Фільм «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя»

29 лістапада ва ўзросце 88 гадоў адышоў у іншы свет славуты брытанскі драматург, сцэнарыст і крытык, а таксама змагар за правы чалавека Том Стопард. За сваё доўгае і насычанае жыццё ён напісаў больш за трыццаць п’ес, якія ставіліся на галоўных сцэнах свету, а таксама выступіў аўтарам сцэнарыя для дзясяткаў фільмаў. Тым не менш у рэжысёрскае крэсла аўтар сеў толькі аднойчы, каб уласнаручна зняць фільм па п’есе, што стала прарыўной для яго кар’еры – “Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя”.

Двое вершнікаў едуць па бязлюднай гарыстай мясцовасці. Раптам адзін з іх заўважае ў прыдарожным пыле залатую манету. Ён падбірае яе і падкідвае манета падае рэшкай. Працягваючы шлях, вершнік зноў і зноў падкідвае манету, і калі наступае час прывалу, абвяшчае свайму спадарожніку, што манета выпала рэшкай ужо 157 разоў запар. Усхваляваны гэтай анамаліяй, другі вершнік пачынае шукаць лагічнае тлумачэнне з’яве, але сутыкаецца толькі з новымі пытаннямі. Выяўляецца, што героі нічога не памятаюць да выпадку з манетай: ні адкуль яны, ні хто, ні куды кіруюцца. Быццам час спыніўся, і нічога няма ні да гэтага моманту, ні пасля. І раптам успамін: быў ганец, па іх паслалі. Героі хутка збіраюцца і пускаюцца ў далейшы шлях.

Вершнікаў клічуць Розэнкранц і Гільдэнстэрн, і яны другасныя героі п’есы “Гамлет”. Калі паводле шэкспіраўскага сюжэту наступае іх выхад, яны ўваходзяць у ролю і ўзвышаным стылем прамаўляюць свой тэкст. Але ў п’есе ў іх на дваіх ўсяго некалькі дзясяткаў фраз, і як толькі іх сцэна мінае, яны становяцца двума разгубленымі людзьмі, якія не разумеюць, што адбываецца. Навошта па іх паслалі, чаму прынц Гамлет паводзіцца так дзіўна, якая іх роля ў гэтай гісторыі усе гэтыя пытанні не даюць героям спакою. Яны нават не ўпэўненыя ў сваіх імёнах і абапіраюцца толькі на тое, што так іх клікалі ганец, а потым кароль з каралевай. Каб не ўпасці ў паніку і неяк правабіць час, яны вядуць філасофскія гутаркі, гуляюцца са словамі і сэнсамі, а Розэнкранц выпадкова і вельмі камічна адкрывае для сябе шэраг фундаментальных законаў фізікі, якія маюць быць адкрытыя шмат пазней. Завязлыя ва ўмоўнай прасторы і нявызначаным часе героі швэндаюцца без мэты па бясконцым лабірынце калідораў і пакояў эльсінорскага замка і раз за разам сутыкаюцца з вечным шэкспіраўскім сюжэтам. То з-за дзвярэй, то з-за сцяны даносяцца гукі знаёмай усяму свету трагедыі, і героі пільна прыслухоўваюцца да гэтых адгалоскаў. Але варта ім застацца адным, як гісторыя з трагедыі пераўтвараецца ў абсурдысцкую камедыю і лёгкі фарс.

Яшчэ ў самым пачатку карціны, едучы ў Эльсінор, Розэнкранц і Гільдэнстэрн сустракаюць трупу валацужных акцёраў, якія заяўляюць перад імі законы тэатральнага жанру. Трупа быццам пераследуе герояў і трапляецца ім на шляху яшчэ не раз. Гэта тыя самыя акцёры, якіх па сюжэце Шэкспіра Гамлет найме, каб паўздзейнічаць на сумленне караля, аднак у разрэзе гісторыі Розэнкранца і Гільдэнстэрна акцёры прыадкрываюць ім праўду, што яны толькі героі п’есы, а іх лёс памерці.

Такім чынам, на адзін з першых планаў выходзіць тэма наканавання і перадвызначанасці. Аднак тэму гэтую Стопард вырашае ў постмадэрнісцкім ключы, уводзячы ў сюжэт як персанажаў, так і акцёраў, каторыя іх іграюць, змешваючы шэкспіраўскае і сучаснае, уцягваючы гледачоў нараўне са сваімі персанажамі ў гульню слоў і сэнсаў.

Паводле тэорыі імавернасцяў манета не павінна падаць 157 разоў запар адным бокам, аднак калі гэта частка сцэнарыя гэта цалкам натуральна. За межамі сваіх сцэн героі могуць філасофстваваць, адкрываць свет і прымаць рашэнні, аднак, калі наступае чарга тваёй рэплікі, ты мусіш яе сказаць, а калі прыходзіць час памерці смерць непазбежная.

Да тэмы смерці героі звяртаюцца неаднойчы. Розэнкранца здзіўляе, што ён не памятае, калі ўпершыню даведаўся, што смяротны. Гэта мусіў быць цяжкі і шакавальны досвед, але ён гэтага не памятае. У іншай сцэне герой задаецца пытаннем: а што калі смерць гэта карабель? Але гэтае пытанне толькі зноў прыводзіць да сафізмаў і камічнай гульні са словамі. Ужо на эшафоце героі задумваюцца, ці маглі яны ў нейкі момант змяніць ход падзей, і вырашаюць наступным разам быць разумнейшымі. Бо для герояў п’есы смерць не канец, за ёй заўсёды ідзе новы выхад на сцэну.

Стах Лысы

для друку для друку