Бразільская манахіня выйшла ў фінал кулінарнай праграмы «Майстар-шэф» 

Сястра Лорэйн Каралін Цінці перамагла ў 17-м эпізодзе кулінарнай праграмы «Master Chef Brasil 2020» і выйшла ў фінал, які адбудзецца ў канцы снежня. Сваю перамогу яна прысвяціла місіянерам і людзям, з якім яна працуе сацыяльна. 

Сястры Лорэйн 33 гады, яна належыць да Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Змёртвыхпаўстання з Катандувы. Законніца перамагла, прыгатаваўшы дзве стравы, якія раней не гатавала, гэта былі цірамісу і строганаў з крыветак.

«Мне дапамагаў Бог», — сказала яна пасля праграмы і адзначыла, што малілася падчас гатавання. «Многія заўважылі, што я была спакойнай на працягу ўсёй праграмы. Я патлумачыла ім: гэта таму, што я малілася, каб наш Гасподзь дапамог мне гэта прайсці. Гэта надало мне ўпэўненасці ў сабе», — сказала с. Лорэйн.

Сястра Лорэйн распавяла, што навучылася гатаваць ежу яшчэ ў дзяцінстве, калі ёй было ўсяго некалькі гадоў. «Мая мама, цётка і бабуля заўсёды гатавалі, а я вучылася ў іх. Мой бацька таксама цікавіўся кухняй».

Свае кулінарныя здольнасці манахіня развівала і ў місіянерскім доме сваёй Кангрэгацыі ў штаце Мінас-Жэрайс. «У нас там была пякарня, якой кіравалі сёстры. Я навучылася там выпякаць хлеб і пірожныя», — дадала яна.

Думка прыняць удзел у праграме ўзнікла ў сястры, калі яна ўбачыла ў сацсетках запрашэнне. «Я павінна была атрымаць дазвол сваёй настаяцельніцы. Спачатку яна не вельмі хацела, каб я пакінула кляштар і выступала на тэлебачанні, але сёстры яе пераканалі», — адзначае сястра.

Манахіня радуецца, што прыняла ўдзел у кулінарнай праграме, таму што гэта дало ёй магчымасць пагаварыць аб сацыяльных праектах для пажылых людзей і дзяцей, якія яна рэалізуе. «Пасля праграмы да мяне тэлефанавала шмат свецкіх людзей з пытаннямі, як можна дапамагчы  нашым праектам, а таксама некалькі маладых людзей, якія хацелі больш даведацца пра манаскае жыцця, — распавяла с. Лорэйн.

Сястра Лорэйн лічыць, што яе ўдзел у праграме можа стаць сапраўдным сведчаннем для іншых. «Паколькі людзі не знаёмыя з манаскім жыццём, то лічаць, што ўсё прыемнае нам забаронена. На самой справе манаскае пакліканне можна рэалізаваць паўсюль; спалучаць гастраномію з верай і касцёлам — магчыма. Усім вядомыя біблейскія гісторыі, калі Езус памнажаў хлеб і прысутнічаў на вяселлі», — тлумачыць сястра.

На пытанне, якую страву яна больш за ўсё любіць гатаваць, с. Лорэйн адказала, што баклажаны. Але тыя, хто меў магчымасць паспрабаваць яе стравы, кажуць, што сястра-майстр з пірожных і дэсертаў.

stacja7.pl

для друку для друку