У Тайландзе завяршыўся VII будысцка-хрысціянскі калоквіум, які праходзіў з 13 па 16 лістапада 2023 года. Яго ўдзельнікі падрыхтавалі сумесную дэкларацыю, у якой пералічылі сем напрамкаў сумеснай дзейнасці.
У час, калі чалавечая сям’я і планета сутыкаюцца з глабальнымі праблемамі, нельга паддавацца адчаю, а несці прамень надзеі засмучанаму чалавецтву, — гаворыцца ў заключнай дэкларацыі VII будысцка-хрысціянскага калоквіума, які прайшоў у Бангкоку 13-16 лістапада 2023 года. Мерапрыемства было арганізавана Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу, некалькімі будысцкімі ўніверсітэтамі і Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Тайланда. У ім прынялі ўдзел каля ста пяцідзесяці будыстаў і хрысціян з Азіі і Еўропы.
Каруна і агапе
Тэма форума — Дыялог каруны і агапэ для вылячэння параненага чалавецтва і зямлі, дзе пад будысцкай карунай маецца на ўвазе спачуванне да людзей, а хрысціянская агапэ – гэта бескарыслівая любоў, прыклад якой даў Езус. «Як будысты і хрысціяне, мы бачым у Будзе і Езусе вялікіх лекараў»- гаворыцца ў дакуменце. Прагнасць і грэх былі для Буды і Езуса прычынамі чалавечых пакут. Абодва “ў якасці лекаў прапанавалі любоў і спачуванне, каб вызваліць чалавечае сэрца і свет ад цемры».
Сем сумесных крокаў
У дэкларацыі форума пералічваюцца сем сумесных дзеянняў, якія могуць ажыццявіць хрысціяне і будысты. Першы з іх – прызнанне прыналежнасці да адной чалавечай сям’і, якое прадугледжвае прызнанне роўнай годнасці і павагі да ўсіх людзей. «Хоць нашы рэлігійныя вучэнні і заклікаюць нас будаваць культуру спагады, мы часта заплюшчваем вочы на сённяшнія пакуты», адсюль разыходжанне слоў і спраў, «якія наўмысна ці ненаўмысна спрыяюць сеянню смерці і разбурэння, нянавісці і помсты», — гаворыцца ў дакуменце.
Яшчэ адзін сумесны крок – гэта дыялог, паколькі без яго «не будзе міру», ён «можа прадухіліць насілле, вылечыць ахвяр і катаў, натхніць людзей на пошук негвалтоўных спосабаў вырашэння канфліктаў». Дыялог можа спрыяць таму, каб розныя рэлігійныя групы “абаранялі планету і пратэставалі супраць яе знішчэння».
У якасці сумеснага накірунку дзейнасці хрысціянам і будыстам прапануецца культываваць «спачуванне да пакут іншых людзей і навакольнага асяроддзя», праяўляць спачуванне «ў палітычных і эканамічных рашэннях». Фундаментальным аспектам з’яўляецца таксама супрацоўніцтва, не толькі на рэлігійным, але і на грамадзянскім, палітычным, інтэлектуальным, навуковым і міжнародным узроўнях, паколькі «ніхто не выратуецца ў адзіночку», а толькі разам, таму што ўсе мы ўзаемазвязаны і ўзаемазалежныя.
Дэкларацыя заклікае вернікаў дзвюх канфесій падтрымліваць акадэмічныя і даследчыя ініцыятывы, каб дапамагчы рэлігійным рухам “змяніць іх успрыманне, мысленне і ўяўленне пра іншых людзей і планету». У заключэнне дакумент заклікае да выхавання клопату адзін аб адным і аб навакольным асяроддзі, а таксама да малітвы і медытацыі, якія могуць «ачысціць нашы сэрцы і розумы, спарадзіць любоў, міласэрнасць і прабачэнне там, дзе існуюць нянавісць і помста, стварыць дух павагі і клопату пра іншых і пра Зямлю».
Восьмы будысцка-хрысціянскі калоквіум пройдзе ў Пнампені ў 2025 годзе.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News
