- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Душпастырства і прабыванне з вернікамі — вось маё пакліканне”. У Ракаве развіталіся з ксяндзом Дзмітрыем Барылам

[1]Раніцай 28 лютага курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі паведаміла сумную навіну, што па вечную ўзнагароду да Пана адышоў ксёндз канонік Дзмітрый Барыла, дэкан Валожынскага дэканату, пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка ў Ракаве.

Спачылы святар нарадзіўся 23 кастрычніка 1974 года ў горадзе Глыбокае, што на Віцебшчыне. Выхоўваўся ў вялікай пабожнай каталіцкай сям’і, дзе было пяцёра сыноў.

Развітанне са спачылым святаром адбылося ў Ракаўскай парафіі, дзе ксёндз Дзмітрый быў пробашчам на працягу 20 год, а гэта амаль усё сваё святарскае жыццё.

Набажэнствы распачаліся 1 сакавіка з унясення труны ў касцёл і цэлебрацыяй святой Імшы, падчас якой маліўся біскуп Юрый Касабуцкі. Затым на працягу ўсяго дня і ночы вернікі і святары маліліся ля труны.

Раніцай 2 сакавіка Эўхарыстыю ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў біскуп Віцебскі  Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Апоўдні труна з целам ксяндза каноніка Дзмітрыя была закрыта і распачалася пахавальная Імша. Разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, арцыбіскупам Юзафам Станеўскім за душу спачылага маліліся шматлікія святары з усёй Беларусі, а таксама шматлікія парафіяне Ракаўскай парафіі, родныя і блізкія, сёстры законныя і вернікі з розных куткоў Беларусі, якія ведалі святара.

Напачатку іерарх выказаў словы спачування і падтрымкі маме святара, спадарыні Гэлене, братам, сярод якіх ксёндз канонік Аляксандр Барыла, пробашч Вілейскай парафіі, а таксама ракаўскім парафіянам, у якой ксёндз Дзмітрый нёс да апошняга дня душпастырскую паслугу.

[2]

Падчас гаміліі мітрапаліт прапанаваў засяродзіцца над важным пытаннем: “Якую навуку нясе з сабой апошняя пахавальная катэхеза маладога святара: вам, парафіянам і вернікам, і нам, святарам?”

Далей арцыбіскуп Юзаф нагадаў гісторыю жыцця ксяндза Дзмітрыя, узгадаў яго вучобу ў Гродзенскай семінарыі і Люблінскім універсітэце, выкладчыскую працу ў Пінскай семінарыі, служэнне ў якасці афіцыяла касцёльнага суда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Немагчыма не адзначыць і шматгадовую душпастырскую дзейнасць у парафіі ў Ракаве: гэта і рамонт касцёла, плябаніі, рэкалекцыйнага дому для дзяцей і моладзі, пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай і, канешне ж, малітоўная і сакрамантальная паслуга.

“Душпастырства і прабыванне з вернікамі — вось маё пакліканне” – працытаваў ксяндза Дзмітрыя іерарх.

[3]

Кранальнымі словамі скончылася гамілія. Арцыбіскуп Юзаф прамовіў: “Святар Дзмтрый, просім цябе і мы, там, у Божым Валадарстве, прасі за нас Бога, як гэта ты рабіў у дні святарскай паслугі. Прасі, каб мы добра жылі і Бога любілі, жыцця не змарнавалі і на жыццё вечнае запрацавалі”.

Напрыканцы жалобнай Літургіі былі зачытаныя словы спачування, якія скіравалі Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.

Словы спачування і падтрымкі выказаў таксама айцец Сяргей Лепін, настаяцель праваслаўнай ракаўскай супольнасці: “Ксендз Дзмітрый быў не толькі добрым святаром і душпастырам, але і добрым суседам і маім асабістым сябрам. Гэта нашая сумесная страта. Але мы верым і молімся, што ў асобе ксяндза Дзмітрыя ракаўская парафія набыла для сябе Нябеснага заступніка”.

[4]

Куратарам падрыхтоўчага курса духоўнай семінарыі, ксяндзом Паўлам Эйсмантам быў зачытаны ліст са словамі падзякі ад роднага брата, ксяндза каноніка Аляксандра Барылы.

[5]

У ім святар дзякаваў перад усім Пану Богу за дар жыцця ксяндза Дзмітрыя, а таксама парафіянам, якія зрабілі жыццё святара па-сапраўднаму шчаслівым.  Прагучалі словы падзякі медыкам, якія змагаліся за жыццё ксяндза Дзмітрыя і тым, хто перажываў і маліўся. Таксама ўдзячнасць была скіраваная ў адрас сям’і і святароў, якія падтрымлівалі ў гэтыя цяжкія апошнія дні.

Пасля слоў спачування адбыўся абрад апошняга даручэння і пахавання. Працэсія з целам памерлага святара накіравалася на мясцовыя могілкі.

[6]

Кранальным момантам стала тое, што падчас працэсіі святары, змяняючы адзін аднаго, неслі труну на плячах. Так браты ў святарстве праводзілі сабрата ў апошні шлях, просячы Пана Бога, Валадара Жыцця, каб пасля годнага і ахвярнага зямнога пілігрымавання ксёндз Дзмітрый дасягнуў Вечнага жыцця.

[7]

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота