Цягам апошніх двух гадоў пачалі актыўна развівацца душпастырствы беларусаў-католікаў па-за межамі Беларусі. Вернікі, якія выязджаюць з Радзімы, яднаюцца і шукаюць магчымасці маліцца, вызнаваць сваю веру на роднай мове. Беларуская каталіцкая суполка паўстала нават у Грузіі. “Каталіцкі Веснік” пагутарыў з беларусамі-католікамі, якія цяпер жывуць у Батумі, Гданьску і Вільні.
Батумі: беларусаў-католікаў мала, але яны актыўныя
У грузінскім Батумі католікаў-беларусаў няшмат – каля дваццаці чалавек, з іх толькі чалавек дзесяць пастаянна ходзяць у касцёл. Але гэта не перашкаджае ладзіць разам розныя актыўнасці, распавядае Юлія – мінчанка, якая летась пераехала ў Грузію.
“Я заўсёды кажу: усё залежыць ад нас саміх. Калі мы з’яднаемся, нешта будзем рабіць, то яно і будзе рабіцца, – заўважае Юлія. – Месца нашай галоўнай сустрэчы – касцёл. Тут нас, хто ўжо пэўны час жыве ў Батумі, знаходзяць новыя людзі, якія прыязджаюць, тут яны даведваюцца, што мы робім”.
Летась беларускія католікі Батумі разам адзначалі Божае Нараджэнне, спявалі ў мясцовым касцёле Святога Духа беларускія калядкі. Сёлета падчас Вялікага посту праводзяць беларускі Крыжовы шлях, спяваюць Песні жальбы, разам з беларусамі з мясцовага Спеўнага сходу рыхтуюцца да Вялікадня – зноў будуць спяваць беларускія песні ў касцёле. Таксама ўдзельнічаюць у Lectio Divina для рускамоўных вернікаў, якую праводзіць дыякан Батумскай парафіі.
“Парафіяне-грузіны радыя нам, заўсёды запрашаюць удзельнічаць у набажэнствах, розных мерапрыемствах, – кажа Юлія. – Нам прапануюць і чытанні чытаць падчас Імшы часам па-беларуску, але з большага – па-руску, каб усе прысутныя зразумелі”.
“Падчас Імшы гучаць малітвы на грузінскай, рускай, беларускай, англійскай мовах”
Былая мінчанка зазначае, што Батумская парафія – месца яднання вернікаў з самых розных краін. “Цяпер прыходзіць шмат індусаў – напэўна, вучацца тут. У выніку падчас Імшы і Крыжовага шляху гучаць малітвы на грузінскай, расійскай, англійскай, беларускай і часам польскай мовах, і нават на роднай мове індусаў, – распавядае Юлія. – Гэта паказвае, што, дзе б мы ні былі, на якой бы мове ні размаўлялі, нас яднае Езус”.
У Тбілісі таксама не вельмі шмат католікаў-беларусаў, зазначае наша суразмоўца. Але там працуе сястра-салезіянка з Беларусі – Вераніка. У Тбілісі ёсць магчымасць паспавядацца па-руску і па-польску, у адрозненні ад Батумі, зазначае Юлія.
“У Батумі ксёндз амаль не размаўляе па-руску і слаба па-англійску, таму бывае цяжкавата са споведдзю,” – кажа верніца.
Юлія заклікае беларусаў-католікаў, якія цяпер жывуць па-за межамі Радзімы, яднацца і праяўляць больш актыўнасці. “Нам трэба захаваць тую веру, якую мы атрымалі на Радзіме, быць прыкладам, не баяцца, не саромецца адкрыта вызнаваць веру на сваёй роднай мове, – упэўнена жанчына. – Актыўныя вернікі патрэбныя любой парафіі, у любой краіне. А што рабіць – заўсёды знойдзецца. У тым жа Батумі можна валанцёрыць у “Карытасе”, напрыклад, бо дапамога тут вельмі патрэбная”.
Вільня: каталіцтва на беларускай мове тут пачало адраджэнне ў 1989 годзе
Беларуска Ева Граблеўская ўжо шмат гадоў жыве ў Вільні. Жанчына бачыла адраджэнне каталіцтва на беларускай мове тут яшчэ ў 1989 годзе. Тады літоўскае духавенства было гатовае аддаць беларусам касцёл, у якім сёння месціцца Санктуарый Божай Міласэрнасці. Але не было святара, які б мог тады ўзначаліць беларускае душпастырства, і на шмат гадоў гэтая справа спынілася.
“Калі нарэшце ў нас з’явіўся ксёндз, ён не ўзяў той касцёл, які нам прапаноўвалі, а стаў змагацца за касцёл Святога Барталамея ў Зарэччы, – распавядае спадарыня Ева. – Пасля быў вялікі перапынак, калі службаў не было. А восем гадоў таму касцёл Святога Барталамея адрадзілі, і там пачаліся беларускамоўныя службы. Віленскія біскупы зразумелі нашыя патрэбы, гэты касцёл цалкам аддалі беларусам, і там цяпер набажэнствы ідуць толькі на беларускай мове”.
З 2020 года беларуская парафія ў Вільні папоўнілася людзьмі, якія па розных прычынах сюды пераехалі з Беларусі, кажа спадарыня Ева. Вернікамі заапекаваўся ордэн братоў-капуцынаў.
“Айцец Арыюш Малыска – наш духоўны пастыр. Ён паляк, але шмат гадоў жыў у Беларусі, вельмі добра размаўляе па-беларуску”, – зазначае наша суразмоўца.
