У сучаснай моўнай практыцы мы бачым паралельнае выкарыстанне дзеясловаў “благаслаўляць” і “бласлаўляць”, а таксама дзеепрыметнікаў “благаслаўлёны” і “бласлаўлёны” і назоўнікаў “благаслаўленне” і “бласлаўленне”. Аднак не выпадае прыведзеныя пары слоў лічыць раўнапраўнымі варыянтамі.
Лексема “благаслаўляць” з’яўляецца стараславянізмам. Першая частка названага дзеяслова – “блага” – у сучаснай беларускай мове рэалізуе безасабова-прэдыкатыўнае значэнне “цяжкі фізічны або душэўны стан каго-небудзь” ці адлюстроўвае “дрэнныя, неспрыяльныя абставіны, акалічнасці”. Напрыклад, у Васіля Быкава чытаем: “ Чамусьці Валоку зрабілася блага – ён хіснуўся ад вады”. У рускай жа мове “благо” – гэта сінонім да слова “хорошо”. Таму нельга ні ў якім разе атаясамліваць значэнні слова “блага” ў беларускай і рускай (“благо”) мовах. Тут мы маем справу з міжмоўнай аманіміяй, калі аднолькавае паводле гучання слова адлюстроўвае розны сэнс.
Дзеяслоў “благаслаўляць” і аднакаранёвыя словы іншых часцін мовы захоўваюць глыбокі сакральны сэнс. Але першая частка – “блага” – ніяк не спрыяе такой сакралізацыі, уносіць істотны элемент алагізму ў гэтае канцэптуальна важнае для кожнага хрысціяніна з беларускай ментальнасцю паняцце. Словаформа “бласлаўляць” якраз не мае падобных негатыўных адценняў. Яна, між іншым, зафіксавана ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (Мінск, 1977, Т.1, с. 384) разам з назоўнікам “”бласлаўленне” і дзеепрыметнікам “бласлаўлёны”. Гэтыя ж лексемы падае́ таксама і нядаўна выдадзены “Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы”, аўтарамі якога з’яўляюцца кандыдат гістарычных навук ксёндз У. Завальнюк, доктар філалагічных навук М. Прыгодзіч і вядомы мовазнаўца В. Раманцэвіч (Мінск, 2013, с. 130). Акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012) фіксуе названыя лексемы на с. 119: “блаславенне” і “бласлаўленне”, “блаславенны”, “блаславёны” і “бласлаўлёны”, “блаславіць”.
Беларускі перыядычны друк таксама аддае перавагу лексічным адзінкам без часткі “блага”. Некалькі прыкладаў: Папа Рымскі блаславіў беларусаў (Загаловак “Народная воля, 05.10.12); Святыя айцы не проста даюць сваё блаславенне… (Новы час, 28.09.12); Капліцы ў брамах у сярэднявеччы ладзілі для таго, каб абараніць горад ад захопаў ды каб бласлаўляць падарожнікаў (Звязда, 24.11.12).
Заўважым таксама, што, акрамя разгледжаных слоў, у нашай мове час ад часу ўжываюцца лексемы “дабраслаўленне”, “дабраславіць”.
Падсумоўваючы ўсё сказанае, адзначым, што не варта ўжываць у сучаснай беларускай мове словаформы “благаславіць” ці “благаславенне”. Па-беларуску павінна быць “блаславіць” і “бласлаўленне” / “блаславенне”.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку