Так ужо павялося, што на Святы Божага Нараджэння людзі дораць адно аднаму падарункі, пасылаюць паштоўкі, тэлефануюць блізкім і сябрам. Пры гэтым яны абменьваюцца цёплымі словамі ды пажаданнямі шчасця, любові і, канешне, міру. Мір, супакой, згода – гэтыя словы так кранальна гучаць падчас дзялення аплаткам, у асабістых ці афіцыйных віншаваннях, у святочных зваротах біскупаў і палітыкаў. І не дзіўна: бо мір – гэта тое, чаго прагне кожны нармальны чалавек і да чаго павінны імкнуцца ўсе народы свету.
У Святым Пісанні мы чытаем, што мір – гэта дар Бога чалавеку. Кніга Прарока Ісаі гаворыць пра абяцанага Месію, Князя Супакою, Які прынясе свету мір, бяспеку, блаславенне, паяднанне з Богам. Яна таксама малюе ідылічны вобраз будучага міру (Іс 11,6-8): як воўк будзе жыць разам з ягнём, цяля і малады леў будуць пасвіцца разам, а малое дзіця будзе вадзіць іх. Прароцтва здзейснілася ў Езусе Хрысце, Які праз сваю Ахвяру і Уваскрасенне не толькі знішчыў смерць, але адарыў нас мірам, прыносячы паяднанне з Богам, бліжнімі і навакольным светам. “Ён – спакой наш, Які ўчыніў адно і другое адзіным, і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у сваім целе. […] Прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка” (Эф 2,14-15.17). Аднак, паколькі чалавечая натура недасканалая і грэшная, нам неабходна гэты дар міру сцерагчы і развіваць, інакш яго вельмі лёгка страціць.
Атрымліваецца, што мір – гэта таксама заданне, як для ўсяго Касцёла, так і для кожнага хрысціяніна. Абарона і будаванне міру з’яўляюцца неад’емным элементам нашай рэлігійнай тоеснасці. Іншымі словамі, нельга быць хрысціянінам і адначасова не імкнуцца да міру. Да гэтага заахвочваюць нас словы Хрыста: «Бласлаўлёныя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі» (Мц 5,9). Пра гэтае ўзнёслае заданне нагадвае і знак супакою, які мы перадаём адно аднаму падчас Святой Імшы.
Дарэчы, менавіта гэты знак, калі незнаёмыя людзі з усмешкай на твары звяртаюцца да цябе, прыхіляюць галаву або падаюць руку як жэст міру, звычайна выклікае радаснае здзіўленне і робіць глыбокае ўражанне на тых, хто ўпершыню прыходзяць у касцёл. Мір бярэ пачатак у сэрцы чалавека, адкуль ён павінен выпраменьваць на яго асабістае і супольнае жыццё. Не кожны мае аднолькавыя магчымасці дзейнасці і ўплыву на грамадска-палітычныя зносіны, аднак кожны мае абавязак знайсці ўласны шлях у агульнай справе будавання міру: шлях любові, прабачэння і паяднання. Як заклікаў Папа Ян Павел ІІ у пасланні на Сусветны дзень міру 2004 года, “сёння мір усё яшчэ з’яўляецца магчымым. А калі так, то мір таксама з’яўляецца абавязкам!”
Мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, унутраных ці знешніх узброеных канфліктаў, хоць менавіта такога міру нестае цяпер у шматлікіх кутках зямлі. Мір – гэта перадусім шанаванне годнасці чалавечай асобы і будаванне грамадскага ладу, заснаванага на праўдзе і справядлівасці. Да таго ж існуе глыбокая сувязь паміж мірам і вызнаваннем каштоўнасці чалавечага жыцця: барацьба за мір – гэта заўжды барацьба за жыццё. Ёзаф Рацынгер (будучы Папа Бэнэдыкт XVI), разважаючы пра крохкасць міру, што зазнала чалавецтва ў апошнія часы, пісаў: «З магіл людзей, якія загінулі ў ІІ Сусветнай вайне, чуваць гучны заклік аб памнажэнні моцы дабра; гэта заклік да такіх намаганняў, такога ладу жыцця і цярпення, каб абуджаліся і ўзмацняліся тыя каштоўнасці і ісціны, на аснове якіх можна было б дасягнуць паяднання ў свеце, што мае свой падмурак у Богу». Адным словам, мір немагчымы без унутранай перамены чалавека, без шукання апоры ў Богу і яго маральным законе.
У Евангеллі Езус Хрыстус звяртаецца да Апосталаў: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца» (Ян 14,27). Згодна з воляй Пана, вучэнне і дзейнасць Каталіцкага Касцёла накіраваныя ў тым ліку на будаванне міру, на пашырэнне супрацоўніцтва і салідарнасці паміж людзьмі, на стварэнне міжнароднай супольнасці. Асабліва актыўна Касцёл пачаў выказваць сваю пазіцыю ў ХХ стагоддзі, гісторыя якога напоўненая крывавымі войнамі, знішчэннем цэлых народаў, гонкай узбраення, гуманітарнымі катастрофамі. Варта згадаць, у прыватнасці, сусветнавядомую энцыкліку Папы Яна ХХІІІ Pacem in terris (Мір на зямлі) з 1963 года. Гэты багаты на змест дакумент ужо ў першым сказе падкрэслівае, на якім падмурку належыць будаваць мір: “Мір на зямлі, якога так горача прагнулі ўсе людзі ўсіх часоў, не можа быць пабудаваны і ўмацаваны інакш, як шляхам дакладнага захавання ўстаноўленага Богам парадку». Пачынаючы з 1967 года, 1 студзеня ў Касцёле таксама адзначаецца Сусветны дзень міру, з нагоды якога Рымскія Пантыфікі абвяшчаюць адмысловыя пасланні на тэму міру ўсім людзям добрай волі.
Дзеля збудавання мірнага ладу на зямлі, без сумневу, неабходная малітва. Гэта адзіная “зброя”, якую варта ўжываць у барацьбе за мір. Няхай жа мір на зямлі – заканчэнне войнаў, канфліктаў, пашана да правоў чалавека і яго годнае жыццё – будуць нашай мэтай і малітоўнай інтэнцыяй у надыходным новым годзе! І памятайма, што мір пачынаецца ў сэрцы чалавека, у сэрцы кожнага з нас!
c. Дар’я Галубкова OV
для друку