадалося некалькі сот чалавек. Людзі не разбегліся пасля заканчэння праекта і працягвалі збірацца на чытанне Бібліі ў Вялікі пост і Адвэнт. За два гады вайбер-групка вырасла больш чым у два разы.

Пачалося з чытання кніг у парафіі

“Дамініканская харызма прадугледжвае няспыннае вывучэнне Божага Слова, у тым ліку чытанне добрых кніг. Чытаючы кнігі і адкрываючы іх для сябе, я хацеў, каб і мае парафіяне маглі пазнаёміцца з іх зместам”, – распавядае а. Раман. Таму аднойчы магілёўскі пробашч пачаў прасіць каго-небудзь з парафіі прачытаць пэўную кнігу і распавесці пра яе падчас аб’яваў.

Пазней, выкарыстоўваючы гатоўнасць вернікаў браць пастановы на Вялікі пост і Адвэнт, а. Раман прапанаваў чытаць кнігі разам. “Дамініканцы ў Магілёве маюць сорак вернікаў, таму лёгка было зрабіць дваццаць ксеракопій. Штонядзелю парафіяне забіралі з сабой копію чарговага раздзела. Такім чынам мы прачыталі  “З клопатам пра сумленне” кс. Э. Станэка, “Все дороги ведут в Рим” Скота Хана, энцыкліку Бэнэдыкта XVI “Deus Caritas Est”, – распавядае а. Шульц.

За некалькі гадоў вернікі прачыталі таксама шэраг кніг Старога Запавету: кнігі Данііла, Ярэміі, Эзэхіэля, Прыпавесцяў і Тобія. На Вялікі пост 2021 г. магілёўская парафія збіралася чытаць кнігу Ёва. Разам з гэтым з’явілася ідэя, каб да чытання і малітвы Словам запрасіць людзей па-за супольнасцю. Пасля абвесткі на catholic.by ў адмысловую групку ў вайберы дадаліся сотні ахвочых. Чаму менавіта вайбер? “Таму што ніхто не прапаноўваў іншыя сацыяльныя сеткі, і гэтак ужо ёсць да сёння”, – кажа а. Раман.

Як рыхтуецца такі курс?

Магілёўскі дамініканец прызнаецца, што працэс падрыхтоўкі да чытання займае шмат часу. Пасля выбару кнігі неабходна знайсці добрыя каментары прафесійных бібліістаў і перакласці іх на беларускую. Сёлета ў Вялікім посце групка чытае кнігу Ісаі. Гэта 66 раздзелаў. Пераклад каментарыяў з польскай заняў месяц. У сваю чаргу, а. Раман таксама рыхтуе свае роздумы да кожнай з частак. “Напісанне майго каментарыя часам займае некалькі гадзін, і найчасцей гэта адбываецца ў той жа дзень, калі дадзены раздзел чытаецца супольна. Вельмі прашу Духа Святога аб бласлаўленні, таму што да канца невядома, “што народзіцца”, – кажа святар.

Планы

Пасля кожнага тура чытання Бібліі а. Шульц атрымлівае дзясяткі пазітыўных водгукаў і просьбаў працягваць справу. Аднак пра будучыню справы пакуль не бярэцца штосьці казаць. Святар мяркуе, што, магчыма, у будучыні паспрабуе выкарыстаць каментарыі з Познанскай Бібліі, якую яму параіў кс. Тадэвуш Крыштопік з Гродзенскай дыяцэзіі. У любым выпадку дамініканец упэўнены: “важна сёння, каб хапіла часу і сілаў давесці актуальную справу да канца. Яна патрабуе шмат намаганняў, а ёсць шмат яшчэ і іншых заняткаў у парафіі, дзе я працую адзін”.

Ці пераедзе праект у іншую сацыяльную сетку? Час пакажа. Айцец Раман кажа, што пачалося ўсё з вайбера і так трывае да сёння. У гэтым плане ён адкрыты на прапановы.

Напрыканцы святар просіць аб малітве за праект і падсумоўвае: “Калі Пан Езус і Яго Маці хочуць, каб мы працягвалі супольнае чытанне Божага слова, то я спадзяюся на падказкі Святога Духа і супрацу зацікаўленых”.

Арцём Ткачук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі