Фільм “Марсэль. Ракавінка ў чаравіках”

– Прывітанне! Мяне клічуць Марсэль. Я напалову ракавінка, як па мне відаць, але ў мяне ёсць чаравічкі і… твар. Гэта мне падабаецца ў сабе, і… я сабе падабаюся. І яшчэ ў мяне мноства цудоўных якасцяў.

Разведзены малады чалавек Дзін пераязджае ў дом, зняты на Airbnb, і сустракае там Марсэля – жыццярадасную ракавінку ў ружовых чаравічках. Марсэль і яго бабуля Коні даўно прыстасавалі вялікі чалавечы дом для свайго жыцця. Пры дапамозе міксера і вяроўкі яны абтрасаюць фруктовае дрэва, падымаюцца па сценах, вымазаўшы абутак у ліпкі джэм, выкарыстоўваюць кружэлкі ў якасці бегавой дарожкі, а тэнісны мячык – для хуткага перамяшчэння па доме, а спаць Марсэлю падабаецца, уладкаваўшыся між мяккімі тостамі. Складана сказаць, якога Марсэль узросту і які ўвогуле век ракавінак, але як дзіця ён бесперапынна пазнае гэты свет, не стамляецца задаваць пытанні і ўвесь час гатовы дзяліцца тым, што яму адкрылася. Ён здзіўляецца, што Дзін такі замкнуты, што ў яго няма сяброў, толькі адзін сабака.

– Увогуле мне падабаецца канцэпцыя сабакі. Я проста абвязваю валаском кавалачак ворса і цягаю за сабой.

Дзіна так уражвае яго новы гаваркі сусед, што ён вырашае зняць дакументальны фільм пра свайго новага сябра. На камеру Марсэль апавядае пра сябе і сваю бабулю, паказвае, як арганізаваны іх побыт у агромністай чалавечай хаце. Марсэлевы развагі пра жыццё наіўныя і непасрэдныя, але адначасова з тым кранальныя і дзіўна праніклівыя. Ракавінка, у адрозненні ад многіх з нас, умее заўважаць прыгажосць у самых звычайных рэчах і атрымліваць асалоду ад жыцця.

Падчас здымкаў фільма аказваецца, што Марсэль з бабуляй не заўсёды былі адны. Не так даўно ў хаце жыла цэлая супольнасць такіх, як яны. Аднак у адзін трагічны дзень лёс разлучыў іх, і цяпер яны з бабуляй жывуць у адзіноце. Расчулены гэтай гісторыяй, Дзін вырашае дапамагчы Марсэлю знайсці сваю радню. На гэтым шляху ракавінку чакае папулярнасць у інтэрнэце і навязлівая ўвага фанатаў, выхад у вялікі горад і нават выступ на тэлебачанні.

 – Марсэль, як даўно ты не бачыў сваіх родных?
– Не магу сказаць дакладна, але дзірка ў маім сэрцы штодня расце і становіцца ўсё гучнейшай.

Перш за усё фільм уражвае сваёй душэўнасцю і мілатой, але за знешнім зачараваннем хаваецца цэлы шэраг сур’ёзных тэмаў. Ён пра страх перамен і адкрытасць новаму, пра пошук сябе і свайго шляху, пра боль страты і ўменне адпусціць мінулае, пра адзіноту і каштоўнасць супольнасці і сям’і. Усе гэтыя тэмы раскрываюцца праз непасрэдныя, па-дзіцячы наіўныя, але вельмі змястоўныя і часам нават паэтычныя разважанні маленькага героя. Многае, што мы страцілі ў сваім мітуслівым жыцці, для яго натуральнае, многае, што мы абясцэнілі, – каштоўнае, многае, многае, чаго не заўважаем, поўніцца прыгажосцю. Іншы раз здаецца, што толькі такім чынам і варта размаўляць на падобныя тэмы.

– Ведаеш, чаму я шмат усміхаюся? Бо гэта таго варта.

Апрача сэнсавага напаўнення і арыгінальнасці задумкі, здзіўляе сам спосаб стварэння гэтага фільма. У адрозненні ад большасці сучасных анімацыйных твораў, якія цалкам ствараюцца на камп’ютары, “Марсэль” зняты на натуры. Фігурка маленькага героя “ажывае” дзякуючы пакадравай здымцы з мінімальным перасоўваннем прадметаў для кожнага кадра. Аднак ёсць тут нямала сцэн, дзе камера рухаецца плаўна, а стоп-моўшн анімацыя жыве па сваіх пакадравых законах. Гэта стала магчымым дзякуючы хітрым тэхнічным рашэнням і ледзь прыкметнай камп’ютарнай апрацоўцы. Менавіта такое спалучэнне стоп-моўшн анімацыі і камп’ютарнай графікі і стварае ўражанне рэалістычнасці ўсяго, што адбываецца ў кадры. І ў той жа час фрагменты анімацыі ўдыхаюць жыццё ў халодную гаму навакольнай рэальнасці.

– Быў прыгожы сонечны дзень з прыемным ветрыкам. І я, памятаю, падумаў: “Калі б я быў кімсьці іншым, мяне б гэта пацешыла”.

Гэтак жа, як анімацыя ажыўляе кадр, Марсэль удыхае жыццё ў фільм. Нягледзячы на боль і страты, ракавінка захоўвае жыццярадаснасць і невычарпальны аптымізм. Жыццёвыя трагедыі не забіваюць у ім любові да навакольнага свету, не знішчаюць цікаўнасці, гарэзлівасці і пачуцця гумару. Больш за тое, яго аптымізм аказваецца заразлівым, ён распаўсюджваецца на Дзіна, які таксама мае вострую патрэбу ў сяброўстве і супольнасці, а следам і на нас, гледачоў фільма. Марсэль гаворыць з намі пра простыя рэчы, але за простасцю яго слоў – мудрасць, схаваная ад дарослых, але адкрытая дзецям.

 – Аднойчы я проста сядзеў. Раптам падзьмуў вецер, ён пранёсся ў мяне над галавой, і гэта было неяк незвычайна. Вецер усё дзьмуў і ствараў прыгожы свісцячы гук… Чуеш? Вось ён. Гук маёй ракавіны…

Стах Лысы

для друку для друку