Грэка-католік – гэта свядомы выбар. Лікбез паводле беларускага ўніяцтва

а. Андрэй Крот

На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў ХVIII ст. уніяты складалі 80 % насельніцтва. Да Грэка-каталіцкай Царквы нашых часоў належыў цэлы шэраг выбітных беларускіх дзеячаў: Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Янка Брыль. Быў перыяд, калі ўніяты амаль цалкам зніклі з нашай зямлі, а сёлета для грэка-католікаў Беларусі стварылі Апостальскую Адміністратуру – першасную форму арганізацыі Царквы.

Пра тое, хто такія католікі візантыйскага абраду, чым займаюцца і як развіваецца супольнасць, мы паразмаўлялі з а. Андрэем Кратом, пробашчам парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне.

– У Беларусі, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, налічваецца 5000 грэка- католікаў і 16 парафій. Чым займаюцца вернікі?

– Амаль штодня адбываецца Літургія, служацца вячэрні, г. зн. нешпары паводле лацінскага абраду. У сваёй парафіі я звычайна разлічваю на магчымасці вернікаў. Састарэлай парафіянцы лягчэй прыйсці ў касцёл, што каля дома, чым дабірацца да нас. Таму, калі некаторыя вернікі раз на некалькі тыдняў прыйдуць на Літургію ў будні дзень, – гэта ўжо дасягненне.

Удзельнічаем у ініцыятывах мясцовага Рымска-каталіцкага Касцёла – у пілігрымках, рэкалекцыях. Арганізоўваем і свае. Амаль 30 гадоў хадзіла паломніцтва з Віцебска, ад месца мучаніцтва св. Язафата Кунцэвіча, да Полацка, да аднайменнай  катэдры. Пасля змены заканадаўства аб масавых мерапрыемствах дазволіць сабе пілігрымку мы не ўжо не змаглі. Перад святамі ладзім парафіяльныя рэкалекцыі.

Рэалізоўваем і сацыяльныя праекты. Збіраем гуманітарную дапамогу для тых, хто мае патрэбу, бавім час з дзецьмі з фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі.  У Мінску ёсць дабрачынны “Рух Святога Мікалая”, які ладзіць розныя цікавыя акцыі. Напрыклад, валанцёры робяць бутэрброды, а пасля шукаюць у горадзе бяздомных і частуюць іх.

– Усе грэка-каталіцкія святары, якія служаць у нашай краіне, з’яўляюцца беларусамі. Пры гэтым толькі адзін з іх атрымаў святарскае пасвячэнне тут. Дзе рыхтуюць будучых мясцовых святароў візантыйскага абраду?

– Паколькі мы ў Беларусі не маем уласнай семінарыі, то нашыя святары вучыліся альбо ў рымска-каталіцкіх семінарыях Польшчы, альбо ў грэка-каталіцкіх ва Украіне. Некаторыя хлопцы, адвучыўшыся ў рымска-каталіцкай семінарыі, ехалі на пэўны час у грэка-каталіцкую, каб атрымаць літургічную практыку. Беларускія ўніяты, якія адчуваюць пакліканне да святарства, могуць далучацца таксама да манаскіх ордэнаў: да тых, якія працуюць і ў лацінскім, і ў візантыйскім абрадах, або да грэка-каталіцкіх – такіх, як базыльяне ці студыты. Ёсць і рымска-каталіцкія ордэны, каторыя маюць усходняе адгалінаванне – напрыклад, рэдэмптарысты візантыйскага абраду. Прэзбітарскае пасвячэнне за мяжой уніятам удзяляюць біскупы Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, пасля чаго яны вяртаюцца служыць у Беларусь. Дарэчы, у Гродзенскай дыяцэзіі служыць а. Зміцер Чарнэль – рэдэмптарыст і ўніят. У нядзелі ён праводзіць Літургію ў грэка-каталіцкай парафіі ў Баранавічах, а пасля цэлы тыдзень цэлебруе св. Імшы ў лацінскім абрадзе ў Гродне.

– Айцец Андрэй, а ў чым адметнасць Вашага паклікання?

– Сваё пакліканне я дзялю на дзве часткі – звычайную і містычную. Я прыняў сакрамант хросту ў Праваслаўнай Царкве, калі меў прыкладна пяць гадоў. Сям’я мая веру не практыкавала, а мама ўвогуле не была ахрышчанай. Таму цікавіцца рэлігійным жыццём я пачаў самастойна. Трапіўся мне мультфільм пра Біблію – “Суперкніга”, я стаў знаёміцца з адмысловай літаратурай, з большага праваслаўнай. Аднак пасля зацікавіўся гісторыяй Беларусі і вычытаў, што “сапраўдная беларуская вера – уніяцкая”. Далей даведаўся, што калі грэка-католік не мае побач уніяцкай царквы, то павінен наведваць рымска-каталіцкую святыню. Я пайшоў у касцёл у родных Івацэвічах – там былі толькі бабулькі, а ў парафіі ў Брэсце, дзе я пачаў вучыцца ва ўніверсітэце, мной ніхто не зацікавіўся. Па запрашэнні сябра я далучыўся да грэка-каталіцкага паломніцтва Віцебск – Полацк. Там было шмат моладзі: памятаю, ажно спалі ўпоперак канапы! Мяне ўцягнула жывая супольнасць. У пілігрымцы я перажыў таксама сустрэчу з Хрыстом і маліўся, каб гэтае пачуццё са мной засталося.

Вярнуўшыся ў Брэст, працягваў шукаць там грэка-католікаў. Меў аднаго выкладчыка, якога называлі ўсе на беларускі манер – спадар Мікола. Інтуіцыя падказвала, што пра ўніятаў трэба спытацца ў яго. Праз гэтага чалавека я і пазнаёміўся з Ігарам Бараноўскім, будучым рэдактарам грэка-каталіцкай газеты “Царква”. Калі я сказаў яму, што сам з Івацэвічаў, спадар Ігар адрэагаваў: “Дык там жа ў міжваенны час дзейнічала грэка-каталіцкая парафія, дакладней – у Бабровічах!” І тут у мяне зрабіліся вялікія вочы, бо гэта мая вёска! У пашпарце так і пазначана: месца нараджэння – в. Бабровічы.

Падчас Першай сусветнай вайны жыхароў адтуль дэпартавалі, бо вёска размяшчалася на лініі фронту. Пасля вайны сяляне вярнуліся і пачалі адбудоўваць хаты і рэлігійнае жыццё. Звярнуліся да біскупа Лазінскага, каб прыслаў ім грэка-каталіцкага святара, але доўга ніхто не хацеў у Бабровічы ехаць, бо вёска ў балоце. У выніку прыбыў а. Баляслаў Пачопка – актыўны ўдзельнік беларускага каталіцкага руху, былы рэдактар газеты “Беларус”, выдавец першага беларускага каталіцкага малітоўніка лацінкай “Бог з намі”, жанаты і з дзецьмі. Баброўцы яго палюбілі. Святар пабудаваў новую драўляную царкву: частку грошай узяў з парафіі, частку фундавала Магдалена Радзівіл, а частку ўклаў сваіх, прадаўшы кароў з гаспадаркі. Пасля прыходу савецкай улады, якая “даймала” святара, ён хутка памёр. Адышоў у жыццё вечнае а. Баляслаў у шпіталі ў Целяханах – у тым самым, дзе нарадзіўся я, бо ў саміх Бабровічах радзільні не было. Я думаю, што дзякуючы яго малітвам у небе і нарадзілася маё пакліканне.

– З Вашага аповеду выходзіць, што грэка-католікі – гэта моладзь і інтэлігенцыя. Пра гэта кажуць і шматлікія інфармацыйныя крыніцы. Як так склалася ?

– Першая хваля вернікаў нашай Царквы, якія спрычыніліся да яе адраджэння ў 90-я гады XX стагоддзя, не выхоўвалася ў грэка-каталіцкай традыцыі. Не было такіх вернікаў, які маглі б сказаць: мая бабуля была ўніяткай, яна выхавала мяне грэка-католікам і я падобным чынам выхаваю сваіх дзяцей. Такіх вернікаў былі адзінкі. У асноўным гэта людзі, якія шукалі, знаходзілі і далучаліся да ўніі. Улічваючы, што нашая Царква цалкам беларускамоўная, у свой час да нас прыйшло шмат інтэлігенцыі. Завітаў, напрыклад, прафесар з універсітэта, і пасля прывёў людзей са свайго акадэмічнага асяроддзя. Так і склалася.

