Гісторыя журналіста, які чысціў абутак Святому Айцу

Noel DiazПерад тым, як самалёт з Папам на борце прызямліўся ў Мексіцы, СМІ давалі справаздачу: Пантыфік да візіту гатовы – і самбрэра ў яго ёсць, і абутак яго проста ззяе.

Справа ў тым, што па традыцыі журналісты, якіх запрашаюць да ўдзелу ў апостальскіх падарожжах, рыхтуюць для Папы падарункі. Ноэль Дзіяз (Noel Diaz) з ЗША таксама не прыйшоў з пустымі рукамі: ён падарыў Пантыфіку скрыню, якой карыстаюцца чысцільшчыкі абутку, а таксама папрасіў Святога Айца дазволіць яму пачысціць яго чаравікі. Такім чынам ён ажыццявіў сваю даўнюю мару.

Пасля мужчына распавёў, што нарадзіўся ў трушчобах мексіканскага гораду Ціхуана, дзе для многіх домам становіцца звычайная кардонная скрынка. Зразумела, што вялікіх перспектыў і надзеяў на лёгкую будучыню ў хлопца не было, да таго ж яго выхоўвала толькі маці. І Ноэлю дапамагла… скрыня для чысткі абутку.

Noel-Diaz

Ноэль Дзіяз у дзяцінстве

Нягледзячы на складаныя ўмовы, яны з маці заўсёды былі «добрымі католікамі», распавядае ён. Набліжаўся дзень Першай Камуніі, а маці сказала, што ёй вельмі шкада, але ён не прыступіць да Камуніі, бо ў яе няма грошай, каб купіць святочнае адзенне. Ноэль не разгубіўся: «Мне тады ледзь споўнілася 8 гадоў. Я ўзяў скрыню і адправіўся на вуліцы гораду, каб чысціць людзям абутак і такім чынам зарабіць сабе на белую кашулю і чорныя штаны да свята. Мне гэта ўдалося! Прыйшоў той доўгачаканы дзень, і я стаяў разам з усімі дзецьмі ў новай вопратцы. Мая мама вельмі ганарылася мной! Я таксама быў вельмі ганарлівы за сябе, – распавядае ён і дадае. – Я і падумаць не мог тады ў Ціхуане, што калісьці буду чысціць абутак самому Папу Рымскаму».

Сёння Ноэль Дзіяз жыве ў Лос-Анджэлесе, там ён заснаваў каталіцкія тэлебачанне і радыё. Калі яго запрасілі суправаджаць Папу ў падарожжа ў Мексіку, ён ужо ведаў, які падарунак уручыць пантыфіку. Мужчына лічыць, што гэта скрыня зʼяўляецца сімвалам намаганняў і цяжкай працы ўсіх абяздоленых, усіх тых, хто штодня змагаецца за лепшую будучыню сваіх дзяцей. Гэта знак сціпласці і пакоры.

Па матэрыялах CREDO са спасылкай на uСatholic

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі