Духоўны максімум: Афрыка і Азія становяцца кузнямі святароў

Навучэнцы семінарыі Святога Паўла ў Гане

Місійныя абшары перажываюць сапраўдны росквіт: за год шэрагі семінарыстаў у Афрыцы і Азіі папоўніліся на пяць тысяч чалавек, што сведчыць пра незвычайную жыццяздольнасць веры.

Статыстыка Папскай ініцыятывы святога Пятра Апостала, апублікаваная ў часопісе «Il Timone», адлюстроўвае імклівы рух Касцёла наперад. У 2024-2025 акадэмічным годзе агульная колькасць будучых святароў у 801 семінарыі дасягнула 88 тысяч.

Гэта азначае, што ўсяго за дванаццаць месяцаў сусветная каталіцкая супольнасць атрымала звыш 5 тысяч новых пакліканняў, а сетка навучальных устаноў пашырылася на 23 новыя цэнтры.

Генеральны сакратар Ініцыятывы айцец Гі Баньён заўважае, што большасць семінарыстаў паходзіць з бедных сем’яў, загартаваных жыццёвымі цяжкасцямі. Менавіта ў такім асяроддзі нараджаецца асаблівая чуласць да патрэб іншага чалавека.

Аднак ключавым фактарам застаецца менавіта духоўны аспект: пакліканні багата растуць там, дзе веру вызнаюць з запалам і без аглядкі на меркаванні свету, цалкам прымаючы каталіцкае вучэнне і рэгулярна прыступаючы да сакрамэнтаў.

Каб гэтыя парасткі не завялі, Касцёл робіць стаўку на грунтоўнае суправаджэнне. На гэты момант пад апекай Папскай ініцыятывы знаходзяцца сотні ўстаноў: 449 ніжэйшых, 141 прэпедэўтычная і 211 вышэйшых семінарый. Асноўная ўвага структуры накіравана менавіта на Афрыку і Азію, дзе Касцёл застаецца маладым і поўным сіл.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку