Вы ніколі не задумваліся, чаму падчас прыгатавання дароў на Імшы ў віно дадаецца кропля вады?
Практыка змешвання віна з вадой была распаўсюджана ў старажытным свеце. Віно, як правіла, было больш моцным, чым большасць сучасных вінаў, і калі да яго дадавалася трохі вады, яно станавілася больш прыемным і менш п’янлівым. Разам з тым, раней людзі пілі больш віна, чым цяпер, таму што ў старажытным свеце не было магчымасці ачысціць пітную ваду так проста, як гэта робіцца сёння. Такім чынам, віно, якое выкарыстоўвалася ў Імшы, змешвалася з вадой перад асвячэннем, як гэта рабілася з усімі іншымі вінамі.
У містычным сэнсе гэта сімвалізавала наша далучэнне да Цела Хрыста праз хрост. Святар кажа: «Праз таямніцу гэтай вады і віна дай нам, Божа, удзел у бостве Хрыста, які прыняў нашую чалавечую натуру».
Хоць больш няма практычнай прычыны змешваць віно з вадой, гэты жэст застаецца моцным духоўным сімвалам.
Па матэрыялах simplycatholic.com
Пераклад Марыны Сінкевіч