Грех ли любить священника?

Grand Tetons“Скажите пожалуйста, грех ли любить священника?”

На пытанне адказвае дк. Аляксей Філіпенка, Беларуская Грэка-каталіцкая Царква, г. Мінск:

– На жаль, мова пытання не дае магчымасці зразумець асаблівасці адносінаў да святара, якія называюцца любоўю. Таму па-беларуску адкажу на два пытанні: 1) ці грэх любіць святара? і 2) ці грэх кахаць святара?

Ісус Хрыстос кажа: ”Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім”. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж – падобная да яе: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц. 22:37-39).

Добра вядома, што выкананне запаведзі – гэта не грэх, а цнота. Таму любіць святара – гэта не толькі не грэх, але і цнота. У той жа час трэба ведаць, як любіць святара, і якія бываюць праявы гэтай любові. Можна любіць Радзіму, бацькоў, мужа ці жонку, дзяцей, Бога, бліжняга, але кожнага мы любім па-рознаму. Таксама і любоў да святара мае свае асаблівасці. Святарства – гэта рэдкі дар, у якім мужчына, паслухмяны касцельным уладам, ахвяруе сваё жыцце для дабра парафіяльнай супольнасці. Таму любіць святара, перадусім, азначае яго паважаць. Дапамога ў душпастырскім служэнні – як працай на дабро парафіі, так і матэрыяльна – сведчаць аб любові да святара, Касцёла і Бога. Безумоўна, праявай любові будзе малітва за святара.

Больш далікатным выглядае пытанне пра каханне да святара. Рамантычныя перажыванні, якія можа выклікаць малады, прыгожы, разумны, ветлівы, без шкодных звычак святар у маладой, дзяўчыны, што чакае хлопца сваёй мары, паходзяць з глыбіні чалавечай натуры. Прыгожы мужчына выклікае захапленне і хваляванне ў жанчыны, таксама як і прыгожая жанчына ў мужчыны. І ў гэтых натуральных пачуццях няма нічога грахоўнага. Да пэўнай мяжы. Справа ў тым, што натуральнае пачуццё закаханасці можа выклікаць не менш натуральнае сэксуальнае жаданне. А вось гэта ўжо грэх супраць дзявятай запаведзі: Не пажадай жонкі (мужа) бліжняга твайго. Акрамя гэтага, Хрыстос кажа: хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну (мужчыну), той учыніў з ёй (ім) чужалоства ў сэрцы сваім” (Мц 5,28). Таму з сэксуальных фантазій адносна святара трэба спавядацца.

Часам бывае, што дзяўчына не ўстане справіцца са сваімі жаданнямі, нават разумеючы, што яны грахоўныя і бессэнсоўныя. У такіх сітуацыях часам дапамагае духоўная размова з аб’ектам жаданняў. У гісторыі Касцёла вядомыя жанчыны, у якіх закаханасць да святароў перарастала ў большую любоў да Бога, і яны станавіліся манахінямі. Агульная парада такая: трэба намагацца, каб закаханасць да святара трансфармавалася ў любоў да святара.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі