12 лістапада ва ўспамін св. Язафата Кунцэвіча падчас урачыстасці святкавання 20-годдзя Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч абвясціў аб прызначэнні кс. Віктара Місевіча Грэміяльным Канонікам Віцебскага Катэдральнага капітула.
Біскуп Алег адзначыў кс. Віктара гэтым тытулам, улічваючы яго заслугі перад Касцёлам у Віцебскай дыяцэзіі, а асабліва за працу па стварэнні і функцыянаванні газеты “Каталіцкі Веснік”, працу ў Біскупскім судзе Віцебскай дыяцэзіі і на пасадзе канцлера курыі Віцебскай дыяцэзіі.
Носячы тытул Каноніка Віцебскага Катэдральнага капітула, святар атрымлівае ўсе правы і абавязкі, прапісаныя ў Статутах Віцебскага Катэдральнага капітула. Выконваючы гэтае заданне, ён павінен кіравацца гэтымі Статутамі, нормамі Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, а таксама распараджэннямі Біскупа Віцебскага.
Супрацоўнікі рэдакцыі «Каталіцкага Весніка» шчыра віншуюць кс. Віктара і жадаюць, каб Усемагутны Бог благаслаўляў у далейшым штодзённым жыцці, служэнні і працы.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
