Некаторы час таму мне трапіла ў рукі кніга Вільгельма Хунермана “Святы Антоній Падуанскі”. З яго біяграфіяй, напэўна, знаёмы амаль кожны католік-практык, аднак у той час узнікла жаданне пазнаёміцца з мастацкай інтэрпрэтацыяй жыцця святога. З першых старонак мяне захапілі незвычайны сюжэт, багацце вобразаў і арыгінальнасць выкладу. Кожную вольную хвіліну я звярталася да кнігі, а пасля абдумвала прачытанае, аналізавала пэўныя моманты. Дзіўны, дзіўны гэты францысканец… Супярэчлівы. Незвычайны. Глыбокі. Ён сумяшчаў у сабе знешнюю нягегласць і багаты ўнутраны свет. Яго казанні краналі сэрцы, прымушалі змяняць грэшнае і бессэнсоўнае жыццё. Хваравіты і слабы, ён валодаў вялікай унутранай сілай, якая дапамагала рабіць сапраўдныя цуды. Палымяныя казанні святога слухалі нават жывёлы, а злодзеі вярталі яму ўкрадзеныя рэчы.
Шмат стагоддзяў прайшло з таго часу, многае змянілася. Аднак культ святога развіваецца і зараз: вернікі звяртаюцца да яго ў розных патрэбах, просяць дапамагчы адшукаць страчаныя рэчы. І Антоній дапамагае. Нават пасля яго смерці адбываюцца самыя сапраўдныя цуды, якія ўмацоўваюць веру простых людзей. З цудамі святога тройчы сутыкнулася Анастасія Зязюля, шматдзетная мама з-пад Гродна.
Адшуканая страта
Пра святога, які дапамагае знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, жанчына ведала з дзяцінства. Яна чула, што людзі прыносяць яму свае праблемы і цяжкасці. Аднак сама па дапамогу ніколі не звярталася. Але выпадак зрабіў сваю справу. У той час яна сустракалася са сваім будучым мужам Дзмітрыем. Аднойчы малады чалавек згубіў кашалёк з усімі дакументамі і дастаткова вялікай сумай грошай. Кашалёк быў згублены ў грамадскім месцы, таму знайсці яго не было ніякай надзеі. У роспачы Дзмітрый вырашыў пакрысе аднаўляць дакументы. Анастасія ўгаворвала яго пачакаць, а сама распачала першую ў сваім жыцці навэнну да святога Антонія. Яна спадзявалася, што святы дапаможа знайсці згубу. Яе абраннік не верыў у цуд і адчуваў роспач. Аднак праз некалькі дзён патэлефанавала жанчына і паведаміла, што кашалёк у яе. Яна вярнула Дзмітрыю яго згубу. Малады чалавек хацеў аддзячыць жанчыне за добрую справу, але тая адмовілася ад узнагароджання. Так Анастасія блізка пазнаёмілася са святым, на сабе адчула яго дапамогу і апеку.
Падарунак для маладой сям’і
У хуткім часе пасля таго выпадку пара ажанілася. Шчаслівыя і закаханыя, Анастасія і Дзмітрый планавалі сваё жыццё, марылі арганізаваць свой невялікі бізнес – вырошчваць кветкі. І, безумоўна, як усе маладыя сем’і, чакалі першынца. Аднак год мінаў за годам, а цяжарнасць усё не наступала. Пара звярнулася да ўрачоў, якія выявілі некаторыя адхіленні. Менавіта гэтыя праблемы перашкаджалі Анастасіі і Дзмітрыю стаць бацькамі. Маладая жанчына цяжка перажывала гэтую навіну, але пасля змірылася. Яна зразумела, што гэта крыж, які неабходна прыняць з пакорай. Сям’я пачала жыць сваім звычайным жыццём, працаваць і адпачываць, а тэма бацькоўства больш не падымалася.
Пасля чарговых Калядаў з душпастырскім візітам сям’ю наведаў ксёндз Валерый Быкоўскі. Падчас размовы ён спытаў, чаму ў маладой сям’і яшчэ няма дзяцей. Гэтае пытанне выбіла маладых людзей з каляіны. Тады Анастасія падзялілася сваёй гісторыяй. Ксёндз не падтрымаў агульнага песімізму і параіў маліцца ў такой патрэбе да святога Антонія. Жанчына пачала штодня маліцца ў гэтай інтэнцыі. Чатыры месяцы трывала яе малітва. І ўжо ў маі Анастасія даведалася, што чакае дзіця. Да гэтага чатыры гады пара звярталася да ўрачоў і шукала спосабы лячэння, а святы Антоній вырашыў гэту сітуацыю за лічаныя месяцы.
У хуткім часе нарадзілася доўгачаканая дачушка Варвара, якая напоўніла сэрцы маладых бацькоў сапраўднай радасцю, а жыццё – новым сэнсам. Праз некалькі гадоў на свет з’явілася другая дачушка, Паліна, а яшчэ пазней – сын Ваня. Калі нарадзіўся малодшы сын, у сям’і ўжо паспяхова функцыянаваў кветкавы бізнес.
Вяртанне здароўя
Падчас трэцяй цяжарнасці на адным з ультрагукавых даследаванняў у дзіцяці былі выяўленыя шматлікія сур’ёзныя праблемы. Урач параіў жанчыне быць гатовай да любой развязкі сітуацыі. Жанчына трымала ў руках вынікі і не магла паверыць сваім вачам. Навіна выбіла яе са звыклай каляіны, а ў галаве была толькі адна праблема. Да таго ж сужэнцы з нецярпеннем чакалі з’яўлення на свет сына. Цяпер яны знаходзіліся ў цемры і дэпрэсіі. Вядомы афарызм сцвярджае, што бядзе слязьмі не дапаможаш. Анастасія была цалкам згодная з гэтым меркаваннем, таму распачала чарговую навэнну да святога Антонія, які ўжо стаў вельмі блізкім. Жанчына шчыра і аддана малілася, узгадвала ранейшыя цуды і верыла, што і на гэты раз святы развяжа вузел хваробы.
Наступнае ўльтрагукавое даследаванне паказала, што хлопчык цалкам здаровы, адхіленняў і праблем няма. Маладая мама плакала ад шчасця, дзякуючы нябеснаму заступніку за чарговы цуд. Ваня з’явіўся на свет цалкам здаровым. Зараз хлопчыку тры гады. Ён дапамагае бацькам у цяпліцы, штодня радуе новымі ўменнямі. Гледзячы на сына, жанчына час ад часу прыгадвае тую сітуацыю і дзякуе святому за дар стаць матуляй гэтага гарэзлівага і няўрымслівага хлопчыка.
Каханы муж, любімыя дзеці, прасторны і ўтульны дом, справа, якая прыносіць асалоду, – у жанчыны ёсць усё неабходнае. Яна з упэўненасцю можа назваць сябе шчаслівым чалавекам. Кожны год 13 чэрвеня разам з сям’ёй Анастасія прыязджае ў Адэльск да свайго нябеснага заступніка, каб падзякаваць яму за атрыманыя ласкі. Не так даўно ля касцёла ўсталявалі фігуру святога Антонія. Клопат пра прыгажосць ля яе жанчына ўзяла на сябе. Анастасія падрыхтавала дэкаратыўныя кусты, абдумала дызайн клумбы, а пасля высадзіла іх ля фігуры нябеснага апекуна. Дбайна і старанна яна даглядала іх. Прыязджаючы ў Адэльск і працуючы ля фігуры, жанчына ўзгадвала сваіх дзяцей – Варвару, Паліну і Ваню – самыя цудоўныя кветкі ў яе жыцці, якія яна калісьці атрымала ад святога Антонія.
Марта Венславовіч
для друку