Францішак: радасць – гэта дыханне хрысціяніна

“Дыханнем хрысціяніна” назваў Францішак радасць, пабудаваную на сапраўдным спакоі, а не зманлівым задавальненні, прапанаваным сучаснай культурай “салодкага жыцця”.

28 мая 2018 г. у гаміліі падчас ранішняй св. Імшы Папа спаслаўся на чытанні літургіі слова з Першага паслання Пятра і Евангелля паводле Марка (1П 1, 3-9 і Мк 10, 17-27).

Каментуючы евангельскі ўрывак, што распавядае гісторыю багатага маладога чалавека, які не змог аддаць перавагі далучэнню да групы вучняў Езуса, Пантыфік адзначыў, што сапраўдны хрысціянін не можа быць “змрочным” і “сумным”.

“Каб быць радасным мужчынам і жанчынай, трэба заставацца чалавекам спакою, чалавекам суцяшэння” — адзначыў Папа.

«Хрысціянская радасць з’яўляецца дыханнем хрысціяніна. Хрысціянін, які не застаецца радасным сэрцам, не можа быць добрым хрысціянінам. Радасць – гэта подых, хрысціянскі спосаб выказаць сябе. Гэта не тое, што купляецца або здабываецца праз высілак, не – гэта плён Святога Духа. Тым, хто прыносіць радасць у сэрца, з’яўляецца Святы Дух», — патлумачыў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што фундаментам хрысціянскай радасці з’яўляецца памяць. Мы не можам забыцца, што Пан зрабіў для нас, адрадзіўшы да новага жыцця. Радасць грунтуецца таксама на надзеі адносна таго, што нас чакае – сустрэчы з Сынам Божым. Памяць і надзея – два фактары, якія дазваляюць паслядоўніку Хрыста жыць у радасці, радасці не пустой і бесклапотнай, але той, “першым узроўнем” якой з’яўляецца спакой.

“Радасць – гэта не жыццё ад аднаго да другога выбуху смеху. Радасць не смешная. Хрысціянская радасць – гэта спакой. Спакой укаранёны, спакой сэрца, спакой, які можа даць нам толькі Бог” — сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што сучасны свет задавольваецца зусім не радаснай культурай, у якой існуе шмат рэчаў, якія могуць нас весяліць, шмат асколкаў “салодкага жыцця”, якія, аднак, не даюць поўнага задавальнення. Радасць – гэта не тое, што купляецца на рынку, гэта дар Святога Духа, які адгукаецца таксама і ў моманты трывогі і сітуацыі выпрабаванняў”, — адзначыў Святы Айцец.

“Існуе добры неспакой, але ёсць іншы, нядобры, калі чалавек паўсюдна шукае бяспекі, усюды шукае задавальнення. Евангельскі малады чалавек баяўся, што, калі адмовіцца ад свайго багацця, не будзе шчаслівы. Радасць і суцяшэнне – гэта наша хрысціянскае дыханне”, — сказаў Папа, завяршаючы гамілію ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі