Дзень міласэрнасці – дзень “Карытас”

7 сакавіка – трэцяя нядзеля Вялікага посту. У гэты дзень у парафіях Віцебшчыны збіраюцца ахвяраванні на падтрымку дзейнасці Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Карытас нясе дапамогу тым людзям, каму яна найбольш патрэбная, нягледзячы на расавую, нацыянальную ці рэлігійную прыналежнасць. Супрацоўнікі і валанцёры ў сваёй дзейнасці рэалізуюць Хрыстовы наказ любіць адно аднаго і быць міласэрнымі, як наш Бог.

Ужо згодна з добрай традыцыяй мы хочам распавесці чытачам “Каталіцкага Весніка” пра нашы дабрачынныя і сацыяльныя праекты за апошні год. Пандэмія каранавірусу, вядома, унесла свае карэктывы ў планы і жыццё грамадства. Гэты лёс не абмінуў і “Карытас”. Некаторыя праекты давялося прыпыніць або абмежаваць у дзеянні, аднак замест іх у сваю чаргу з’явіліся іншыя, больш актуальныя ў часе эпідэміі.

Цэнтр дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю дзейнічае пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі з 2003 года. У буднія дні маладыя людзі з інваліднасцю прыходзяць у цэнтр займацца рукадзеллем, творчасцю, музыкай, працаваць на кампутары, гатаваць смачныя стравы ды і проста сустрэцца разам за кубачкам гарбаты. Хлопцы і дзяўчаты разам адзначаюць дні нараджэння і іншыя святы, гуляюць у настольныя гульні. Падобны цэнтр дзейнічае таксама пры парафіяльнай арганізацыі “Карытас” у Глыбокім. На цяперашні момант цэнтры наведвае больш за 60 чалавек з інваліднасцю.

Студыя інклюзіўнага танца ІМПЭТ пры “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае ўжо пяты год. Яна аб’ядноўвае аматараў танца з інваліднасцю і без яе, дзяцей і дарослых, якія разам танцуюць у інвалідных вазках і на нагах. Эпідэміялагічная сітуацыя абмежавала ўдзел наведвальнікаў студыі ў рэпетыцыях і выступах. Тым не менш заняткі не спыняюцца, а асноўны націск робіцца на аздараўляльныя практыкаванні і танцавальную тэрапію.

Праца з пажылымі і хворымі людзьмі – дэменцыя. Зусім нядаўна ў Віцебску на базе “Карытас” адкрыўся “Рэсурсны цэнтр сацыяльнай інтэграцыі”. У ім будзе арганізавана дзённае знаходжанне для пажылых людзей з дэменцыяй, з інваліднасцю, а таксама іх апекуноў. У цэнтры будуць праводзіцца сустрэчы, круглыя сталы са спецыялістамі ў галіне барацьбы з дэменцыяй, майстар-класы, музычныя вечары. Плануюцца кансультацыі каталіцкага псіхолага, у тым ліку па тэлефоне і ў рэжыме анлайн. Сацыяльныя працаўнікі цэнтра таксама адведваюць пажылых людзей дома, аказваюць сацыяльную дапамогу, садзейнічаюць у адаптацыі жылога памяшкання.

Дапамога абяздоленым. Сумесна з нашым даўнім партнёрам “Карытас Лінц” (Аўстрыя) мы нясём дапамогу тым, каму яна асабліва патрэбная, у выглядзе прадуктаў харчавання, адзення, абутку, дроваў для ацяплення прыватных дамоў. Мы таксама пачалі рыхтавацца да сезону вясновых прац: закупляць хатніх жывёлаў, птушак, саджанцы для асобаў і сем’яў у патрэбе, якія вядуць уласную гаспадарку.

Дапамога для цэнтраў часовага (начнога) знаходжання бяздомных асобаў у Віцебску і Оршы. Цэнтрам у Віцебску “Карытас” апякуецца ўжо шмат гадоў, закупляючы прадукты харчавання, адзенне і гігіенічныя сродкі для людзей без пэўнага месца жыхарства, а таксама мэблю для абсталявання цэнтра. Зусім нядаўна мы распачалі супрацоўніцтва і з Аршанскім цэнтрам. За апошні год агульны памер дапамогі склаў больш за 7700 бел. руб.

