Раніцай 28 лютага курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведаміла сумную навіну, што па вечную ўзнагароду да Пана адышоў ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, дэкан Валожынскага дэканату, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка ў Ракаве.
Спачылы святар нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 года ў горадзе Глыбокае, што на Віцебшчыне. Выхоўваўся ў вялікай пабожнай каталіцкай сям’і, дзе было пяцёра сыноў.
Развітанне са спачылым святаром адбылося ў Ракаўскай парафіі, дзе ксёндз Дзмітрый быў пробашчам на працягу 20 год, а гэта амаль усё сваё святарскае жыццё.
Набажэнствы распачаліся 1 сакавіка з унясення труны ў касцёл і цэлебрацыяй святой Імшы, падчас якой маліўся біскуп Юрый Касабуцкі. Затым на працягу ўсяго дня і ночы вернікі і святары маліліся ля труны.
Раніцай 2 сакавіка Эўхарыстыю ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі.
Апоўдні труна з целам ксяндза каноніка Дзмітрыя была закрыта і распачалася пахавальная Імша. Разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, арцыбіскупам Юзафам Станеўскім за душу спачылага маліліся шматлікія святары з усёй Беларусі, а таксама шматлікія парафіяне Ракаўскай парафіі, родныя і блізкія, сёстры законныя і вернікі з розных куткоў Беларусі, якія ведалі святара.
Напачатку іерарх выказаў словы спачування і падтрымкі маме святара, спадарыні Гэлене, братам, сярод якіх ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч Вілейскай парафіі, а таксама ракаўскім парафіянам, у якой ксёндз Дзмітрый нёс да апошняга дня душпастырскую паслугу.
Падчас гаміліі мітрапаліт прапанаваў засяродзіцца над важным пытаннем: “Якую навуку нясе з сабой апошняя пахавальная катэхеза маладога святара: вам, парафіянам і вернікам, і нам, святарам?”
Далей арцыбіскуп Юзаф нагадаў гісторыю жыцця ксяндза Дзмітрыя, узгадаў яго вучобу ў Гродзенскай семінарыі і Люблінскім універсітэце, выкладчыскую працу ў Пінскай семінарыі, служэнне ў якасці афіцыяла касцёльнага суда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Немагчыма не адзначыць і шматгадовую душпастырскую дзейнасць у парафіі ў Ракаве: гэта і рамонт касцёла, плябаніі, рэкалекцыйнага дому для дзяцей і моладзі, пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай і, канешне ж, малітоўная і сакрамантальная паслуга.
“Душпастырства і прабыванне з вернікамі — вось маё пакліканне” – працытаваў ксяндза Дзмітрыя іерарх.
Кранальнымі словамі скончылася гамілія. Арцыбіскуп Юзаф прамовіў: “Святар Дзмтрый, просім цябе і мы, там, у Божым Валадарстве, прасі за нас Бога, як гэта ты рабіў у дні святарскай паслугі. Прасі, каб мы добра жылі і Бога любілі, жыцця не змарнавалі і на жыццё вечнае запрацавалі”.
Напрыканцы жалобнай Літургіі былі зачытаныя словы спачування, якія скіравалі Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.
Словы спачування і падтрымкі выказаў таксама айцец Сяргей Лепін, настаяцель праваслаўнай ракаўскай супольнасці: “Ксендз Дзмітрый быў не толькі добрым святаром і душпастырам, але і добрым суседам і маім асабістым сябрам. Гэта нашая сумесная страта. Але мы верым і молімся, што ў асобе ксяндза Дзмітрыя ракаўская парафія набыла для сябе Нябеснага заступніка”.
Куратарам падрыхтоўчага курса духоўнай семінарыі, ксяндзом Паўлам Эйсмантам быў зачытаны ліст са словамі падзякі ад роднага брата, ксяндза каноніка Аляксандра Барылы.
У ім святар дзякаваў перад усім Пану Богу за дар жыцця ксяндза Дзмітрыя, а таксама парафіянам, якія зрабілі жыццё святара па-сапраўднаму шчаслівым. Прагучалі словы падзякі медыкам, якія змагаліся за жыццё ксяндза Дзмітрыя і тым, хто перажываў і маліўся. Таксама ўдзячнасць была скіраваная ў адрас сям’і і святароў, якія падтрымлівалі ў гэтыя цяжкія апошнія дні.
Пасля слоў спачування адбыўся абрад апошняга даручэння і пахавання. Працэсія з целам памерлага святара накіравалася на мясцовыя могілкі.
Кранальным момантам стала тое, што падчас працэсіі святары, змяняючы адзін аднаго, неслі труну на плячах. Так браты ў святарстве праводзілі сабрата ў апошні шлях, просячы Пана Бога, Валадара Жыцця, каб пасля годнага і ахвярнага зямнога пілігрымавання ксёндз Дзмітрый дасягнуў Вечнага жыцця.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
