“Дзеля духоўнага ўзрастання”: творчая сустрэча “Кожны талент ад Бога” прайшла ў Віцебску

DSC_495715 сакавіка ў Віцебску, у памяшканні культурна-рэлігійнага цэнтра катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага, адбылася чарговая штомесячная сустрэча «Кожны талент ад Бога». У розныя часы яе гасцямі былі многія вядомыя на Віцебшчыне і ў Беларусі творцы: пісьменнікі, музыкі, мастакі, прадстаўнікі іншых творчых прафесій. Не сталася выключэннем і сустрэча сакавіцкая.

Як заўсёды, з прывітальным словам звярнуўся да прысутных пробашч парафіі кс. Адам Дынак. Ён адзначыў ролю лепшых узораў мастацтва ў духоўным узрастанні чалавека, іх дзяцей і моладзі ў рэчышчы наследавання Божым запаветам.

Затым удзельнікі спаткання ўшанавалі хвілінай маўчання пісьменніка Аркадзя Нафрановіча, які жыў у вёсцы Камаі Пастаўскага дэканата і адышоў у вечнасць у гэты дзень.

Стваральнік і натхняльнік гэтых сустрэч, вядомы віцебскі празаік Франц Сіўко, прадставіў гасцей. Адным з гасцей сустрэчы стаў вядомы скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў Валерый Магучы, удзельнік персанальных і калектыўных выстаў у Віцебску і Мінску, Санкт-Пецярбургу і Германіі, аўтар помнікаў паэтцы Еўдакіі Лось, мастаку Марку Шагалу, музыказнаўцу Івану Салярцінскаму, шэрагу бюстаў і мемарыяльных дошак (у тым ліку знакамітаму земляку Васілю Быкаву), памятных медалёў. Валерый Магучы распавёў пра нюансы працы над сучасным гербам Віцебска «Езус-Збаўца», падзяліўся сакрэтамі прафесіі, распавёў пра свае творчыя планы.

Потым выступілі літаратары: паэтка і празаік Стася Наркевіч, паэты Міхась Мірановіч, Людміла Сіманёнак і Наталля Салаўёва. Іх прасякнутыя любоўю да бліжняга, да прыроды, да Бога творы нікога не пакінулі абыякавым, і ў перыяд перажывання Вялікага посту якраз сталі добрай падставай для разважання над сэнсам і пакутамі Езуса.

Знайшлося падчас сустрэчы месца і музыцы. Гітарыст Васіль Харэвіч распавёў пра гісторыю і паходжанне свайго музычнага інструмента, выканаў некалькі твораў з класічнага рэпертуару. Як пасля ў размове пры гарбаце адзначылі некаторыя слухачы, падчас ягонага выступу нібы анёлы прамаўлялі ў зале з нябёсаў — так хораша ўпісалася цудоўная музыка ў зычлівую, узнёслую атмасферу паяднання ўдзельнікаў і гасцей сустрэчы ў мастацтве з Богам.

Анатоль Бандарчук, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі