Некалі тут былі праходы ў стары свет. Дзіўныя сцежкі, схаваныя шляхі. Варта было звярнуць за рог – і раптам ты аказваўся тварам да твару з вялікай таямніцай, з першаасновай усяго існага. І хай той свет даўно кануў у мінулае, звёрнуты, быццам світак, і далёка схаваны, яго рэха ўсё яшчэ адгукаецца.
Роберт Грэйньер зарабляе на жыццё, пілуючы лес або пракладваючы чыгунку. За месяцы, праведзеныя з аднымі і тымі ж людзьмі, ён пачынае ўспрымаць іх як сваіх блізкіх, а велізарныя векавыя дрэвы нібы прыадкрываюць перад ім невыказную таямніцу быцця. Аднак з нядаўняй пары Роберт імкнецца як найхутчэй скончыць працу і вярнуцца дадому хоць на кароткі час – з той самай пары, як ён сустрэў Глэдзіс. Бацькі Роберта рана памерлі, у падлеткавым узросце ён кінуў школу, і наступныя 20 гадоў былі для яго пустымі і бязмэтнымі. Але калі ў яго жыцці з’явілася Глэдзіс, усё змянілася. Пара пачала сустракацца, яны пабудавалі сабе дом, а неўзабаве пасля вяселля ў іх нарадзілася дачка Кейт. Адзінае, што азмрочвала сямейнае шчасце, – гэта доўгія працоўныя вандроўкі Роберта. Каб выправіць становішча, муж і жонка дамаўляюцца назбіраць грошай і адкрыць уласную пілараму побач з жытлом. Аднак у чарговую адлучку мужа ў іх дом прыходзіць бяда…
Фільм “Сны цягнікоў” (Train Dreams) заснаваны на невялікім аднайменным рамане Дэніса Джонсана, і літаратурная аснова мякка прасвечвае праз тканіну кінааповяду. Глыбокі голас апавядальніка звязвае карціны некранутай прыроды і сямейнага быту ў меланхалічную, часам шчаслівую, але часцей сумную і шчымлівую гісторыю маленькага чалавека, які пражывае ціхае, незаўважнае жыццё, шукае адказы на свае пытанні, шукае свой шлях у гэтым свеце. І гэтая літаратурнасць стварае ўражанне ажылага на экране рамана, візуальнага апавядання.
Менавіта візуальны бок карціны становіцца асновай яе ціхага і далікатнага шарму. Бездакорна выбудаваныя кадры лясных нетраў ствараюць уражанне таямнічасці і векавечнасці, таго самага старога свету, ад якога засталося толькі рэха. Разам з задуменным героем камера ўглядаецца ў калыханне кронаў у вышыні, неадступна суправаджае падзенне ссечаных дрэў, ловіць рэдкія сонечныя прамяні, гульню святла і ценю і любуецца вечаровым сутоннем. Выяўленчыя рашэнні моцна нагадваюць працы сучаснага класіка Тэрэнса Маліка. Выявы векавечных лясоў і задуменных людзей быццам адсылаюць гледача да стужкі “Дрэва жыцця” (2011), а кадры шчаслівага сямейнага быту да іншай карціны майстра – “Схаванае жыццё” (2019). І як і ў “Схаваным жыцці” кадры шчасця папярэднічаюць трагедыі.
Калі свет Роберта абрушваецца, фільм пачынае раскрывацца з іншага боку. Цяпер гэта гісторыя пра пераадоленне страты, пра пошукі адказаў і шлях да ацалення. Герой задаецца пытаннямі, ці мог ён прадухіліць трагедыю і за якія правіны з ім гэта адбылося? Самакапанні Роберта прыводзяць яго ад прыземленых думак да больш філасофскіх і метафізічных. Ці можа быць так, што трагедыя яго жыцця – гэта адплата за тое, што аднойчы даўно ён не заступіўся за маладога кітайскага хлопца, якога забілі ў яго на вачах? А можа, калі без ліку высякаеш векавечныя дрэвы, сама прырода помсціць сваім крыўдзіцелям? Роберта не адпускаюць унутраныя пакуты і прывіды мінулага, і толькі час, а таксама людзі, гатовыя праявіць ціхую, ненавязлівую ўвагу, вяртаюць яго да жыцця. Герой разумее, што, як раней, ужо ніколі не будзе, але жыццё працягваецца і вартае таго, каб яго пражыць.
Няспешнае паэтычнае апавяданне цалкам ахоплівае жыццё галоўнага героя, а шматлікія візуальныя рыфмы робяць фільм не толькі прыгожым у моманце, але і звязваюць розныя часткі гісторыі ў адно цэльнае палатно. Вось малы Роберт едзе на цягніку ў горад Фрай, у ваколіцах якога ён і правядзе амаль усё сваё доўгае жыццё, вось ён дарослым чалавекам працуе на будаўніцтве чыгункі, а вось у старасці едзе на цягніку па збудаваным ім мосце. Герой ці то ўзгадвае мінулае, ці то сам жыве ў сваім успаміне, а яго сны поўныя былых уражанняў і прадвесцяў будучыні. Розныя этапы гісторыі пераплятаюцца ў мудрагелісты ўзор, і ў выніку дапамагаюць герою ўбачыць сваё жыццё як адну вялікую карціну, убачыць звязанасць усяго ў гэтым свеце і непарыўную сувязь гэтага свету з ім самім.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!