Чаму ў чэрвені мы молімся Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса?

Чэрвень прысвечаны Езусу Хрысту, якому мы асаблівым чынам пакланяемся на набажэнствах, прысвечаных Яго Найсвяцейшаму Сэрцу. Як навучаў Папа Леў XIII (+1903), Сэрца Езуса з’яўляецца «сімвалам і яркім вобразам бязмежнай любові Езуса да вернікаў».

Гісторыя Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Набажэнствы ў чэрвені з’явіліся даволі позна, толькі ў XIX стагоддзі. Культ Сэрца Езуса ўжо распачала святая Маргарыта Марыя Алякок (1647-1690), французская манахіня (візітка). 16 чэрвеня 1675 года, калі сястра Маргарыта Марыя Алякок малілася ў капліцы кляштара ў Парэ-ле-Маньяле (Францыя), Езус з’явіўся ёй у трэці раз і сказаў: «Вось Сэрца, якое так любіла людзей, што не адчувала жалю, пакуль не было знясілена і знішчана, каб даць ім доказ сваёй Любові».

Абяцанні, якія даў Езус Хрыстус св. Маргарыце Марыі Алякок для тых, хто ўшаноўвае Яго Боскае Сэрца:

1. Дам ім усе неабходныя ласкі.
2. Згода і супакой будуць панаваць у іх сем’ях.
3. Буду суцяшаць іх у кожным смутку.
4. Буду для іх бяспечным прытулкам пры жыцці, а асабліва – пры смерці.
5. Удзялю шчодрае благаславенне ўсім іхнім пачынанням.
6. Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы крыніцу бясконцай міласэрнасці.
7. Абыякавыя душы стануцца адданымі.
8. Адданыя душы хутка дойдуць да вышыняў дасканаласці.
9. Буду благаслаўляць дамы, дзе будзе знаходзіцца і ўшаноўвацца абраз Майго Сэрца.
10. Святарам дам сілу зрабіць чулымі самыя зацвярдзелыя сэрцы.
11. Імёны тых, хто будзе пашыраць гэтае набажэнства, будуць упісаны ў Маё Сэрца і застануцца ў Ім назаўсёды.
12. Абяцаю ў шчодрай міласэрнасці Майго Сэрца, што ўсіх, хто на працягу дзевяці месяцаў у першыя пятніцы будзе прымаць Святую Камунію, Мая ўсемагутная любоў адорыць ласкаю шчырага пакаяння; што не памруць ні ў стане без Маёй ласкі, ні без cвятых сакрамантаў, і што Сэрца Маё станецца для іх бяспечным прытулкам у гадзіну смерці.

Значная падзея ў пакланенні Сэрцу Езуса адбылася ў Марсэлі, калі ў 1720 годзе ў горадзе ўспыхнула інфекцыйная хвароба — халера. Біскуп гэтага горада вырашыў звярнуцца па дапамогу да Міласэрнага Сэрца Езуса. Спецыяльным дэкрэтам было загадана ўрачыста прысвяціць яго дыяцэзію Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Ледзь скончыліся пакаяльныя спевы і гэтая заразная страўнікава-кішачная хвароба пачала хутка сціхаць. Праз год пасля заканчэння эпідэміі Марсэльскі ардынарый загадаў адпраўляць Навэнну да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Чэрвеньская малітва складаецца з двух асноўных элементаў:
• Адарацыя Сакраманта
• Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Цяперашняя літанія мае 33 заклікі, якія азначаюць сімвалічную колькасць гадоў жыцця Езуса на зямлі. Упарадкаванне зваротаў літаніі да Божага Сэрца — лагічнае цэлае.

  • Першая частка датычыцца адносін Езуса да Айца і Святога Духа. Адмаўляючы гэтую частку, мы ўступаем у разважанні пра адносіны Сэрца Езуса са Святой Тройцай.
  • Другая частка зваротаў тычыцца якасцей Сэрца Езуса.
  • Трэцяя частка літаніі падкрэслівае адносіны Божага Сэрца да людзей.

Усе заклікі ў гэтай літаніі маюць глыбокую спасылку на Святое Пісанне. Большасць з іх — амаль літаральныя цытаты з Бібліі, а іншыя натхнёныя ёю. Кожнаму закліку папярэднічае фраза: Сэрца Езуса. Пад гэтымі двума словамі мы разумеем Самога Хрыста, які любіць нас сваім Сэрцам. Гэта Сэрца — сімвал Міласэрнасці і Любові, якую Хрыстус мае да людзей. “Хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой” (Ян 7, 39). Гэтымі словамі Езус адкрыў найглыбейшую таямніцу свайго Сэрца. Гэта крыніца жывой вады, якая азначае Святога Духа. Іншымі словамі, дары Духа Святога прыходзяць знутры, ад Сэрца Хрыста Пана.

Літанія да Сэрца Езуса — гэта змястоўны змест усяго Евангелля, гэта значыць Добрай Навіны. Нездарма Папа Пій XII у сваёй энцыкліцы «Haurietis aquas» назваў культ Сэрца Езуса самым дасканалым актам вызнання хрысціянскай веры.

Па матэрыялах CREDO
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку