Наступнік Пятра заўсёды мае надзвычай напружаны графік і таму мае патрэбу ў пастаяннай падтрымцы і дапамозе. Для таго, каб усё працавала зладжана, у Пантыфіка звычайна ёсць «бліжэйшае кола» памочнікаў, гатовых дапамагчы падчас кожнай сустрэчы або мерапрыемства. Вось кароткі агляд блізкага кола каманды падтрымкі Яго Святасці Льва XIV, які падрыхтавала выданне Aleteia.
Гэта чатыры чалавекі, якія знаходзяцца побач з Папам амаль 24 гадзіны ў суткі, забяспечваючы выключную лагістычную падтрымку. Яны належаць да так званай «папскай сям’і» і дапаўняюць адзін аднаго ў сваіх функцыях, хоць і маюць розныя абавязкі і ролі. У Святога Айца ёсць два асабістыя сакратары, манах і дварэцкі, якія на практыцы наўпрост ці ўскосна супрацоўнічаюць у братэрскай згодзе.
Трое з чатырох згаданых супрацоўнікаў — святары з розным вопытам, які ўзбагачае іх штодзённую працу: монсеньёр Эдгард, айцец Марка і айцец Эдвард. Чацвёрты, якога Папа прызначыў сваім дварэцкім 1 сакавіка, — былы швейцарскі гвардзеец. У іх мы бачым спалучэнне трох бачанняў і трох кантынентаў, але адной місіі: служэнне Богу праз пакорлівае, уважлівае і стараннае служэнне Намесніку Хрыста.
1. Монсеньёр Эдгард Іван Рымайкуна.
Ён стаў першым асабістым сакратаром, прызначаным Папам Львом XIV. Раней ён быў яго сакратаром у дыяцэзіі Чыклаё (Перу). Ён суправаджаў тагачаснага біскупа Роберта Прэвоста ў Рым у 2023 годзе, дзе той займаў пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў, перш чым Папа Францішак прызначыў Прэвоста кардыналам.
Гэты святар мае тытул монсеньёра; а ў лістападзе 2025 года Папа прызначыў яго капеланам Яго Святасці. Гэта ганаровы тытул, які афіцыйна ўводзіць яго ў «папскую сям’ю». Гэты жэст з’яўляецца прызнаннем яго асаблівай працы ў якасці сакратара Пантыфіка. Ён самы малады з групы, але менавіта з ім Папа мае найбольшы вопыт працы. Монсеньёру Рымайкуні 36 гадоў, і ён мае навуковую ступень па біблейскіх даследаваннях Папскага біблейскага інстытута ў Рыме.
2. Айцец Марка Білеры.
Гэты дыяцэзіяльны святар з’яўляецца другім асабістым сакратаром Пантыфіка. Ён быў прызначаны на гэтую пасаду ў верасні 2025 года. З ім да групы далучаецца другі кантынент: Еўропа, бо ён нарадзіўся і атрымаў адукацыю ў Італіі. Яму 42 гады, і святарскае пасвячэнне атрымаў 10 гадоў таму. У айца Білеры выключнае рэзюмэ: ён вывучаў камп’ютарную інжынерыю, хоць гэты факт рэдка афішуецца.
Як і Святы Айцец, ён мае доктарскую ступень па кананічным праве. Яны цесна супрацоўнічалі ў юрыдычных і касцельных колах Італіі. Айцец Марка Білеры служыў суддзёй Касцельнага суда Тасканы і вікарыем у парафіі Святых Стэфана і Марціна ў Сан-Мініята-Баса. Яго вельмі любяць святары, з якімі ён працаваў; айцец Білеры вядомы сваёй сціпласцю і эфектыўнасцю.
3. Айцец Эдвард Даніанг Даленг.
Трэці чалавек у групе — мужчына з вельмі асаблівым профілем. Акрамя таго, што ён святар, ён яшчэ і манах-аўгустынец, як і Папа, яны абодва належаць да ордэна Святога Аўгусціна (OSA). Ён паходзіць з кантынента з самым багатым каталіцкім насельніцтвам — Афрыкі. Яго завуць айцец Эдвард Даніанг Даленг і нарадзіўся ён у Нігерыі. Айцец Эдвард свабодна валодае англійскай, італьянскай і французскай мовамі, а таксама мовай ігба. Ён працаваў з айцом Робертам Прэвостам да яго абрання Папам, калі той займаў пасаду генеральнага настаяцеля аўгусцінцаў.
Акрамя семінарскай адукацыі, ён мае доктарскую ступень па сістэматычнай тэалогіі Аўстралійскага каталіцкага ўніверсітэта, а таксама доктарскую ступень па кананічным праве Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Нягледзячы на тое, што айцец Эдвард не з’яўляецца папскім сакратаром — ён займае канкрэтную пасаду віцэ-рэгента Прэфектуры Папскага двара — на практыцы ён выконвае падобныя штодзённыя функцыі. Фактычна, ён і сакратары пастаянна падтрымліваюць і дапаўняюць адзін аднаго.
4. Антон Каплер.
1 сакавіка 2026 года ў Папы Льва XIV з’явіўся новы дварэцкі, таксама вядомы як камердынер: 46-гадовы былы лейтэнант Папскай Швейцарскай гвардыі Антон Каплер. Ён нарадзіўся ў 1979 годзе ў швейцарскім кантоне Санкт-Гален, у горадзе Ватвіль. Каплер далучыўся да найменшай у свеце арміі ў лютым 2001 года і служыў там 25 гадоў. Як «салдат Папы», ён адказваў за ўзбраенне і кіраўніцтва Трэцяй секцыяй, у якую ўваходзіць ваенны аркестр. Каплер скончыў службу ў Швейцарскай гвардыі ў канцы студзеня 2026 года.
Камердынер уваходзіць у «папскую сям’ю» і блізкае атачэнне Пантыфіка. Ён часта непрыкметна стаіць побач з ім падчас паездак, трымаючы ружанцы, якія раздае Папа, або прымаючы падарункі, прызначаныя для кіраўніка Каталіцкага Касцёла. У апошнія гады пантыфікату Францішка камердынер вазіў яго ў інвалідным крэсле і насіў яго дакументы.
Служыцелі Бога на поўны працоўны дзень
Трое святароў з блізкага атачэння Пантыфіка адказваюць за арганізацыю аўдыенцый, як агульных, так і прыватных. Акрамя таго, па просьбе Папы, менавіта яго аўгусцінскі сабрат суправаджае яго падчас сустрэч з манархамі, міжнароднымі ўладамі і кіраўнікамі дзяржаў. Яны працуюць у каардынацыі з Дзяржаўным сакратарыятам Святога Пасаду, структурай, якая найбольш непасрэдна супрацоўнічае са Святым Айцом.
Яны дзейнічаюць як дакладны механізм, забяспечваючы лагістычную падтрымку і выкананне строгага ватыканскага пратакола. Усе гэтыя непасрэдныя супрацоўнікі Папы Льва XIV маюць яшчэ адну агульную рысу: незвычайную пакору. Яны часта застаюцца нябачнымі або проста «не існуюць» у грамадскай свядомасці, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца фундаментальнымі элементамі ўсёй «галаваломкі».
credo.pro са спасылкай на Aleteia
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



