Брама ў Валадарства Нябеснае. Мучаніцкую смерць блаславёных айцоў марыянаў ушанавалі ў Росіцы

Зімовай раніцай 15 лютага ў невялічкую вёску Росіца, што на ўскрайку Беларусі, збіраліся людзі.

Заснежаныя дрэвы і стрэхі хат, застылае возера з нешматлікімі рыбакамі, блакітнае неба з нязвыкла яркім сонцам… Здаецца, сама прырода вітала пілігрымаў сваёй прыгажосцю.

І зусім не верыцца, што тут, сярод гэтага хараства, больш за 80 год таму адбылася вялікая трагедыя.

“Зімовае чараўніцтва” – такую назву мела карная аперацыя нямецкіх акупацыйных уладаў у 1943 годзе.  Менавіта падчас яе людзей з навакольных вёсак карнікі зганялі ў Росіцкі касцёл. Большасць з іх наперадзе чакала смерць.

Айцы марыяне —  Юры Кашыра і Антоній Ляшэвіч — прынялі на сябе самую цяжкую, але неабходную місію – падрыхтаваць людзей да сустрэчы з Богам. Цягам некалькіх дзён яны суцяшалі, маліліся, удзялялі сакраманты, а калі надышлі апошнія гадзіны – пайшлі з даручаным ім людам на смерць.

Сёння памаліцца праз заступніцтва блаславёных айцоў прыязджаюць людзі з усёй Беларусі.

Урачыстасці распачаліся апоўдні выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту. Разважаючы над Радаснымі таямніцамі Святога Ружанца, прысутныя раскрывалі сэрцы, давяраючы Богу самыя важныя справы свайго жыцця.

Падчас адарацыі кожны мог прыступіць да сакраманту споведзі.

А 13 гадзіне распачалася святая Імша. Напачатку літургіі кусташ санктуарыя айцец Аляксандр Жарнасек прывітаў прысутнага ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, Апостальскага адміністратара грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека МІС, прысутных святароў і пілігрымаў.

Падчас гаміліі біскуп Алег засяродзіўся над словамі Евангелля ад Мацвея «Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене» (Мц 10, 28).

Асаблівую ўвагу іерарх прысвяціў разважанню над сэнсам і вартасцю чалавечага жыцця. “Мэта кожнага чалавека – дбаючы пра фізічнае жыццё, не забывацца аб жыцці духоўным, каб ніколі не адарвацца ад Крыніцы Жыцця – Бога ў Святой Тройцы”, — прамовіў біскуп Алег і дадаў: “Росіцкія мучанікі гераічна імкнуліся, каб людзі, якія стаялі ля брамы смерці, аднавілі і ўмацавалі сувязь з Богам. І таму брама смерці стала брамай у Валадарства Нябеснае”.

Пасля Імшы пілігрымы з запаленымі знічамі накіраваліся да месца мучаніцкай смерці людзей і айцоў марыянаў. Працэсію суправаджала малітва Літаніі да ўсіх Святых.


Пасля чытання Божага слова, кароткай прамовы і малітвы “Анёл Панскі” у інтэнцыі загінуўшых тут людзей адбылося ўшанаванне крыжа.

На заканчэнне ўрачыстасцяў стомленых і змёрзлых, але шчаслівых пілігрымаў чакаў гарачы абед з традыцыйнай поліўкай ад айца Чэслава Курэчкі МІС.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку