Даваць добрае сведчанне: працэсія Божага Цела прайшла на вуліцах Віцебска

У свята Найсвяцейшых Цела і Крыві Хрыста, 19 чэрвеня, вернікі Віцебска прайшлі па вуліцах горада ў працэсіі, даючы сведчанне веры і выпрошваючы Божае блаславенне для ўсіх яго жыхароў.

У гэтым годзе працэсія Божага Цела праходзіла ў будзень. Нягледзячы на тое, што многія з удзельнікаў у гэты час толькі вярнуліся з працы, катэдральны Касцёл Езуса Міласэрнага быў поўны людзьмі з розных парафій горада.

Перад святочнай святой Імшой вернікі разам маліліся за святароў дзякуючы за іх Богу і выпрошваючы новыя пакліканні.

На пачатку святой Імшы біскуп Алег прывітаў прысутных святароў і вернікаў і адзначыў ахвярнасць прысутных, якія прыйшлі для праслаўлення Бога нягледзячы на дождж і буднія справы.

У гаміліі біскуп Алег напомніў верным пра сэнс свята Божага Цела такімі словамі: “Сёння мы святкуем прысутнасць, блізкасць Бога, Які гаворыць:”Вось, Я з вамі да сканчэння веку” да нас” – сказаў ён, дадаючы, што разуменне гэтага павінна дзень за днём паглыбляць і узмацняць нашую веру ў Хрыстовы абяцянні. “Няма большага дару для чалавека, чым Той, які нам пакінуў Езус, але карыстаць з Яго можна толькі на зямлі” – працягнуў пастар Вмцебскай дыяцэзіі, заахвочваючы верных часцей і з вялікай пашанай прымаць Хрыста ў сваё сэрца.

Біскуп таксама звярнуў увагу і на прадказанні гэтага дару ў Старым Запавеце: “Мэльхізэдэк – святар найвышэйшага Бога – прыносіць гэтыя дары – хлеб і віно – Абрагаму, у гэтым бачым правобраз аб’яднання замнога і нябеснага, які яшчэ шмат разоў з’яўляецца на старонках Бібліі: манна для святога народа ў пустыні, памнажэнне хлябоў Езусам і гэтак далей, ажно пакуль Ён Сам не гаворыць вучням “Ешце і пейце”. Сёння Бог чакае ад нас веры ў гэты дар і таямніцу, як чакаў і тады ад вучняў”.

“Ідучы за Ім сёння ў працэсіі можам нагадаць Пальмовую Нядзелю, радасна сустракаючы свайго Збаўцу ў постаці хлеба. Але не будзем як той народ, які выдаў Яго, калі Езус не споўнім іх чаканняў. Будзем вернымі Яму да канца і засведчым перад горадам пра Бога, а гэтыя людзі на вуліцы будуць шчаслівыя, бо праз нас пачуюць Божае Слова.” – заахвоціў верных біскуп Алег.

Пасля святой Імшы пачалася ўрачыстая працэсія. У гэтым годзе яе суправаджаў духавы аркестр, які надаваў асаблівае гучанне касцёльным спевам, якія спяваліся вернікамі. Працэсія прайшла, спыняючыся на малітву і слуханне Слова Божага перад трымя алтарамі, якія былі зроблены трымя віцебскімі парафіямі.

Напрыканцы ўрачыстай працэсіі прагучаў гімн “Цябе Бога праслаўляем”, пасля чаго біскуп Алег яшчэ раз звярнуўся да прысутных, дзякуючы арганізатарам, святарам, музыкам, якія суправаджалі свята, міністрантам і усім вернікам, запрашаючы іх да ўдзелу ва ўрачыстасцях у Будславе і Браславе.

Лаліта Арлоўская, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку