Інтэнцыя Папы: маліцца за тых, хто бароніць правы чалавека

Маліцца за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы чалавека, — заклікаў Святы Айцец у сваёй малітоўнай інтэнцыі на красавік.

“Каб бараніць асноўныя правы чалавека неабходна адвага і рашучасць. Я маю на ўвазе актыўную барацьбу з беднасцю, няроўнасцю, адсутнасцю працы, зямлі і жылля, сацыяльных і працоўных правоў”, — падкрэсліў Пантыфік у відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай сеткай малітвы. Ён быў абнародаваны 6 красавіка 2021 г.

Францішак заўважыў, што часта асноўныя правы чалавека не з’яўляюцца аднолькавымі для ўсіх: ёсць людзі першага, другога і трэцяга гатунку, людзі, якіх лічаць адкідамі. Папа падкрэсліў, што правы павінны быць роўнымі для ўсіх.

“У некаторых месцах бараніць годнасць людзей значыць мець магчымасць трапіць ў турму, нават без судовага працэсу, або стаць ахвярай паклёпу”, — дадаў ён.

Святы Айцец сцвердзіў, што кожны чалавек мае права на цэласнае развіццё, і гэтага фундаментальнага права людзі не могуць пазбаўляцца ў ніводнай краіне.

“Будзем маліцца за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы там, дзе пануюць дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, а таксама ў дэмакратычных краінах, якія перажываюць крызіс, каб бачылі, што іх ахвяра і праца прыносіць шмат плёнаў”, — агучыў малітоўную інтэнцыю Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

 

для друку для друку