Супрацоўнікі Карытас прывезлі дапамогу для Аршанскага цэнтра начнога знаходжання

Дапамога падчас эпідэміі. Дапамагаць людзям у нялёгкіх жыццёвых сітуацыях – гэта адна з першасных задач “Карытас”. Дзякуючы падтрымцы замежных партнёраў і ахвяраванням людзей добрай волі вясной 2020 года “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі ўключыўся ў барацьбу з пандэміяй, перадаючы медыцынскае абсталяванне, сродкі індывідуальнай абароны і прадукты харчавання медыцынскім, сацыяльным установам і асобам у патрэбе. Падобныя праекты і далей застаюцца ў прыярытэце “Карытас”.

Наборы прадуктаў харчавання для патрабуючых

Дапамога дзецям разам з “Карытас Прага”. Дзеці са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, сем’яў, у якіх ёсць людзі з інваліднасцю з розных раёнаў Віцебскай вобласці два разы на год атрымліваюць фінансавую дапамогу для набыцця адзення, абутку, школьных прыладаў ці аплаты навучання ад дабрачынцаў “Карытас Прага”. Акрамя таго, для дзяцей арганізоўваюцца экскурсіі і святочныя мерапрыемствы. У 2020 годзе да праекту далучылася 112 новых сем’яў.

Інтэграцыйныя святліцы для дзяцей. Пры парафіях нашай дыяцэзіі дзейнічае сем святліц для дзяцей, якімі апякуецца “Карытас”. Пяць з іх – у Мёрах, Лепелі, Віцебску, Браславе і Глыбокім – былі ўтвораныя пры падтрымцы “Карытас Польшча” і праграмы “Польская дапамога” Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Іншыя дзве святліцы дзейнічаюць пры парафіяльных “Карытас” у Лынтупах і Паставах (парафія Езуса Міласэрнага). У святліцах адбываюцца заняткі па катэхезе, кулінарыі, творчыя майстэрні. Дзеці і моладзь разам з выхавальнікамі рыхтуюць хатнія заданні, гуляюць, ладзяць святы. Дзякуючы “Карытас Лінц” у 2020 годзе мы закупілі прадукты харчавання на суму 11 788 руб. для кулінарных гурткоў і калядныя падарункі для наведвальнікаў святліц на суму 14750 руб. У найбліжэйшы час плануецца забяспечыць святліцы супрацьэпідэмічнымі сродкамі і тэхнічным абсталяваннем для анлайн-заняткаў.

Святліца для дзяцей у Паставах. Творчыя заняткі

Святліца для дзяцей у Глыбокім. Кулінарныя заняткі

Дапамога дзецям з каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі. За апошні год “Карытас” закупіў і перадаў парафіям канцылярскія прылады, заплечнікі і дзіцячае адзенне для катэхезы і для школы на суму 10109,74 бел. руб. На Святы Божага Нараджэння 2020/21 дзеці атрымалі падарункі на суму 6080 бел. руб.

Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання сёлета адбудзецца ўжо трэці раз. Пры гэтым яго геаграфія пашыраецца: у конкурсе возьмуць удзел таксама ахвотныя з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Дзеці ва ўзросце да 14 гадоў уключна пакажуць свае веды па змесце Евангелля паводле Святога Мацвея і Кнігі Тобія. Арганізацыя конкурса, падрыхтоўка заданняў і ўзнагародаў з’яўляецца ініцыятывай “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Першы этап конкурсу запланаваны на 20 сакавіка.

Падчас Конкурсу на веданне Святога Пісання -2020

Дапамога дзяржаўным сацыяльным ўстановам Віцебскай вобласці.

