Фільм «Служба дастаўкі кніг»

Калі вы шукаеце лёгкі, але глыбокі фільм для сямейнага ці сяброўскага прагляду, рэкамендую звярнуць увагу на “Службу дастаўкі кніг” (The Door-to-Door Bookstore, 2024). Гэта кінастужка – экранізацыя аднайменнага рамана нямецкага пісьменніка і журналіста Карстэна Хена. Твор пабачыў свет у 2020 годзе і стаў сапраўдным бестселерам у Германіі. Цікава, што яго сюжэт часткова заснаваны на гісторыі рэальнага чалавека, які разносіў кнігі ў невялікім нямецкім гарадку Ахене. Фільм выйшаў у шырокі пракат у 2024 годзе і атрымаў самыя цёплыя водгукі ад гледачоў і кінакрытыкаў.

Галоўны герой спадар Карл Кольфах – пажылы педантычны мужчына, які штодня займаецца незвычайнай працай: забірае з крамы кнігі і прыносіць тым, хто іх замаўляе. Кожны дзень дастаўшчык кніг мае адзін і той жа распарадак, выконвае адны і тыя ж дзеянні. Адзіны скарб у жыцці мужчыны – кнігі. Ён з задавальненнем іх цытуе, але максімальна пазбягае ўсялякіх кантактаў з людзьмі.

Але аднойчы Карл зусім выпадкова сустракае Шашу – дзевяцігадовую дзяўчынку. Яна цікаўная, адкрытая і непасрэдная. У Карла і Шашы адно захапленне на дваіх – кнігі. Толькі гэта зусім розныя людзі. Нечакана побач з педантычным інтравертам-дзядулем з’яўляецца вясёлая, шчырая напарніца, якая не баіцца парушаць правілы, размаўляць з кліентамі, адкрываць і разгадваць іх таямніцы.

Менавіта яна назвала Карла “Дастаўшчык кніг”, а замкнёнага і стрыманага мужчыну –“Містар Дарсі” (прататып галоўнага героя рамана “Пыха і перадузятасць”), жанчыну з яркім неардынарным характарам – “Фрау Лангштрумпф” (у гонар Пэпі Доўгая Панчоха). Там было яшчэ некалькі цікавых людзей, якіх Шаша аб’яднала ў чароўны “Горад чытальнікаў”.

З цягам часу высвятляецца, што кожны чалавек з “Горада чытальнікаў” ізаляваны ад навакольнага свету і мае сваю таямнічую гісторыю. Такая гісторыя, дарэчы, ёсць і ў Шашы. Мама дзяўчынкі памерла, а бацька з усіх сіл хоча наладзіць “нармальнае жыццё”. Ён ні пры якіх абставінах не прызнаецца, што сумуе па жонцы, што ўспамінае яе, што глыбока перажывае страту.

Але самае сумнае не гэта. Бацька хоча, каб Шаша была “нармальнай дзяўчынкай”, такой, як усе. Калі глядач паглыбляецца ў сюжэт фільма, то вельмі добра разумее: дзяўчынка зусім не ўпісваецца ў рамкі “нармальнай”. Ёй не цікава з аднакласнікамі, якія занураюцца ў гаджэты, яна шмат чытае і замест гульняў дапамагае разносіць кнігі сямідзесяцігадоваму сябру.

Карл таксама выбіваецца з агульнапрынятых рамак, як і яго прафесія. У кнігарні, дзе мужчына працаваў усё жыццё, паслугі дастаўшчыка кніг аказваюцца непатрэбнымі.

Вось так сустрэліся і пасябравалі двое дзіўных, незвычайных людзей. Ці захоча бацька зразумець дачку? Ці пойдзе на канфлікт з дзіўным дзядулем? І чым скончацца сяброўства і паслуга дастаўшчыка кніг – вы абавязкова даведаецеся, паглядзеўшы кінастужку.

Дарэчы, а калі апошні раз вы трымалі ў руках кнігу і паглыбляліся ў чароўны свет цікавых гісторый? Паспрабуйце, ваш свет гарантавана зменіцца да лепшага!

Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка

для друку для друку