Сёння ў Беларусі вышэйшую адукацыю мае амаль кожны, таму няма сэнсу дзяліць людзей на інтэлігентных і не. У сувязі з гэтым складана сказаць, ці на дадзены момант грэка-католікі – гэта інтэлігенцыя. Нашае маладое пакаленне ўжо вырасла, нарадзіла дзяцей, таму і ў гэтым плане вернікі змяніліся.

– Афіцыйныя супольнасці менавіта беларускіх грэка-католікаў ёсць і ў Лондане, і ў Празе, і ў Варшаве, і ў Калінінградзе. Чым абумоўлена такая эфектыўнасць, нягледзячы на малаколькаснасць?

– Як я сказаў вышэй, прыйсці ў Грэка-каталіцкую Царкву – гэта не традыцыя, а свядомы выбар. З аднаго боку, адсутнасць традыцыі – гэта мінус, бо яе не хапае. З другога боку, плюс, бо са свядомасці вынікае і адказнасць за Царкву. Грэка-католік будзе не толькі стаяць на набажэнстве ў нядзелю, але і ўнікаць у справы парафіі. Маю знаёмую ўніяцкую сям’ю з Івацэвічаў, якая імігравала ў Варшаву. Сужэнцы былі актыўнымі ў Беларусі і перавезлі сваю актыўную пазіцыю ў грэка-каталіцкую супольнасць у Польшчу. Разам з тым у нашай краіне часта здараецца, што грэка-католікі ўліваюцца ў Рымска-каталіцкі Касцёл, бо там больш сустрэчаў, імпрэзаў, рэкалекцый.

– Чым, акрамя абраду, адрозніваюцца грэка- і рыма-католікі?

– Абрад – не проста форма правядзення богаслужэння. Гэта і выражэнне нашай веры, тэалагічнага светаўспрымання. Беларус і афрыканец у тым самым лацінскім абрадзе будуць выказваць веру інакш: першы – больш памяркоўна, другі – жывей. Тое самае і з візантыйскім абрадам: ён уплывае на нашую пабожнасць. Яшчэ з адрозненняў: няма адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, Эўхарыстыю мы толькі прымаем. Разам з тым існуе традыцыя пакланення абразам, якая адрозніваецца ад рымска-каталіцкай традыцыі шанавання абразоў.

– Як ладзіцца супраца з Касцёлам?

– У мяне – цудоўна. У Беларусі ў гэтым плане ўвогуле не існуе рознагалоссяў. Калі мы не маем будынка, праводзім набажэнствы ў рымска-каталіцкіх святынях. Нашых святароў запрашаюць узначаліць рэкалекцыі ў касцёлах, а мы ксяндзоў клічам да сябе. Мне даводзіцца шмат дапамагаць спавядаць у рымска-каталіцкіх святынях. На працягу апошніх 15-ці гадоў спавядаю там перад святамі ў гарадзенскай катэдры. У нас няшмат матэрыяльных сродкаў, якімі мы можам падзяліцца, дык стараемся хаця б свабодным часам дапамагчы: нейкі ксёндз пойдзе на паўгадзіны раней адпачыць…

– Са стварэннем Апостальскай Адміністратуры ў грэка-католікаў Беларусі распачаўся новы этап – з’явілася структура, якую трэба запаўняць. Якой Вы бачыце будучыню Царквы?

– Добра абставіны будуць складвацца ці дрэнна, Царква не будзе вялікай, але дастаткова дынамічнай і ўплывовай у духоўным, рэлігійным і культурным жыцці краіны. Людзі будуць ведаць, што існуюць грэка-каталіцкія супольнасці ў Гродне, Брэсце, Магілёве ці Мінску, якія могуць даць штосьці не толькі сваім вернікам, але ўсім беларусам.

Ангеліна Марцішэўская

Даведка

  • Усходнія Каталіцкія Цэрквы – агульная назва Цэркваў усходніх абрадаў, што падпарадкоўваюцца Папу Рымскаму.
  • Берасцейская унія, 1596 год – аб’яднанне Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў пад уладай апостальскага Пасаду ў Рыме на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.
для друку для друку