  • ТЦСАН Віцебскага раёна з дапамогай “Карытас” закупіў абсталяванне і матэрыялы для тэатральнага гуртка, правядзення святаў. (18374 бел. руб.);
  • Сялюцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і Віцебскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў атрымалі сродкі індывідуальнай абароны і дэзынфекцыі (4400 бел. руб.);
  • Псіхіятрычная бальніца ў Слабодцы (Браслаўскі раён) атрымала аднаразовыя нестэрыльныя халаты, шчыткі для твару, медыцынскія пальчаткі, бактэрыцыдны апрамяняльнік;
  • Варонаўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў атрымаў ахоўныя камбінезоны і бактэрыцыдныя апрамяняльнікі;
  • Бактэрыцыдныя апрамяняльнікі таксама былі перададзеныя Віцебскаму абласному клінічнаму анкалагічнаму дыспансеру.

Мiжнародны дабрачынны праект YES! (Youth Empowerment and Strengthening) – “Скарачэнне беднасцi праз працаўладкаванне сацыяльна неабароненай моладзi ў менш развiтых рэгiёнах Беларусі” рэалiзуецца “Карытас Беларусь” па ўсёй рэспублiцы пры падтрымцы “Renovabis” (Германія) i “Caritas Linz” (Аўстрыя). У Віцебскай вобласці праект рэалізоўваецца сумесна з “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі на тэрыторыі Мёрскага раёна. Галоўная мэта праекта – скіраваць намаганні моладзі на працаўладкаванне, на рэалізацыю ўласных бізнес-ідэй, павышэнне ўзроўню якасці жыццядзейнасці ў сельскай мясцовасці. У межах праекта ў горадзе Мёры адкрыты “Цэнтр рэгіянальнага развіцця сацыяльна арыентаванага мясцовага прадпрымальніцтва”, які стане прасторай для кансультацый і супрацоўніцтва для моладзі ў галіне самазанятасці. Спецыяльна падрыхтаваныя спецыялісты шырокага профілю змогуць правесці кансультацыі, даць парады, дапамагчы з афармленнем дакументацыі. Плануецца прыцягнуць да праекта 300 маладых людзей з сельскіх раёнаў Віцебскай вобласці, якія пройдуць бясплатнае навучанне па адукацыйных праграмах. Праект будзе працягвацца на Мёршчыне да канца 2022 года.

Акрамя галоўнай сядзібы “Карытас” у Віцебску, пры 8 парафіях Віцебскай дыяцэзіі існуюць парафіяльныя арганізацыі “Карытас”: Святой Тройцы ў Глыбокім, Св. Андрэя ў Лынтупах, Св. Казіміра ў Лепелі, Перамянення Пана ў Чашніках, Сэрца Марыі ў Оршы, Унебаўшэсця НПМ у Мёрах, Нараджэння Маці Божай у Браславе, Езуса Міласэрнага ў Паставах.

Сацыяльная дапамога для шматдзетнай няпоўнай сям’і ў Глыбокім

Валанцёрскі рух “Карытас Віцебск”. Дабрачынная праца не была б магчымая без валанцёраў. Гэта людзі рознага ўзросту, прафесіі і веравызнання, якія ахвяруюць свой час, здольнасці і адкрытае сэрца бліжнім. Нягледзячы на значныя абмежаванні дзейнасці ў сувязі з пандэміяй і ўведзенымі мерамі перасцярогі, валанцёры “Карытас” па меры магчымасці дапамагаюць у цэнтры для людзей з інваліднасцю, рэсурсным цэнтры, у святліцах для дзяцей, у офісе “Карытас”. Ужо пачалася рэалізацыя велікапосных дабрачынных акцый.

Мы ўдзячныя добраму Богу за чарговы год працы “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі, за ахвярадаўцаў і валанцёраў, якія ў салідарнасці далучыліся да нашай дабрачыннай дзейнасці, і за тых людзей, якім Пан аказаў міласэрнасць праз нашыя рукі.

Запрашаем і далей сачыць за нашымі навінамі ў сацыяльных сетках: Instagram: #caritasvitebsk, FacebookУ Кантакце, а таксама на сайце caritas-vitebsk.by

Нашы каардынаты: вул. Чкалава 52 к. 1, п/с 6, г. Віцебск 210041, тэл. +375 212 618822, +375 29 8369993, e-mail: caritas.vitebsk@mail.ru

с. Дар’я Галубкова OV, тэкст
фота з архіва “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі