Інтэрв’ю са святаром-пчаляром

Добры Бог дазволіў мне, як і многім іншым людзям, далучыцца да святкавання парафіяльнага фэсту ў Ідолце ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Падчас святкавання ў касцёле была асвечана новая фігура Маці Божай Шкаплернай. Тэмай жа нашага інтэрв’ю з пробашчам парафіі кс. Вячаславам Адамовічам стала не само святкаванне ўрачыстасці, але высакароднае хобі святара. Справа ў тым, што кс. Вячаслаў ужо пару гадоў займаецца пчалярствам. Паколькі дадзеная тэма блізкая і цікавая мне, то мы вырашылі пагутарыць з пробашчам пра пчолак, мёд і пчалярскую працу.

– Кс. Вячаслаў, ці даўно Вы вырашылі займацца пчалярствам?

– Пчолы ў мяне трэці сезон ужо. Але гэтая ідэя не прыйшла ніадкуль. Справа ў тым, што мой дзядуля гэтым займаўся і, маючы яго прыклад перад вачыма, вырашыў паспрабаваць і я. У дзяцінстве, памятаю, я гуляў ужо ў пчаляра: лавіў пчол, садзіў іх на прылётную дошку і ўяўляў сабе, што гэта такі пчаліны аэрадром. А потым назіраў, як яны лётаюць. Ну а калі сур’ёзна зацікавіўся, то спачатку заглыбіўся ў літаратуру, пачаў шмат шукаць інфармацыі ў інтэрнэце, захапіўся і вось цяпер у мяне дзесяць вуллікаў.

– Вы куплялі нейкую асаблівую пароду ці проста злавілі мясцовых пчол?

– Я вырашыў адразу заняцца гадаваннем пароды Бакфаст. Разумееце, у мяне даволі спецыфічная сітуацыя. Вуллі стаяць проста ля плябаніі, зусім недалёка –касцёл. А гэта – публічнае месца, тут ходзяць парафіяне, дзеці і моладзь. Я мусіў выключыць магчымасць таго, што хтосьці можа пацярпець ад пчол. Таму і завёў адразу такую “каталіцкую” пароду. Гэтых пчол цягам доўгай селекцыі вывеў бэнэдыктынскі манах брат Адам.* Называецца яна Бакфаст – па імені абацтва ў Англіі, дзе размяшчаўся кляштар. Пчолы Бакфаст вызначаюцца высокай прадуктыўнасцю і вельмі спакойным характарам. Гэтая рыса якраз-такі мне добра пасавала.

– Што можаце вызначыць, як самае лёгкае і самае складанае ў пчалярстве?

– Самае лёгкае і самае прыемнае для мяне – заварыць кубак кавы, сесці каля вулляў і назіраць, як сноўдаюць туды-сюды пчолкі. Мяне захапляе заўсёды іхняя працавітасць і мэтанакіраванасць. А самае цяжкое і адначасова прыемнае – гэта калі трэба адпампоўваць мёд: кожная рамка, налітая мёдам, важыць пару добрых кілаграм. А яе трэба дастаць, спарадкаваць. Гэта сур’ёзная фізічная праца.

– А што наконт далейшых планаў?

– Нельга тут забывацца, што маё асноўнае пакліканне – гэта праца ўсё ж такі з людзьмі. Я не магу сабе дазволіць пастаянна знаходзіцца на пасецы, бо мае парафіяне таксама чакаюць ад мяне пастырскай увагі і клопату. Таму калі казаць пра пашырэнне, то так, я б хацеў павялічыць пасеку, але ў разумных межах, можа, да вулляў трыццаці. Больш наўрад ці, бо ўсё-такі пчолы вымагаюць догляду. Трэба сачыць за станам сем’яў, своечасова лячыць іх, рыхтаваць да зімоўкі. Гэта ўсё забірае час.

– Ці паўплывала на Ваш выбар хобі тое, што Вы – святар?

– Вялікую тэалогію да пчалярства цяжка дапасаваць. Аднак мы памятаем пасхальны спеў Экзультэт, дзе праслаўляецца Пасхал – сімвал Самога Хрыста. Тут якраз-такі ўспамінаецца працавітая пчала –вытворца воску. І мне таксама дае асалоду сам працэс догляду пчолаў. Падабаецца адчуваць, як яны ходзяць па руках, гудуць блізка, з вулля ідзе водар пчалінай сям’і, які не падобны ні да чаго іншага. Там прысутнічаюць ноткі мёду, праполісу і воску. Назіраючы за пчоламі, я не стамляюся захапляцца Божай мудрасцю і дабрынёй. Стваральнік даў нам такі цудоўны свет, поўны сваіх стварэнняў. А праз гэтыя стварэнні, па думцы св. Тамаша Аквінскага, мы можам дайсці да Стваральніка. Таму пчолы мне ўказваюць на Божую прысутнасць.

– Можа быць, банальнае пытанне, але ці джалілі Вас пчолы?

– Рэгулярна. Але на сённяшні дзень успрымаю гэта проста як лек.

– Ну, і сам мёд, напэўна, ратуе Вас ад прастуды, узмацняе імунітэт?

– Вы здзівіцеся, але мёд я амаль не ем. Ну, можа, калі зімой з кубкам гарбаты. Мне ад пчол патрэбныя яны самі. Мяне захапляе сам працэс пчалярства. Не буду хаваць, але я і размаўляю з імі, калі адкрываю вулей. І мне здаецца, яны мяне чуюць і па-свойму разумеюць. Не сакрэт, што яны добра адчуваюць настрой пчаляра, які да іх прыходзіць. Таму нельга рабіць рэзкіх рухаў, паказваць сваю знерваванасць, бо гэта ўсё можа перадацца і пчолам. А тады якая ўжо там работа, калі вулей устрывожаны?

– Жадаю Вам плённага пчалярскага сезону, добрай зімоўкі і радасці ад свайго высакароднага святарскага захаплення!

– Дзякуй за размову.

Гутарыў кс. Віктар Місевіч

*Брат Адам, свецкае імя – Карл Керле, нарадзіўся 3 жніўня 1898 г. у Мітэльбібераху (Германія). Бэнэдыктынец, пчаляр, у тым ліку загадчык аддзела пчалярства ў абацтве Бакфаст, аўтарытэтны эксперт па гадоўлі пчаліных матак і стваральнік Бакфаста – пароды медоносных пчол.

Ва ўзросце 11 гадоў па стане здароўя яго пабожная маці адправіла з Германіі ў брытанскі манастыр абацтва Бакфаст, дзе ён пачаў займацца пчалярствам у 1915 годзе. На два гады раней паразіт на востраве Уайт (Acarapis woodi) распаўсюдзіўся ў Вялікабрытаніі і прычыніў велізарную шкоду пчалярству, забіўшы ўсіх брытанскіх пчол (чорных пчол) ва ўсім Каралеўстве. У 1916 г. хвароба дабралася да манастыра і забіла 30 з 46 пчаліных сем’яў. Страт не панеслі толькі цэнтральнаеўрапейская пчала (Apis mellifera carnica) і італьянская пчала (Apis mellifera ligustica).

Першапачаткова Брат Адам ездзіў у Турцыю ў пошуках замены брытанскім пчолам. У 1917 годзе ён стварыў першую пчаліную лінію Бакфаст, якая аказалася высокапрадуктыўнай і ўстойлівай да паразітаў. 1 верасня 1919 г. брат Адам стаў кіраўніком аддзела пчалярства ў абацтве Бакфаст, неўзабаве пасля адстаўкі брата Калумба. У 1925 г., вывучыўшы арганізацыю пасек, ён заснаваў у Дартмуры (Вялікабрытанія) сваю, вядомую ва ўсім свеце ізаляваную пчалярскую сядзібу, каб атрымаць выбраныя скрыжаванні пчол. Сядзіба працуе і сёння.

З 1950 года на працягу больш як дзесяці гадоў брат Адам працягваў паступова ўдасканальваць пчалу Бакфаст, аналізуючы і параўноўваючы пчол з усёй Еўропы, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

У 1964 г. ён быў абраны чальцом савета Асацыяцыі даследаванняў пчол, якая пазней стала Міжнароднай асацыяцыяй даследаванняў пчол. У 1970-х гадах працягваў вывучэнне пчалы Бакфаст. Атрымаў некалькі ўзнагарод і адзнакаў, у тым ліку Брытанскі афіцэрскі крыж у 1973 годзе і Нямецкі крыж у 1974 годзе.

2 кастрычніка 1987 г. брат Адам атрымаў званне Ганаровага доктара Дэпартамента сельскай гаспадаркі Шведскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта. Праводзіў пошукі пчол у гарах Кіліманджара ў Танзаніі і ў Кеніі. Праз два гады Універсітэт Эксэтэра ў Вялікабрытаніі надзяліў яго тытулам ганаровага доктара.

2 лютага 1992 г., ва ўзросце 93 гадоў, ён звольніўся з пасады ў аддзеле пчалярства манастыра і атрымаў дазвол праводзіць час са сваёй пляменніцай у Мітэльбібераху (Германія). З 1993 г. быў манахам на пенсіі і, такім чынам, стаў найстарэйшым манахам у брытанскай кангрэгацыі бэнэдыктынцаў. У 1995 годзе ва ўзросце 97 гадоў пераехаў у дом для састарэлых побач з абацтвам Бакфаст, дзе памёр 1 верасня 1996 года.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі