Прынятая напрыканцы 2023 года Дыкастэрыяй веравучэння дэкларацыя «Fiducia supplicans» выклікала вялікае абмеркаванне як унутры Каталіцкага Касцёла, так і за яго межамі. Ацэнкі яе часам адрозніваліся дыяметральна. А некаторыя біскупскія канферэнцыі наўпрост забаранілі святарам яе выконваць.
18 снежня 2023 года Дыкастэрыя веравучэння апублікавала зацверджаную Папам Францішкам дэкларацыю «Fiducia supplicans», якая сярод іншага дазваляе бласлаўленне «неўрэгуляваных» параў і параў аднаго полу.
Пры гэтым, праўда, падкрэсліваецца, што форма блаславенняў не павінна атаясамлівацца з вызначаным адпаведным рытуалам, каб не блытаць гэта з бласлаўленнем, уласцівым Сакраманту Шлюбу.
Мэта такога кроку, паводле дакумента, – паклікаць Божае бласлаўленне «да тых, хто, прызнаючы сябе бяздольнымі і маючы патрэбу ў Яго дапамозе, не прэтэндуе на ўзаконенне свайго ўласнага статусу, але просіць, каб усё сапраўднае, добрае і па-чалавечы каштоўнае ў іх жыцці і стасунках было ўзбагачана, вылечана і ўзвышана прысутнасцю Святога Духа». У выніку такога блаславення чалавечыя стасункі «маглі б выспяваць і ўзрастаць у вернасці Евангеллю, каб быць вызваленымі ад недасканаласцяў і слабасцяў і каб выяўляць сябе ва ўсё большым вымярэнні Божай любові».
Такія бласлаўленні павінны быць давераныя «практычнаму распазнаванню ў кожнай асобнай сітуацыі». У «кароткай малітве, якая можа папярэднічаць гэтаму спантаннаму бласлаўленню, святар можа прасіць міру, здароўя, цярпення, дыялогу і ўзаемадапамогі, а таксама Божага святла і сілы для таго, каб выконваць Яго волю ў поўнай меры». Каб пазбегнуць «любой формы блытаніны і скандалу», бласлаўленне неўрэгуляваным або аднаполым парам «ніколі не павінна ажыццяўляцца адначасова з грамадзянскімі абрадамі шлюбу або ў сувязі з імі». Таксама нельга выкарыстоўваць адзенне, жэсты або словы, уласцівыя абраду сужэнства.
У дакуменце асабліва падкрэсліваецца, што «нават калі стасункі з Богам азмрочаныя грахом, чалавек заўсёды можа папрасіць бласлаўлення, працягваючы да Яго руку».
Што за Дыкастэрыя?
Дэкларацыя Дыкастэрыі веравучэння – вельмі значны дактрынальны дакумент. Папярэднюю дэкларацыю – «Dominus Jesus» – апублікавалі амаль 24 гады таму, у жніўні 2000 года. Тады Кангрэгацыю веравучэння, якая з’яўляецца пераемніцай рымскай інквізіцыі і якая з 2022 года называецца Дыкастэрыяй веравучэння, узначальваў кардынал Ёзэф Ратцынгер, які ў 2005 годзе стаў Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI.
Дэкларацыя «Fiducia supplicans» выйшла праз пяць месяцаў пасля таго, як Папа Францішак прызначыў на пасаду яе прэфекта свайго даўняга аргенцінскага паплечніка кардынала Віктора Мануэля Фэрнандэса. Справу апошняга, дарэчы, раней разглядала Кангрэгацыя веравучэння, занепакоеная ягоным багаслоўем.
Моцная крытыка і адмовы ад блаславенняў
Наяўнасць дазволу на блаславенне аднаполых параў выклікала неразуменне ў вялікага кола вернікаў, іерархаў і цэлых біскупскіх канферэнцыяў. Ужо 18 снежня епіскапату ЗША давялося тлумачыць, што «вучэнне Касцёла аб сужэнстве не змянілася», а сакрамантальнае блаславенне адрозніваецца ад душпастырскага. Канадская канферэнцыя каталіцкіх біскупаў таксама заявіла, што дакумент «яўна» пацвярджае вучэнне аб шлюбе. А дацкі біскуп Чэслаў Казон заявіў, што праблема не ў змесце дэкларацыі, «а ў тым, як яна будзе ўспрынятая і вытлумачаная». У выніку Папа Францішак праз тры дні пасля апублікавання дакументу параіў пазбягаць «жорсткіх ідэалагічных пазіцыяў».
Сярод іерархаў першымі негатыўна адрэагавалі на з’яўленне дакументу казахстанскія біскупы Томаш Пэта і Атаназіус Шнайдэр, якія 19 снежня забаранілі святарам і вернікам архідыяцэзіі Астаны «любую форму блаславення параў у нерэгулярных сітуацыях і аднаполых параў».
«Такое бласлаўленне наўпрост і сур’ёзна супярэчыць Абʼяўленню Божаму і непарыўнаму двухтысячагадоваму вучэнню і практыцы Каталіцкага Касцёла. Блаславенне пар у нерэгулярных сітуацыях і аднаполых параў зʼяўляецца цяжкім злоўжываннем найсвяцейшага Імя Божага, бо яно заклікаецца на афіцыйны грахоўны саюз чужалоства або гомасэксуальнага акту», – заявілі біскупы.
Хутка забаранілі ўдзяляць такога кшталту бласлаўленне і ў іншых краінах (Беніне, Венгрыі, Замбіі, Камеруне, Конга, Малаві, Намібіі, Тога). Польская біскупская канферэнцыя прапанавала бласлаўляць толькі «асобных людзей, якія жывуць у поўным устрыманні». А чэшскія біскупы падкрэслілі, што блаславення не атрымаюць асобы, якія не разумеюць, што яно выключае хаця б найменшы намёк на ўхваленне аднаполых стасункаў. Святаслаў Шаўчук, начэльны Украінскай грэка-каталіцкай царквы, у сваю чаргу заявіў, што дэкларацыя датычная выключна Рымскага Касцёла і не мае юрыдычнай моцы ва ўсходніх каталіцкіх цэрквах.
11 студзеня 2024 года Сімпозіум біскупскіх канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара заявіў, што на кантыненце бласлаўленне аднаполым парам надавацца не будзе. Як сказаў кенійскі мітрапаліт Фрыдалін Амбонга, у Афрыцы дакумент выклікаў шок і моцную рэакцыю, пасеяўшы замяшанне і трывогу сярод многіх свецкіх і клерыкаў.
Нямецкі кардынал Герхард Людвіг Мюлер, які ўзначальваў Кангрэгацыю веравучэння ў 2012–2017 гадах, назваў дэкларацыю «святатацкай і блюзнерскай». Паводле яго, Касцёл «не можа адзначаць адно і вучыць іншаму». Кардынал Роберт Сара, былы прэфект Кангрэгацыі богаслужэння і дысцыпліны сакрамантаў, назваў дэкларацыю «ерассю, якая сурʼёзна падрывае Касцёл».
Выклікала «Fiducia suplicans» неразуменне і сярод іншых хрысціянаў. Гэтак кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, адзначыў, што сутыкаецца «з негатыўнай рэакцыяй экуменічнага свету» на дэкларацыю. Напрыклад, Старажытныя ўсходнія цэрквы хочуць закрануць гэтае пытанне падчас найбліжэйшых сустрэчаў. З крытыкай дэкларацыі выступілі і іншыя хрысціянскія лідары, як амерыканскі евангеліст Фрэнклін Грэм. А брытанскі багаслоў Карл Труман выказаў занепакоенасць тым, што кансерватыўным пратэстантам на Захадзе цяпер будзе больш складана схавацца пад культурным парасонам Касцёла.
Ватыкан працягвае тлумачыць дакумент
Пакуль свет асуджаў або ўхваляў дэкларацыю, прэфект Дыкастэрыі веравучэння кардынал Фэрнандэс працягваў спрабаваць патлумачыць яе змест. У інтэрв’ю іспанскай ABC 26 снежня 2023 года ён заявіў, што «калі прачытаць тэкст з правільным настроем, то можна ўбачыць: ён з высокім узроўнем яснасці і прастатой падтрымлівае спрадвечнае каталіцкае вучэнне аб сужэнстве і чалавечай сексуальнасці». Паводле яго, душпастырскае бласлаўленне гомасексуальных людзей не азначае «ні згоды на шлюб, ні ўхвалення ладу жыцця, які яны вядуць, ні адпушчэння грахоў», «гэта просты жэст душпастырскай блізкасці, да якога не прадʼяўляюцца такія патрабаванні, як да сакраманту». Тым больш, дадаў ён, гэта не з’яўляецца крокам да прыняцця гомасексуальных стасункаў або прыраўноўвання сужэнства да аднаполых саюзаў. Тым не менш, ён дазволіў кожнаму біскупу прыняць рашэнне адносна блаславення аднаполых параў у сваёй дыяцэзіі.
Гэтая пазіцыя была паўтораная 4 студзеня 2024 года ў адмысловым паведамленні Дыкастэрыі веравучэння. Там падкрэслілі, што «няма ніякіх падстаў для дактрынальнага дыстанцыянавання ад гэтай дэкларацыі або для таго, каб лічыць яе ерэтычнай, супярэчнай Традыцыі Касцёла або блюзнерскай».
«Такое «душпастырскае» бласлаўленне павінна быць «перш за ўсё вельмі кароткім»: яно здзяйсняецца на працягу некалькіх секунд, без абраду і выкарыстання літургічных кніг. Калі два чалавекі звяртаюцца з просьбай пра яго, мы проста просім Пана аб міры, здароўі і іншых дабротах для гэтых двух людзей. Адначасова мы просім, каб яны маглі жыць Евангеллем Хрыста ў поўнай вернасці і каб Святы Дух мог вызваліць гэтых двух людзей ад усяго, што не адпавядае Яго Божай волі, і ад усяго, што патрабуе ачышчэння. … У дадзеным выпадку пастыр не ставіць ніякіх умоў і не жадае ведаць пра інтымнае жыццё гэтых людзей», – заявілі ў Дыкастэрыі.
Там адзначылі, што кожны біскуп у сваёй дыяцэзіі ўпаўнаважаны ўводзіць такія простыя бласлаўленні «з усімі неабходнымі парадамі адносна разважлівасці і асцярожнасці, але ні ў якім выпадку не ўпаўнаважаны прапаноўваць ці ўводзіць бласлаўленні, якія могуць нагадваць літургічны абрад».
Таксама ў «некаторых месцах, магчыма, будзе неабходная катэхізацыя, каб дапамагчы ўсім зразумець, што такога кшталту бласлаўленні не з’яўляюцца ўхваленнем жыцця, якое вядуць людзі, што просяць пра іх».
«Дакумент не абараняе ні гей-лобі, ні праявы гей-гонару. Нічога такога. Замест гэтага ў яго змесце – заклапочанасць лёсам многіх вернікаў, якія пакутуюць ад адчування, што яны знаходзяцца па-за Касцёлам, ад таго, што не могуць прыняць ніякага жэсту айцоўскай блізкасці. Калі пара здзяйсняе пілігрымку і прыходзіць у свой любімы касцёл, яна атрымлівае там бласлаўленне, нават ведаючы, што гэта не адпушчэнне грахоў: гэта як ласка Бога, як глыток свежага паветра, які Касцёл дае двум пілігрымам», – заявіў прэфект Дыкастэрыі 11 студзеня ў інтэрвʼю італьянскай «La Stampa».
Разважаючы над дакументам, старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі біскуп Антоніа Стальяна на старонках «Avvenire» падкрэсліў, што ніхто не можа быць выключаны, пазбаўлены Божай любові: ні «неўрэгуляваныя пары», ні нават аднаполыя пары. Паводле яго, гаворка ідзе пра блаславенне не столькі «гомасексуальных параў як саюзаў», колькі «гомасексуальных людзей у пары». «Ці можна гэта рабіць? Так, безумоўна. Ніякія тэалагічныя аргументы не могуць з каталіцкага пункту гледжання абвергнуць гэтую магчымасць», – заявіў ён.
На сустрэчы з 800 рымскімі святарамі 13 студзеня Папа Францішак заявіў, што гомасексуалісты могуць быць бласлаўлёныя, але не ЛГБТ-асацыяцыі. «Калі мы бласлаўляем прадпрымальніка, мы не пытаемся, ці краў ён», – сказаў Пантыфік.
У тэлеінтэрв’ю 14 студзеня Пантыфік падкрэсліў адносна «Fiducia supplicans», што «Пан бласлаўляе ўсіх, кожнага, кожную». Паводле яго, Пана «не абураюць нашы грахі, бо Ён – Айцец, Ён суправаджае нас». Францішак таксама выказаў надзею, што пекла можа апынуцца пустым.
26 студзеня на сустрэчы з прэфектам і супрацоўнікамі Дыкастэрыі веравучэння Францішак удакладніў, што мэта дэкларацыі заключаецца ў тым, каб «паказаць блізкасць Пана і Касцёла да ўсіх тых, хто, апынуўшыся ў розных сітуацыях, просіць дапамогі ў прасоўванні наперад па шляху веры». Папа адзначыў, што, па-першае, гэтыя бласлаўленні не патрабуюць «маральнай дасканаласці», па-другое, бласлаўляецца не саюз, а людзі, якія просяць пра гэта, «прымаючы пад увагу кантэкст, адчувальнасць, мясцовасць і найбольш прыдатныя спосабы зрабіць гэта».
Мечыслаў Гапановіч
