Фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай адбыўся ў Ідолце

16 ліпеня ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль у Ідолце адбыўся парафіяльны адпуст. На ўрачыстасць сабраліся вернікі і святары з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі. Нягледзячы на спякотнае надвор’е ў святыні было шматлюдна.

На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі кс. Вячаслаў Адамовіч прывітаў усіх прысутных і прадставіў святароў, якія прыбылі на ўрачыстасць. Узначаліў канцэлебраваную святую Імшу канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-канонік Віктар Місевіч.

Гамілію да прысутных прамовіў вікарый парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку ксёндз Іван Кароткін, які засяродзіў увагу вернікаў на асобе Марыі.

«Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці» — кажа Езус. …Марыя для кожнага з нас з’яўляецца прыкладам і ўзорам выканання Божай волі. Марыя сказала Богу: «Так. Няхай мне станецца паводле Твайго слова». І праз усё жыццё яна выконвала волю Божую. Яна з’яўляецца для нас узорам пакоры, паслухмянасці, сціпласці. Веруючы чалавек не можа абмінуць ролю Божай Маці ў сваёй веры. Марыя прыняла і працягвае прымаць удзел у гісторыі збаўлення кожнага з нас. Марыя ёсць усюды побач з намі. Можна сказаць: «Там дзе ёсць Сын, ёсць і Маці».

У аб’яўленні на гары Кармэль Марыя паабяцала кожнаму, хто будзе насіць шкаплер, сваю мацярынскую апеку. Паабяцала, што захавае таго чалавека ад агню пякельнага. Марыя для кожнага з нас стала Маці, якая чувае, якая гатовая нас падтрымаць, якая гатовая нас выратаваць…»

Напрыканцы Літургіі ксёндз-канонік Віктар Місевіч асвяціў ўстаноўленую ў святыні фігуру Маці Божай Шкаплернай. Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і працэсія вакол касцёла.

Жанна Закрэўская, тэкст і фота
kascelmery.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі