Чаму ў Касцёле афіцыйна змянілі пераклад малітвы “Ойча наш”?

“Я чуў, што ў Італіі ў Касцёле афіцыйна змянілі пераклад малітвы “Ойча наш”. Адкажыце, калі ласка, чаму так адбылося? Дзякуй!”

Павел

– Шаноўны Павел! Тэма змяненняў у малітве “Ойча наш” час ад часу ўзнікае ў розных месцах свету, дзе жывуць хрысціяне. Часцей за ўсё – гэта шостая просьба, тая, якая кажа пра спакусу. Так, з першай нядзелі Адвэнту 2017 г. года ўвайшла ў Літургію новая рэдакцыя адной з просьбаў малітвы “Ойча наш” на французскай мове. Замест “Не ўводзь нас у спакусу” падчас літургіі гучаць словы “Не дай нам упасці ў спакусу”. Старшыня камісіі па літургіі Канферэнцыі Біскупаў Францыі біскуп Гі дэ Керымэль патлумачыў такое рашэнне жаданнем пазбегнуць двухсэнсоўнасці цяперашняга тэксту, які можа наводзіць на думку, што “Бог спакушае людзей”. Аднак ці сапраўды належыць так хутка змяняць тэкст Бібліі ў Літургіі (бо мадыфікацыі здараюцца часта, што не сведчыць пра разбежнасць Літургіі з духам Бібліі, а наадварот, паказвае каталіцкае разуменне тых ці іншых біблейскіх вершаў)?

Як у Евангеллі паводле св. Мацвея 6,13, так і ў Евангеллі паводле св. Лукі 11,4 літаральна сказана “не ўводзь нас у спакусу/выпрабаванне” (μὴ εἰsenέγκῃς ἡμᾶς εἰς πειρασμόν – mē eisenenkēs hymas eis peirasmon). Слова peirasmos можа азначаць як “выпрабаванне”, так і “спакуса”. Не належыць “пужацца” гэтага слова, бо ў Бібліі і Евангеллях такіх “складаных” месцаў хапае. Вось, напрыклад: “Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзіць бацьку свайго і маці, жонку і дзяцей, братоў і сясцёр, ды нават жыцця свайго, не можа быць Маім вучнем” (Лк 14,26) або “Я прыйшоў не мір прынесці, але меч” (Мц 10,34). Многія славутыя пераклады, пачынаючы з самой лаціны, не баяліся даслоўна прытрымлівацца грэцкага тэксту: ne nos inducas in temptationem (Вульгата), ne nous conduis pas dans la tentation (Traduction Œcuménique de la Bible), führe uns nicht in Versuchung (Einheitsübersetzung). Езус, вымаўляючы ў малітве “Ойча наш” “не ўводзь у спакусу”, ведаў, што Бог шмат разоў выпрабоўваў людзей (напрыклад, “Бог выпрабоўваў Абрагама” (Быц 22,1). Езус сам быў “выштурханы” Духам на спакушэнне ў пустыню (пар. Мц 4,1).

Праблема ў дадзеным выпадку таксама часткова ў нашай мове. Бо калі мы кажам “спакушаць”, мы амаль заўсёды маем на ўвазе падбухторванне да зла. Наадварот, у габрэйскай і грэчаскай Бібліях, дзе мы знаходзім матыў “спакусы”, выкарыстоўваюцца словы, якія азначаюць не толькі stricte – “спакуса”, але і “выпрабаванне”. Бог на старонках Бібліі выпрабоўваў выбраны народ, што засталося пазначаным нават у словах, прамоўленых пасля дэкалогу: “Бог прыйшоў, каб выпрабаваць цябе і прымусіць цябе баяцца сябе, каб ты не грашыў” (Зых 20,20). Аднак не толькі Бог можа выпрабоўваць людзей у Бібліі, але і наадварот. Як гэта было падчас блукання па пустыні: “І назваў [Майсей] гэтае месца Маса і Мерыва, таму што тут ізраільцяне бунтавалі і выпрабоўвалі Пана, кажучы: “Сапраўды Пан сярод нас ці не?” (Зых 17,7).

Аднак у біблейскай “спакусе” ёсць адно істотнае адрозненне ад спакусы ў звычайным разуменні. Калі Бог выпрабоўвае людзей, гэта добра. Але калі людзі так робяць з Богам, – гэта ўжо зло. Чаму? Таму што галоўная мэта “спакусы” – рост (духоўны, перш за ўсё), пераход на больш высокі ўзровень. Мы гэта ведаем па экзаменах, па спартыўных мерапрыемствах і конкурсах песень. Па той жа прычыне нельга выпрабоўваць Бога. Бо Бог ужо дасканалы і святы. Варта таксама аздначыць, што выразы “спакушаць/выпрабоўваць” (peiradzo) не заўсёды з’яўляюцца адмоўнымі ў Новым Запавеце. Св. Павел піша: “Выпрабуй [літ. “спакушаць/выпрабоўваць”] сябе, ці знаходзішся ты ў веры?” (2 Кар 13,5). Св. Пётр тлумачыць: “Любыя! Не здзіўляйцеся гэтай спакусе, якая пасярод вас, дзеля вашага выпрабавання, але радуйцеся, калі вы ўдзельнічаеце ў цярпеннях Хрыста, каб вы маглі ўзрадавацца і ўзвесяліцца, калі аб’явіцца Яго слава” (1 П 4,12). Нават сам Дух Святы (які натхняе прарокаў і апосталаў) хваліць за тое, што выпрабоўваюцца іншыя: “Ведаю ўчынкі твае: працу тваю і стойкасць тваю, і тое, што ты не можаш цярпець злых, і што ты выпрабоўваеш тых, хто называе сябе апосталамі, а не з’яўляюцца імі, і што вы палічылі іх хлусамі” (Ап 2,2). Ёсць, канешне, у Бібліі і негатыўны падыход да рэчаіснасці спакусы. “Хто спакушаецца, няхай не кажа, што Бог яго спакушае. Бо Бог не спакушаецца на зло і не спакушае нікога” (Як 1,13). Атрымліваецца, св. Якуб выкарыстоўвае слова peiradzo ў адмоўным сэнсе – “спакушаць”, а Павел, Ян і Пётр (які ўжывае назоўнік peirasmos) трактуюць яго пазітыўна.

Варта дадаць, што некаторыя біблеісты кажуць пра выкарыстаную грэцкую форму як адпаведнік арамейскай т. зв каўзатыўнай формы, што азначала б “учыні, каб мы не паддаліся спакусе”. Праблема ў тым, што ў нас няма арамейскага тэксту. Евангелле напісана на грэцкай мове, і ва ўсёй старазапаветнай грэцкай традыцыі выраз “Не ўвядзі нас у спакусу” ўяўляе значна меншую праблему, чым выраз “Бог нікога не спакушае” (як гэта ў Якуба). Мы маем насамрэч тры розныя варыянты разумення гэтага складанага выразу ў Новым Запавеце, калі гаворка ідзе пра Бога і спакусу: 1) “Не ўвядзі нас у спакусу” (Мц 6,13); 2) “Бог верны і не дазволіць вам спакушацца больш, чым вы можаце вытрымаць” (1 Кар 10,13); 3) “Хто спакушаецца, няхай не кажа: “Бог мяне спакушае”. Бо Бог не спакушаецца на зло і не спакушае нікога” (Як 1,13). З грэцкага пункту гледжання, св. Якуб супярэчыць Старому Запавету, дзе неаднаразова напісана, што Бог спакушае (напрыклад, Быц 22,1; Зых 15,25; 16,4).

Гэтую просьбу з “Ойча наш” можна прачытаць у ключы малітвы пакорнага чалавека. Гэтая просьба з’яўляецца крыкам да Бога: “Вызвалі мяне ад зла, якое ўжо ёсць, і не ўводзь мяне ў сітуацыю выпрабавання, якога яшчэ няма”. Або “Хопіць выпрабоўваць мяне зноў, але выратуй мяне ад удараў, якія ўжо падаюць”. Або “не выпрабоўвай мяне, бо я слабы, каб змагацца. Хутчэй Ты сам змагайся і збаў мяне ад злога.” Не можна не зазначыць, што гэта датычыць малітвы. Таму не будзе праблемай сказаць: “Не ўвядзі нас у спакусу”, як і “Божа, не пакідай мяне”, хоць мы ведаем, што Бог ніколі нас не пакідае. Езус таксама ўсклікнуў: “Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” (Мц 27,46). Псальміст без праблем усклікнуў: “Прачніся! Чаму ты спіш, Пане? Прачніся! Не адкідай назаўсёды!” (Пс 44,24). Хоць у іншым месцы гэтай жа Кнігі сказана: “Вось, той, хто пільнуе Ізраэль, не дрэмле і не спіць”. (Пс 121,4). Заўважым таксама, што непасрэдна пасля “не ўводзь нас у спакусу” ідзе просьба “але збаў нас ад злога”. Гэта падобна да воклічу прарока Осіі: “Прыйдзіце, вернемся да Пана! Ён параніў нас і вылечыць нас, пабіў нас і перавяжа рану” (Ос 6,1).

Бэнэдыкт XVI у кнізе “Езус з Назарэта” (у пункце “Ад хросту ў Іардане да Перамянення”) таксама падкрэслівае, што гэта просьба з “Ойча наш” кідаецца ў вочы многім. Папа кажа, што спакуса паходзіць ад д’ябла, але месіянская місія Езуса – перажыць вялікія спакусы, якія адвялі людзей ад Бога і працягваюць адводзіць іх. Езус павінен вытрымаць гэтыя спакусы да самай смерці на Крыжы, і толькі тады Ён адкрые нам шлях збаўлення. Таму Ён павінен не толькі пасля смерці, але разам з ёй і на працягу ўсяго жыцця як бы “спускацца ў пекла”, у сферу нашых спакусаў і падзенняў, каб узяць нас за руку і весці з іх. “Пасланне да Габрэяў” надае гэтаму аспекту асаблівае значэнне і лічыць яго неад’емнай часткай шляху Езуса: “Дзеля таго, што Ён сам выпакутаваў, будучы ў выпрабаванні, можа дапамагчы спакушаным” (2,18). “Бо мы маем не такога першасвятара, які не можа спачуваць нашым слабасцям, але ўсяляк выпрабаванага [як мы], акрамя граху” (4,15).

Погляд на кнігу Ёва, у якой таямніца Хрыста ўжо шмат у чым раскрытая, можа даць нам дадатковыя падказкі. Сатана высмейвае чалавека, каб высмеяць Бога. Каб дасягнуць сталасці, каб павярхоўную пабожнасць замяніла глыбокая еднасць з Богам, чалавек павінен прайсці праз выпрабаванні. Падобна да таго, як вінаградны сок павінен прайсці працэс закісання, каб стаць выдатным віном, чалавек мае патрэбу ў ачышчэнні і трансфармацыі. Гэта можа быць для яго небяспечна, ён можа нават пацярпець няўдачу, але гэта тыя дарогі, якімі трэба ісці, каб прыйсці да сябе і да Бога. Любоў – гэта заўсёды працэс ачышчэння і адрачэння, пакутлівых пераўтварэнняў, якія вядуць да сталасці.

Св. Кіпрыян кажа, што могуць быць дзве розныя прычыны, па якіх Бог дае абмежаваную ўладу Злому. Гэта можа быць для нас свайго роду пакаяннем, каб утаймаваць пыху, каб мы зноў адчулі, наколькі крохкая наша вера, надзея і любоў, і не думалі, што сваёй веліччу абавязаны самі сабе. Другі тып спакусы, якую можа спаслаць Бог, – гэта спакуса ad gloriam (дзеля славы Божай). Такі від спакусы пакліканы запэўніць чалавека ў адзінай і выключнай абароне – гэта сам Бог, Якому аднаму належыць слава.

Таму, вымаўляючы гэтую шостую просьбу “Ойча наш”, мы кажам Богу: “Я ведаю, што мне патрэбныя выпрабаванні, каб ачысціць сваю глыбокую істоту. Калі гэтыя перажыванні ў Тваіх руках, калі, як гэта было ў выпадку з Ёвам, Ты пакідаеш крыху шляху злу, тады, калі ласка, памятай пра мае абмежаваныя здольнасці. Не разлічвай на мяне занадта. Не пашырай межы маіх спакусаў і будзь побач з Тваёй ахоўнай рукой, калі мая мера пачне перапаўняцца”.

Літаратура:

  1. Йозеф Ратцингер (Папа Бенедикт XVI), Иисус из Назарета. – Ч. 1. – Москва. – 2009.
  2. А. Paciorek, Ewangelia wg św. Mateusza 1-13. – Częstochowa. – 2021.

Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі