У Віцебску прайшлі юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя Віцебскай дыяцэзіі (+відэа)

12 лістапада Каталіцкі Касцёл ушаноўвае памяць аднаго з мучанікаў, які аддаў жыццё ў інтэнцыі, за якую ахвяраваў жыццё наш Збаўца Езус Хрыстус, які памёр дзеля еднасці, еднасці рода чалавечага з Богам, але і еднасці людзей паміж сабой. Святы Язафат Кунцэвіч – галоўны апякун Віцебскай дыяцэзіі, аддаў сваё жыццё мучаніцкай смерцю ў 1623 годзе за тое, каб Касцёл быў адзіны, каб мы ўсе былі адно.

Менавіта ў гэты дзень на ўрачыстую Імшу ў Віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага сабраліся святары і законныя сёстры з дыяцэзіі-юбіляра, а таксама госці з іншых куткоў нашай краіны, сярод якіх былі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, а таксама вернікі з Віцебска.

На самым пачатку словы прывітання скіраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч: “Сёння, дзякуючы Богу за яго асобу і апеку над нашай дыяцэзіяй, дзякуем за 20 год існавання Віцебскай дыяцэзіі. Час па мерках касмічных невялікі. 20 год для чалавека – узрост найбольшай магчымасці зрабіць штосьці добрае, гэта маладосць і росквіт. Дзякуем Богу за гэты час, калі Віцебская дыяцэзія ўзрасла і аднавілася пасля страшнага часу камуністычнай атэістычнай ідэалогіі.”

Біскуп Алег ахвяраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй дыяцэзіі, за ўсіх тых, хто стварае нашу адну вялікую сям’ю Віцебскай дыяцэзіі, Віцебскага Каталіцкага Касцёла.

Тэме адзінства Касцёла была прысвечаная і гамілія. Шмат прыкладаў прагучала на гэту тэму, і асабліва было адзначана, што з кожным годам усё больш праваслаўных пастыраў разумеюць, што трэба трымацца Святога Пятра. У базіліцы Апостала Пятра ў Рыме можна ўбачыць і праваслаўных іерархаў, якія моляцца ў цішыні, якія адкрылі, што без св. Пятра нельга. Бо менавіта апосталу Пятру Езус даў ключы ад Царства Нябеснага, і ён з’яўляецца гарантам еднасці Касцёла. Калі Касцёл павінен будзе сабрацца, а Езус моліцца, каб усе былі адно, як напісана ў Евангеллі, то дзе мы сустрэнемся? Каля Пятра. І ўсе гэта добра разумеюць: і пратэстанты, і праваслаўныя.

Так як юбілей дыяцэзіі адзначаўся на працягу года рознымі мерапрыемствамі і ўрачыстасцямі, але гэтай датай было вырашана завершыць святкаванне. На заканчэнне Імшы Пастыр дыяцэзіі зачытаў дэкрэты аб прысваенні кс. Яцэку Хутману, пробашчу парафіі ў Камаях, годнасці ганаровага каноніка і кс. Віктару Місевічу, канцлеру Віцебскай дыяцэзіі і галоўнаму рэдактару “Каталіцкага Весніка” годнасці грэміяльнага каноніка, а таксама ўручыў ганаровыя граматы вернікам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё дыяцэзіі.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Зміцер Лупач, відэа

для друку для друку