Фільм «Граф Монтэ-Крыста» (Le Comte de Monte-Cristo)

Аляксандр Дзюма – знакаміты французскі пісьменнік, драматург і журналіст ХІХ стагоддзя. Яго аўтарству належыць шмат гістарычных і прыгодніцкіх раманаў.

Граф Монтэ-Крыста – адзін з самых вядомых. Твор быў задуманы аўтарам на пачатку 1840-х гадоў, пабачыў свет у жніўні 1884 і атрымаў неверагодную папулярнасць. Цікава, што за грошы, заробленыя пасля публікацыі кнігі, Дзюма набыў дом і шыкоўную вілу, якую назваў “Палац Монтэ-Крыста”.

На аснове кнігі было створана шмат тэатральных пастановак, мюзіклаў, музычных твораў. Першая ж экранізацыя – амерыканскага паходжання – адбылася ў 1908 годзе. З таго часу на аснове рамана выйшла больш за 20 фільмаў і серыялаў у розных краінах: у ЗША, Аргенціне, Мексіцы, Італіі, Іспаніі і іншых.

У 2024 годзе  на экранах з’явілася сучасная кінастужка “Граф Монтэ-Крыста” французскіх сцэнарыста і рэжысёра Мацье Дэлапорта і Аляксандра дэ Ла Патэльера. Галоўныя герой фільма – Эдман Дантэс, 22-гадовы марак, і яго нарачоная – Мэрседас. Гэта магла б быць гісторыя кахання, калі б не раптоўная акалічнасць. Падчас шлюбу ў касцёле з’яўляюцца паліцэйскія і забіраюць маладога чалавека. Суд над Эдманам так і не адбыўся: яго адразу ж змяшчаюць у турму.

Праз 14 гадоў мужчына карыстаецца выпадковай магчымасцю і ўцякае. Адзінае, чаго ён прагне, – гэта помста кожнаму, хто зруйнаваў яму жыццё…

Стужка атрымала самыя розныя водгукі. Аматары рамана звяртаюць увагу на шматлікія недакладнасці. Чытачы наракаюць на значна зменены сюжэт, страчаную глыбіню таямніц, спрашчэнне вобразаў. Між іншым, кінакрытыкі звяртаюць увагу на тое, што экранізацыя рамана – гэта заўсёды кампраміс. І, відавочна, аб’ёмны, мудрагелісты сюжэт кнігі надзвычай не проста змясціць у некалькіх гадзінах мастацкай стужкі. Але ў французскіх кінематаграфістаў адназначна атрымалася пераўтварыць класічны тэкст рамана ў сучасны блокбастар.

Воку гледача прадстаўленыя адмысловыя касцюмы, найпрыгажэйшыя краявіды Міжземнага мора, французскага Іль-Дэ-Франс, а таксама іншых мясцін Францыі і Бельгіі (менавіта там здымалася большасць сцэн фільма).

Але кінастужка нашмат глыбейшая, чым павярхоўны экшн і відовішчнасць. Дзякуючы героям і сюжэту глядач можа разважаць над пытаннямі, якім не падуладны час: што такое сапраўднае сяброўства? Якія чалавечыя якасці могуць зруйнаваць яго ў адно імгненне? Што такое помста? Ці варта прабачаць тым, хто помсты варты? Якая яна, цана здрады? І хто павінен яе плаціць?

У любым выпадку, прагляд фільма стане прыемным часам захаплення і роздуму, а магчыма, нават натхніць цалкам прачытаць раман геніяльнага творцы.

Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка

для друку для друку