Пасхальная гісторыя – гісторыя смерці і ўваскрасення Хрыста – цесна звязаная з гісторыяй выбаўлення габрэйскага народа з егіпецкай няволі. Дзве гэтыя гісторыі яднае як тэма збаўлення чалавека праз нявінную кроў, так і вобраз пераходe ад рабства да свабоды і ад граху да годнасці дзяцей Божых. Таму пасхальны час – добрая нагода прыгадаць гісторыю Майсея, які вывеў народ абраны з зямлі няволі. Адной з найбольш цікавых адаптацый гэтых падзей застаецца некалькі падзабыты анімацыйны фільм 1998 года «Прынц Егіпта».
Сярод пустыні паўстаюць велічныя храмы і гіганцкія статуі фараонам і егіпецкім багам. Маштабныя будаўнічыя працы агалошваюцца жорсткімі крыкамі наглядчыкаў і шчоўканнем бізуноў, а над шумам будоўлі ўзносіцца шматгалосы хор нявольнікаў, які кліча «Deliver us!» – «Выведзі нас! Выбаў нас!» На змену харам прыходзіць сольны жаночы голас, апошняя калыханка Іахаведы свайму сыну, каторага яна адпраўляе ў кошыку, як у калысцы, уніз па рацэ, з надзеяй, што так ён пазбегне смерці. Спеў пераймае маленькая сястрычка хлопчыка. Яна бачыць, як кошык цудам мінае пашчы бегемотаў і кракадзілаў, выслізгвае з рыбацкіх сетак і падплывае да самых пакояў фараонавай жонкі. Дзяўчынка рада, што яе брат у бяспецы, і яна просіць яго аднойчы вярнуцца па іх і забраць. І ўрэшце ўсе галасы зліваюцца ў адно шматгалосае «Deliver us!»
Першая ж сцэна фільма ўражвае спалучэннем анімацыі і музыкі. І хоць адна яна ўжо заслугоўвае асобнага месца ў гісторыі кіно, фільму і далей ёсць чым здзівіць і зацікавіць як дзяцей, так і дарослую аўдыторыю.
Мінаюць гады. Рамзэс і Майсей растуць у царскай сям’і як браты. Яны праводзяць час у забаўках, ездзяць на калясніцах, робяць розныя прыкрасці прыдворным жрацам. Карціна бярэ лёгкі тон прыгодніцкай гісторыі, а фонам з вялікай увагай да дэталяў паказвае быт і культуру старажытнага Егіпта. Не гледзячы на некаторыя творчыя дапушчэнні, карціна выдатна перадае эпоху Новага Царства. Тут і дакладна паказаны насценны жывапіс, і адметная храмавая архітэктура, і стылістыка гіганцкіх скульптур. Пры гэтым аўтары не проста аднаўляюць эпоху, але і выкарыстоўваюць культурныя асаблівасці старажытнага Егіпта для раскрыцця сюжэту. Калі аднойчы ноччу Майсей даведваецца пра сваё паходжанне, ён бачыць яркі сон пра пакуты і пераслед свайго народа. Уся гэтая сцэна дзівосна выкананая ў выглядзе ажылага насценнага жывапісу.
Фільм некалькі разоў істотна змяняе свой настрой. Адным з такіх пераломных момантаў становіцца сцэна з палаючым кустом, калі Бог аб’яўляе сябе Майсею і загадвае пайсці да фараона і патрабаваць адпусціць Яго народ. Сцэна адметная сваім сімвалізмам. Палаючы куст яднае ў сабе стыхіі агня і вады. Ён гарыць, але не згарае, і адначасова адкідае на сцены пячоры мігценне, як ад блікаў на вадзе. Быццам прадвесце пераходу праз Чырвонае мора. Увогуле адаптацыі такіх сакральных тэкстаў, як тэкст Бібліі, заўсёды ставяць аўтараў перад дылемай: трымацца як найбліжэй да тэксту або ісці на сюжэтныя вольнасці і даваць магчымаць фантазіі і пераасэнсаванню дзеля большай мастацкай выразнасці. «Прынц Егіпта» не раз адступае ад кананічнага тэксту, хоць ставіцца да яго з вялікай пашанай. Так, Майсей і Рамзэс у гэтай гісторыі – зводныя браты, што можа і некалькі прамалінейна, але дадае драматызму пазнейшаму канфлікту фараона і прарока. Але гэта ж вядзе і да аднаго з найбольш няўдалых рашэнняў. Каб пакінуць братоў у супрацьстаянні сам-насам, аўтары змяняюць ролю Аарона. Замест таго, каб быць найбліжэйшым паплечнікам Майсея, ён апынаецца сярод тых, хто разам з народам наракае на яго.
Талент аніматараў праяўляецца ў поўную сілу ў другой палове карціны, калі Егіпет спусташаюць Божыя кары. Воды Ніла пераўтвараюцца ў кроў, адбываецца нашэсце мірыядаў жаб і саранчы, на жывёлу находзіць мор, а з неба сотняй метэарытаў абрынаецца агонь. Урэшце ўпартасць фараона выклікае найгоршую з караў: смерць кожнага першынца ў Егіпце. І гэта адна з самых вусцішных сцэн у фільме. Па слове Божым габрэі прыносяць у ахвяру першародных ягнят, пазначаюць іх крывёй вушакі дзвярэй і замыкаюцца ў дамах. Надыходзіць ноч, і ў поўнай цішыні з неба спускаецца халоднае белае ззянне, падобнае да таго, якім гарэў куст. Яно ляціць па вуліцах горада і, калі дзверы пазначаны крывёй, абмінае іх, калі ж не – то залятае ўнутр, і адтуль даносіцца ціхі перадсмяротны ўздых. Падзеі гэтай ночы становяцца своеасаблівым правобразам будучай ахвяры Хрыста, якая ратуе людзей ад вечнай смерці.
У журбе па памерлым сыне фараон адпускае габрэяў, але потым напаўняецца гневам і кідаецца ў пагоню. Народ апынаецца заціснуты між Рамзэсавым войскам і водамі Чырвонага мора. Тады адбываецца адна з найпрыгажэйшых сцэн фільма: Майсей падымае свой кій – і воды ўзнімаюцца ў неба і расступаюцца. Габрэі ідуць па дне мора, а ў сцяне водаў бачацца абрысы вялізных рыбін – як прадвесце хрысціянства. Вызвалены ад рабства народ пачынае доўгі шлях у зямлю абяцаную.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!