Хрысціяне і мусульмане будуць размаўляць пра будучыню Лівана

Ліванскія хрысціянскія іерархі падчас сустрэчы з Папам у Ватыкане

Кіраўніцтва Касцёла ў Ліване абвясціла аб арганізацыі саміту для стварэння «дарожнай карты» па выратаванні краіны, якая будзе грунтавацца на рэкамендацыях Папы Францішка.

У сустрэчы прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, якія прысутнічаюць у Ліване, а таксама лідары іншых рэлігій, у тым ліку мусульмане.

Кардынал Бешара Бутрас Раі патлумачыў, што гаворка ідзе пра рэкамендацыі, якія Святы Айцец агучыў падчас нядаўняй сустрэчы з ліванскімі хрысціянскімі рэлігійнымі лідарамі ў Ватыкане. Тады Пантыфік падкрэсліў, што краіна павінна заставацца аазісам міру і ўзорам міжрэлігійнага братэрства. Ён звярнуўся да палітыкаў з просьбай кіравацца не ўласнымі інтарэсамі, а дабром краіны, заклікаў падтрымліваць моладзь, дыялог з іншымі рэлігіямі і больш актыўны ўдзел жанчын у працэсах прыняцця рашэнняў, якія ўплываюць на будучыню краіны.

«На нашым саміце мы хочам адказаць на пытанне: якімі метадамі можна рэалізаваць гэтыя рэкамендацыі», — растлумачыў мараніцкі Патрыярх. Кардынал Раі таксама паведаміў, што прапановы Папы і тэмы саміта ўжо былі папярэдне абмеркаваны з Прэзідэнтам Лівана Мішэлем Аунам.

У цяперашні час блізкаўсходняя краіна перажывае сацыяльны, эканамічны і палітычны крызіс. У краіне больш за 10 месяцаў няма ўрада. Усё пагоршылі пандэмія каранавірусу і выбух у порце Бейрута. Вялікая колькасць грамадзян вырашыла эміграваць. Таксама для касцёльных лідараў важнай праблемай з’яўляецца палітычны дысбаланс. З моманту атрымання незалежнасці ў 1943 г. хрысціяне і мусульмане ў роўнай ступені ўдзельнічалі ў кіраванні Ліванам. Аднак наплыў бежанцаў, спачатку палестынскіх, а зусім нядаўна сірыйскіх, стаў прычынай таго, што мусульмане зараз складаюць дзве траціны 6-мільённага насельніцтва, што значна ўплывае на палітычную раўнавагу.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку