Імя Найсвяцейшай Панны Марыі спевам і малітвай ушанавалі ў Параф’янаве

13 верасня парафія ў Параф’янаве (Докшыцкі дэканат) адзначыла фэст у гонар Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Святкаванне было перанесена на суботні дзень, каб як мага больш парафіянаў змаглі прыняць удзел у адпустовай урачыстасці.

Святкаванне распачалося з канцэрта хора “Ave Maria” з Глыбокага, які ў гэтым годзе адзначыў свой срэбны юбілей існавання. Адметнасцю стала тое, што на ўсе спевы, якія прагучалі, тэкст напісала мясцовая парафіянка Марыя Ючкавіч, якая таксама ў гэтым годзе адзначыла свой прыгожы юбілей. Музыку ж да гэтых песень напісала Ганна Шакола – кіраўнік хора з Глыбокага. Шмат прыгожых твораў паўстала ў гэтым творчым тандэме, дзякуючы талентам, духоўнасці, прыгажосці душы і вялікай працы на хвалу Божую.

Ганна Шакола і Марыя Ючкавіч

Перад пачаткам супольнай эўхарыстычнай малітвы пробашч параф’янаўскай святыні кс. Уладзімір Шымковіч цёпла прывітаў прысутных сабратоў у святарстве, вернікаў і гасцей.

Галоўным цэлебрантам Літургіі быў кс. канонік Мікалай Ціхановіч з Глыбокага.

У гаміліі святар паразважаў над прысутнасцю Марыі ў жыцці чалавека. “Калі з Марыяй прабываем, Яна напаўняе прысутнасцю Божай, а калі з даверам заклікаем Імя Марыі, ніколі не адыйдзем без духоўных дароў”.

Кс. Мікалай заахвоціў прысутных усвядоміць сабе, кім з’яўляецца Марыя для кожнага, і заклікаў: “Дзеці Марыі, памятайце якую моц маем ад Госпада, калі з верай прызываем Імя Марыі і просім Яе заступніцтва”.

Напрыканцы Імшы ў адрас прысутных святароў прагучалі шчырыя словы падзякі ад парафіянаў.

Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, малітва Літаніяй Ларэтанскай да Найсвяцейшай Панны Марыі і працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку