У той час, калі Ліван і ўвесь рэгіён Блізкага Усходу ахоплены глыбокім канфліктам, які забраў сотні жыццяў, узводзіцца сімвалічны помнік, каб прынесці суцяшэнне, бяспеку і надзею.
Размешчаны недалёка ад мяжы з Сірыяй, Аль-Каа — пераважна хрысціянскі горад, які ў нядаўняй гісторыі падвяргаўся гвалту з боку экстрэмістаў, у тым ліку баевікоў ІДІЛ. Ліван — адна з арабскіх краін з найбольшым хрысціянскім насельніцтвам, якое складае прыблізна 30% яе насельніцтва.
Белая статуя, распрацаваная ліванскім архітэктарам Джорджам Махлуфам, выраблена са шкловалакна і ўзмоцнена больш чым трыма тонамі сталі, каб вытрымліваць моцны вецер. Сама статуя мае вышыню 16 метраў і стаіць на 10-метровым пастаменце, што робіць яе вышынёй 26 метраў і адной з найбуйнейшых статуй Хрыста на Блізкім Усходзе.
На завяршэнне праекта спатрэбілася больш за год. Ініцыятарам будаўніцтва выступіў Фадзі Авад, ураджэнец Эль-Каа, які кіраваў будаўніцтвам помніка пры падтрымцы мясцовых уладаў і жыхароў. Стваральнікі спадзяюцца, што помнік прыцягне паломнікаў з усяго свету і будзе спрыяць развіццю рэлігійнага турызму.
Як паведамляе Vogue Arabia, неўзабаве каля статуі, якая адлюстроўвае Хрыста з злёгку ўзнятымі рукамі, будзе пабудавана святыня. Размяшчэнне помніка невыпадковае і мае асаблівае сімвалічнае значэнне.
«Статуя стаіць на месцы, якое калісьці лічылася прамой лініяй фронту з тэрарыстычнай арганізацыяй ІДІЛ, з выглядам на даліну Бекаа і частку сірыйскай тэрыторыі. Выбар Гары Крыжа быў наўмысным з-за яе гістарычнага і духоўнага значэння для жыхароў Эль-Каа», — гаворыцца ў артыкуле.
У інтэрв’ю MTV Lebanon Жорж Матар, арганізатар розных фестываляў у Аль-Каа, падкрэсліў аб’яднаўчую ролю новага міжканфесійнага помніка: «Гэта пасланне для ўсіх — для нашых суседзяў, братоў-шыітаў і сунітаў. Наша пасланне — гэта любоў. Мы выступаем за суіснаванне. Хрыстус для ўсіх», — сказаў ён.
Паводле stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!