“Малітва на роднай мове вельмі шмат значыць для кожнага хрысціяніна”
Беларуская парафія ў Вільні жыве актыўным духоўным жыццём: тут бяруць шлюбы, хрысцяць дзяцей. Сёстры-беларускі праводзяць катэхэзы для маленькіх вернікаў. Цягам апошніх васьмі гадоў штогод ёсць група дзяцей, якія прыступаюць да Першай Камуніі. У асноўным гэта вучні беларускай гімназіі ім. Францыска Скарыны, кажа спадарыня Ева.
Імшы ў касцёле Святога Барталамея праходзяць амаль штодня. З аўторка па суботу – а 18-й гадзіне, у нядзелю – дзве Імшы: а 10-й і а 12-й гадзіне.
Паводле спадарыні Евы, беларуская парафія ў Вільні з’яўляецца інтэгральнай часткай Каталіцкага Касцёла ў Літве.
“Стала добрай традыцыяй, што ў Свята Маці Божай Вастрабрамскай праводзіцца Імша ў касцёле Святой Тэрэзы. Раней Імша была ў капліцы, але потым вернікаў стала так шмат, што яны перасталі там змяшчацца, – распавядае жанчына. – Таксама стала традыцыяй на ўспамін Святога Казіміра праводзіць у капліцы Святога Казіміра ў катэдры набажэнствы на розных мовах, у тым ліку і на беларускай. У гэтым годзе ўпершыню ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці будзе служба па-беларуску. Калі бываюць вялікія ўрачыстасці, заўсёды запрашаюць беларусаў, каб прагучаў і наш голас на малітве вернікаў на сумесных Імшах”.
Ева Граблеўская падкрэслівае, што беларускае каталіцтва паўстала ў Вільні не на пустым месцы, а на багатай беларускай спадчыне яшчэ даваенных часоў ХХ стагоддзя.
“Тады тут віравала беларускае каталіцкае жыццё: выдаваліся газеты, малітоўнікі, спеўнікі, у касцёле Святога Міхала праводзіліся Імшы па-беларуску, адтуль хадзілі шматлюдныя пілігрымкі на Кальварыю, што добра бачна на старых здымках, – згадвае спадарыня Ева. – Пры гэтым беларусы, якія тут нарадзіліся, – шматмоўныя, яны могуць пайсці і на літоўскую, і на польскую Імшы. Але малітва на роднай мове вельмі шмат значыць для кожнага хрысціяніна, і мы ўдзячныя літоўскаму духавенству, што маем такую магчымасць”.
Гданьск: Імшы праводзяць ксяндзы, якія раней служылі ў Беларусі
У Польшчы беларускае каталіцкае душпастырства развіваецца ў васьмі гарадах. Павел, які жыве ў Гданьску, распавёў, як гэта выглядае ў іх.
“У Гданьску беларуская каталіцкая супольнасць паўстала ў 2019 годзе. Імшы на беларускай мове тады праводзіліся раз на месяц. Цяпер праходзяць кожную нядзелю, звычайна ў рэктаральным касцёле Святога Юзафа. Калі ён заняты, збіраемся ў каралеўскай капліцы Мар’яцкай базілікі, – кажа беларус. – Ведаю, што ў Варшаве, Лодзі ёсць ксяндзы-беларусы, у нас жа Імшы праводзяць тыя, якія некалі служылі ў Беларусі: ксёндз Андрэй Бульчак і ксёндз Пётр Врубель”.
Акрамя непасрэдна Імшаў, у каталіцкай супольнасці беларусаў Гданьска праводзяцца рэкалекцыі, дні засяроджанасці, прайшло некалькі канферэнцыяў для дзяцей і дарослых, сустрэчы міністрантаў, “Канікулы з Богам”, працуе Рада супольнасці, якая штомесяц збіраецца. На ўрачыстасці, паводле нашага суразмоўцы, прыходзіць каля ста чалавек, у звычайныя нядзелі вернікаў крыху менш. У асноўным беларускія вернікі ў Гданьску – гэта сямейныя людзі, прыходзяць з дзецьмі, зазначае Павел.
Цяпер беларусы думаюць над катэхезамі для дзяцей: дзе, калі і хто іх будзе праводзіць. “Але ў Польшчы ўрокі рэлігіі ёсць у школах, таму нават калі ўласна катэхезы няма, гэта не такая вострая праблема, як у Беларусі, бо базавы ўзровень дзецям усё роўна даецца”, – распавядае Павел.
Католікі-беларусы ў Польшчы становяцца групай, якую чуваць
Самая вялікая праблема для беларускага душпастырства ў Польшчы, паводле нашага суразмоўцы, – недахоп святароў. “Тыя, што ёсць, моцна занятыя. У нас Імша ў нядзелю праходзіць а 14.30, бо гэты час – “фортка” ў ксяндза паміж Імшамі для палякаў. Атрымліваецца, што касцёл для Імшы ў Польшчы знайсці не праблема, цяжэй са святарамі”, – кажа Павел.
А самае каштоўнае ў беларускім душпастырстве, на думку маладзёна, – самаарганізацыя. “Тут усё і пачало так актыўна развівацца толькі дзякуючы таму, што людзі самі захацелі: сталі аб’ядноўвацца, шукаць памяшканні, святароў, ліставацца з Курыяй, біскупамі. Цяпер наша суполка цесна камунікуе і з Касцёлам у Беларусі, і з Касцёлам у Польшчы”, – зазначае Павел.
За апошнія два гады, на думку верніка, дзейнасць беларускай каталіцкай супольнасці ў Польшчы стала больш сістэмнай, яна вырасла колькасна. Католікі-беларусы ў Польшчы становяцца групай, якую чуваць.
Марыя Карловіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



