Кінастужка “У пошуках Вівіан Маер” (Finding Vivian Maier) пабачыла свет у 2013 годзе, а ў 2015 стала намінантам прэміі “Оскар” як найлепшы дакументальны фільм.
“Няня-фатограф”, “дзівачка з камерай”, “самы загадкавы фатограф стагоддзя” – гэта толькі некаторыя эпітэты, якімі называюць галоўную гераіню. З першага погляду здаецца, што перад намі звычайная біяграфія незвычайнай жанчыны, але насамрэч – гэта сапраўдная дэтэктыўная гісторыя.
Яна пачынаецца ў 2007 годзе з аўкцыёна, дзе знакаміты калекцыянер Джон Малуф купляе дзівосныя скрынкі з некалькімі тысячамі фотанегатываў, падпісаных “Вівіан Маер”. Мужчына распавядае, што ніколі раней не чуў ні такога прозвішча, ні псеўданіма. Ён вырашыў звярнуцца з пытаннем да пошукавай сістэмы Google і там не знайшоў ніводнага факту пра жыццё і творчасць Вівіан Маер.
Даследуючы фотаздымкі, Джон Малуф убачыў кадры з жанру гарадской фатаграфіі. На іх было геніяльна адлюстравана жыццё амерыканскіх гарадоў пачатку дваццатага стагоддзя. Калекцыянера зацікавіла асоба фатографа. Так распачаліся пошукі. Трэба сказаць, што з цягам часу Джон Малуф сапраўды захапіўся жыццём і творчасцю загадкавай жанчыны.
Аказалася, што Вівіан Маер усё сваё жыццё працавала няняй. Дарэчы, у той час гэта была адна з самых малааплатных прафесій. Дзеці, якіх даглядала жанчына былі самых розных узростаў, з самых розных сем’яў. І ўсе выхаванцы ў адзін голас казалі: “Яна была вялікай дзівачкай, але цудоўнай няняй”.
Пошукі фактаў пра Вівіан Маер сталі для Джона Малуфа сапраўднымі пошукамі яе асобы. Калекцыянер сустрэўся са шматлікімі людзьмі, якія нейкім чынам мелі стасункі з Вівіан. Кожны з іх адкрываў невядомую старонку жыцця і сэрца няні-фатографа. Што гэта былі за людзі? Якія факты і таямніцы з жыцця геніяльнай жанчыны яны адкрылі? Глядач даведаецца падчас прагляду.
Асаблівыя словы пра аўтара кажуць яго працы. Якой паказваюць Вівіан Маер яе фотаздымкі? Адназначна там чытаецца вялікая цікавасць да людзей, а побач з ёй – увага, клопат і пяшчота. Дарэчы, толькі дзякуючы фотаздымкам пра Вівіан Маер адкрыўся нечаканы факт: жанчына здзейсніла падарожжы ў Манілу і Бангкок, Пекін і Егіпет, Італію і Паўднёвую Амерыку…
Нягледзячы на тое, што кінастужка дакументальная, час прагляду пралятае на адным дыханні. Сапраўдным аздабленнем сталі выдатны мантаж, тонкае адлюстраванне дробных дэталей, мімікі, эмоцый. Але самае важнае – сцэнарыстам і рэжысёрам удалося паказаць Вівіан Маер жывым чалавекам, геніем, хоць вельмі дзіўным і загадкавым.
Джон Малуф стаў ініцыятарам і арганізатарам першай выставы фотаздымкаў Вівіан Маер, якая потым, знайшоўшы сваіх аматараў сярод сузіральнікаў, мастацтвазнаўцаў, крытыкаў, праходзіла па ўсёй Амерыцы і за яе межамі.
Фільм прымушае задумацца над простымі пытаннямі: ці заўважаем мы людзей, якія жывуць побач з намі? Ці ўмеем цаніць кожнага, нават самага простага чалавека? Як рэалізоўваем свае таленты і ці гатовыя мы дзяліцца імі з іншымі?
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!