Ці лёгка будаваць сувязь паміж настаяцелямі? Размова з кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, адным з былых старшыняў Каардынацыйнай групы

За апошнія некалькі год супрацоўніцтва кансэкраваных асобаў Беларусі несумненна выйшла на новы ўзровень. Чытачы каталіцкіх медыяў ужо прызвычаіліся да пастаянных сустрэч манахаў і манахінь на розных узроўнях.

За гэтым, падаецца, простым працэсам стаіць шматгадовая праца структуры з доўгай і цяжказапамінальнай назвай — Каардынацыйная група вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. З кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, адным з яе былых старшыняў і рухавікоў, размаўляем пра тое, што значыць наладжваць супрацу паміж дзесяткамі супольнасцяў па ўсёй краіне.

— Распавядзіце, калі ласка, пра пачаткі Каардынацыйнай групы.

Кананічнае права прадугледжвае для настаяцеляў права аб’ядноўвацца ў рады. Такая магчымасць дадзена дзеля больш поўнага дасягення мэтаў кожнага інстытута кансэкраванага жыцця і наладжвання каардынацыі і супрацы з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ) і паасобнымі біскупамі-ардынарыямі.

Паколькі ў нашай беларускай рэчаіснасці напачатку існавалі ў асноўным дэлегаты і прадстаўнікі манаскіх ордэнаў, было зразумела, што дадзеная рада не будзе складацца толькі з вышэйшых настаяцеляў, а менавіта гэта мае на ўвазе заканадаўца ў кананічным праве.

У 2013 г., дзякуючы намаганням тагачаснага Нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці, была арганізавана першая працоўная група. У яе склад увайшлі некалькі настаяцеляў. Адразу зазначу, што ініцыятыва Нунцыя Гуджэроцці была папярэджана неаднаразовай просьбай тагачаснага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, стварыць у Беларусі штосьці накшталт “канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў”.

Гэта быў выклік часу, на які неабходна было адказаць. Арцыбіскуп Тадэвуш ўжо меў вопыт стварэння такой структуры ў Расіі і пераканаўся ў яе эфектыўнасці. Таму ён асабіста быў зацікаўлены ў арганізацыі “канферэнцыі” адпаведна беларускай рэчаіснасці. З гэтай справай арцыбіскуп неаднойчы звяртаўся да нунцыя і на ўсіх пазнейшых этапах паўстання структуры падтрымліваў яе сваім аўтарытэтам.

Сустрэчы першай працоўнай групы адбываліся яшчэ ў старым будынку нунцыятуры. Арцыбіскуп Клаўдыё даручыў зрабіць аналіз манаскіх супольнасцей, высветліць, якія ёсць настаяцелі або прадстаўнікі супольнасцяў і іх колькасць. Адначасова з гэтым была агучана галоўная мэта працоўнай групы — стварэнне статутаў для будучай структуры.

Неадкладна распачаўся збор інфармацыі і азнаямленне з практыкай араганізацыі такіх канферэнцый у нашых бліжэйшых суседзяў. У пачатку 2014-га, дакладна ўжо не памятаю калі, у капліцы душпастырскага цэнтра пры ККББ у Мінску адбылася першая нефармальная сустрэча з адказнымі за манаскія супольнасці ў нашай краіне з якімі ўдалося навязаць кантакт.

Тады сабралася каля 15 прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых ордэнаў. Вядома, на сустрэчы прысутнічалі не ўсе настаяцелі, некаторыя выслалі сваіх дэлегатаў, аднак гэта быў першы нефармальны кантакт. Тады адчувалася нейкая няўпэўненнасць, але пасля выступлення Нунцыя Гуджэроцці ў якім ён больш дакладна прадставіў ініцыятыву, атмасфера заўважальна змянілася. Прысутныя пачалі ахвотна распавядаць пра свае супольнасці і планы на будучыню.

першая сустрэча групы ў 2014 г. з удзелам Нунцыя Гуджэроцці

— Якую ролю тады адыграў Нунцый Гуджэроцці. Наколькі яго ўдзел быў важны?

Роля арцыбіскупа Клаўдыё ключавая, бо гэта ён быў ініцыятарам ідэі стварэння “Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў” у Беларусі і з’яўляўся яе пратэжэ на розных узроўнях. Нунцый даслоўна “прапіхваў” гэтую ідэю, а разам з гэтым матываваў нас папулярызаваць кансэкраванае жыццё і працаваць над стварэннем структуры. Ён быў вельмі зацікаўлены ў дзейнасці працоўнай групы, яе выніках, прасіў часта дасылаць яму інфармацыю. Таму для яго было важна прысутнічаць на першай сустрэчы ў Бараўлянах 23 кастрычніка 2014 года, калі рабіліся першыя арганізацыйныя крокі, абмяркоўваліся паасобныя артыкулы статутаў і адбыліся першыя выбары Старшыні, яго намесніка і радных з кожнай дыяцэзіі.

— Якія выклікі стаялі на пачатковым этапе станаўлення групы?

На гэтае пытанне я магу адказаць толькі абмежавана, бо найлепш распавесці пра гэта мог бы кс. Міхал Цвячкоўскі МІС. Ён разам са сваёй радай прыкладаў сапраўды шмат намаганняў не толькі для станаўлення маладой і крухкай структуры, але таксама для яе ўзмацнення і кіраваў ёю фактычна на працягу першых пяці гадоў.

Аднак, я ўпэўнены, што першае, з чым першай радзе трэба было сутыкнуцца гэта стварэнне як сярод адказных за манаскія супольнасці, так і сярод усіх кансэкраваных асобаў Беларусі, адпаведную атмасферу даверу, зацікаўленасці і адзінства. Неабходна было растлумачваць сутнасць новай структуры, яе мэты і планы на будучыню. З другога боку, трэба было ўводзіць у жыццё прынятыя статуты аб’яднання, наладжваць супрацоўніцтва з ККББ, арганізоўваць адпаведныя сустрэчы, “шукаць” і анімаваць манаскія супольнасці да супрацоўніцтва, быць прысутнымі падчас разнастайных падзей жыцця Касцёла.

— Як складвалася супраца з Нунцыем Габарам Пінтэрам у працэсе стварэння групы?

Арцыбіскуп Пінтэр, наколькі мне вядома, адыграў важную і адначасова спецыфічную ролю. У цесным кантакце з Канферэнцыяй біскупаў і прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў ён шукаў адпаведнага нашай рэчаіснасці рашэння. І яно было знойдзена. Было вырашана назваць новую структуру не «Аб’яднанне”, а “Каардынацыйная група”. Гледзячы з перспектывы сённяшняга дня, трэба сцвердзіць, што час прызнаў арцыбіскупу Габару рацыю. Тагачасны нунцый не толькі прычыніўся да юрыдычнага прызнання новай касцёльнай структуры, але таксама ўнёс у яе працу патрэбны дынамізм, скіраваны як на аб’яднанне, так і на каардынацыю жыцця і дзейнасці манаскіх ордэнаў.

— Калі Вы ўключыліся ў працу гэтай групы? Як гэта адбывалася?

Гледзячы з перспектывы сённяшняга дня, магу сказаць, што я ад самых пачаткаў дзейсна суправаджаў станаўленне гэтай структуры, нават калі я не належаў да яе кіруючага органа. Я стараўся быць заўсёды як рэгіянальны настаяцель місіі св. Францішка Сальскага (Ордэн салезіянцаў — аўт.) на ўсіх сустрэчах і абмеркаваннях.

Так склалася, што 23 кастрычніка 2014 года я быў абраны першым старшынёй аб’яднання, але з-за функцый, якія я на той час выконваў (я быў дырэктарам нацыянальнага Карытас, а таксама настаяцелем салезіянскай супольнасці), я не змог бы іх ў поўным аб’ёме выконваць. Таму, падзякаваўшы ўсім за давер, я адмовіўся прымаць выбар і тады старшынёй быў абраны кс. Міхал Цвячкоўскі МІС, які да 14 мая 2019 г. і займаў гэту пасаду.

14 мая 2019 года ўжо ў новым будынку Нунцыятуры адбыўся чарговы пленарны сход групы. Падчас яго мяне абралі Старшынёй. Таксама была выбрана і ўся рада, з якой мы ў будучыні змаглі наладзіць добрае і эфектыўнае супрацоўніцтва. У яе склад увайшлі кансэкраваныя асобы з усіх дыяцэзій: с. Любаміра Кругавая ОР і пазней кс. Алег Шпець SChr з Мінска-Магілёўскай, кс. Анджэй Юхневіч ОМІ з Віцебскай, кс. Ян Этэль SCI з Гродзенскай, с. Таццяна Касабуцкая CSCII з Пінскай і с. Марцэліна Мігач ISSM як намеснік старшыні. Праца для гэтых людзей на карысць групы не была цяжарам. Усе жадалі супольна пераадольваць цяжкасці і выклікі.

Падчас маёй кадэнцыі старшыні, з 2019 па 2022 год, мы далей працягвалі будаваць групу на выніках і вопыце нашых папярэднікаў, а таксама распачалі актывізоўваць і разбудоўваць сустрэчы кансэкраваных асобаў. Падчас сустрэч з’явіліся новыя элементы – арганізацыя семінараў, тэматычныя дыскусіі, праца ў групах, разважанні пра актуальныя выклікі кансэкраванага жыцця і пра тое, дзе мы яшчэ больш эфектыўна можам супрацоўнічаць у рэалізацыі місіі Касцёла на Беларусі.

— Падыходзячы да тэмы прыярытэтаў, якія задачы Вы ставілі, калі былі старшынёй? На што звярталі ўвагу?

Адным з прыярытэтаў была сталая духоўная, інфармацыйная, а таксама інтэлектуальная фармацыя манаскіх асоб. У 2020-22 гг., нягледзячы на складанасці, звязаныя з пандэміяй, мы не перасталі сустракацца, але перайшлі ў новы анлайн фармат. Мы распрацавалі праект узмацнення кампетэнцый для кансэкраваных асоб, які сёння знаходзіцца ўжо на стадыі рэалізацыі і ў якім удзельнічае каля 40 чалавек.

семінар на тэму стратэгічнага кіравання манаскай супольнасцю

Таксама мы пачалі рабіць так званыя лакальныя сустрэчы настаяцеляў з радай. Гэта значыць мы наведвалі ўсе дыяцэзіі і сустракаліся з настаяцелямі, запрашалі біскупаў-ардынарыяў і абмяркоўвалі сучасныя выклікі кансэкраванага жыцця ў дыяцэзіях. У гэтым асаблівае заданне атрымалі радныя якія павінны былі персанальна размаўляць з кожным з настаяцеляў у сваёй дыяцэзіі, выслухаць і данесці адпаведную інфармацыю. Было вырашана таксама выкарыстоўваць розныя сацыяльныя сеткі дзеля лепшай камунікацыі і эфектыўнасці кантакту.

Гэта было пэўным novum якое мы ўнеслі з Радай і якое аказалася вельмі эфектыўным інструментам у анімацыі, вырашэнні складаных сітуацый і лепшым знаёмстве з рэальнасцю манаскіх супольнасцяў. Мы заўважылі, што праз лакальныя сустрэчы будуецца сувязь паміж настаяцелямі, знікаюць бар’еры, людзі лепш пазнаюць адно аднаго і адкрываюцца на супольныя патрэбы. Кансэкраваныя асобы пачалі разумець сутнасць Каардынацыйнай групы, з чаго пачала вырастаць зацікаўленасць і інтарэс да агульных акцый. Таму лічу гэты момант вельмі і вельмі важным.

Наступным прыярытэтам была легітымацыя Каардынацыйнай Групы, асноўным элементам якой было зацвярджэнне статутаў. Тут хачу падзякаваць у першую чаргу біскупу Аляксандру Яшэўскаму, папярэдняй Радзе на чале з кс. Міхалам Цвячкоўскім МІС, якія выканалі каласальную падрыхтоўчую працу і перадалі нам фінальную версію статутаў.

Наша рада ў першую чаргу занялася іх перакладам, каб затым выслаць усё ў Кангрэгацыю па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Працэсс зацвярджэння статутаў Ватыканам не быў просты і патрабаваў пастаянага кантакту з Кангрэгацыяй у супрацоўніцтве з нунцыятурай у Мінску. Неабходна было ўдакладняць і карэкціраваць інфармацыю, дасылаць звесткі, напрыклад, аб колькасці манаскіх супольнасцяў, колькасці вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і колькасці простых прадстаўнікоў.

Статуты былі зацверджаны Кангрэгацыяй 22 снежня 2021 года ad experementum на 5 гадоў. Гэта было для ўсіх нас радаснай і значнай падзеяй. У 2022 годзе падчас агульнабеларускага дня кансэкраванага жыцця ў архікатэдры ў Мінску навіна была абвешчана ўсім прысутным. Мае словы на той момант былі спалучаны са словамі ўдзячнасці беларускаму Епіскапату і Апостальскаму Нунцыю Антэ Ёзічу, які інтэнсіўна суправаджаў фінальны этап працэсу зацвярджэння групы.

Наступным актуальным прыярытэтам для нас быў сектар юрыдычных пытанняў, з якімі сутыкаюцца ў сваім жыцці і працы ўсе кансэкраваныя асобы. Сюды ўваходзяць пытанні нерухомасці і яе прыналежнасці, пытанне працоўных адносін у парафіі, пытанні працоўных дамоў і іншыя. Усё гэта вырашалася і вырашаецца толькі і выключна ў сціслым супрацоўніцтве з біскупамі-ардынарыямі.

Каб гэты працэс стаў магчымым, на аснове пастаяннага супрацоўніцтва быў запрошаны свецкі юрыст, які і ў індывідуальным парадку працягваў сустракацца з настаяцелямі дзеля вырашэння іх спраў. Падчас служэння нашай рады ў гэты перыяд паўстала працоўная група з юрыстаў і кананістаў, якая займалася распрацоўкай новых статутаў для рэгістрацыі манаскіх супольнасцяў у беларускім заканадаўстве.

Цешыць, што гэтыя асноўныя прыярытэты сёння прыносяць свае відавочныя плады і напэўна будуць развівацца ў будучыні.

— Што дае зацверджанне Каардынацыйнай групы і яе Статута Ватыканам?

Сярод настаяцеляў і настаяцельніц гэта знайшло добры водгук і дало пазітыўны імпульс для супольнага і скаардынавага дзеяння. Мы сталі зацверджанай структурай пры ККББ і дзейнічаем ва ўнутрыкасцёльнай рэчаіснасці.

— Калі Вы перадавалі старшынство вашаму наступніку, а. Андрэю Юхневічу OMI, чаго Вы яму пажадалі? На што раілі звяртаць увагу? Якім вопытам дзяліліся?

З а. Андрэем і паасобнымі чальцамі папярэдняй Рады мы знаходзімся ў актыўным кантакце і сёння. Важна перадаваць напрацаваны вопыт, кантакты, досвед анімацыі. А. Андрэй быў у складзе нашай Рады і таму добра ведае ў якім напрамку працягваць развіццё групы.

Асабіста я пажадаў яму і яго Радзе адкрытасці на дзеянне Духа Святога, а таксама адвагі і вытрымкі, бо быць старшынёй такой вялікай групы і анімаваць яе — гэта значыць несці апошнюю адказнасць, нягледзячы на розныя погляды, жаданні, цяжкасці і выклікі. Таксама са свайго боку я запэўніў яго ў сваёй падтрымцы і гатоўнасці далей служыць неабходнай парадай і тым, што будзе патрэбна.

Гутарыў Арцём Ткачук

Фота: Catholic.by, sdb.by, catholicnews.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі