8 красавіка ў Ватыкане быў абнародаваны дакумент Дыкастэрыі Веравучэння «Dignitas infinita», які ўтрымлівае папскае вучэнне апошняга дзесяцігоддзя. Сярод іншага ён закранае тэмы вайны, беднасці, гвалту ў дачыненні да мігрантаў і жанчын, абортаў, сурагатнага мацярынства і эўтаназіі, гендарнай тэорыі і іншыя пытанні.
Праца над «Dignitas Infinita» пачалася ў 2019 годзе, калі Кангрэгацыя веравучэння (у 2022 годзе перайменаваная ў Дыкастэрыю Веравучэння) вырашыла распачаць «складанне тэксту, які падкрэслівае незаменны характар годнасці чалавечай асобы» ў «сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай сферах». У 2023 годзе праект дэкларацыі быў накіраваны на разгляд у Дыкастэрыю, пасля зацвярджэння якой быў перададзены Папу Рымскаму Францішку. Святы Айцец даручыў Віктару Мануэлю Фэрнандэсу, кіраўніку дыкастэрыі, зрабіць дадатковы акцэнт на сучасных парушэннях чалавечай годнасці і прапісаць дадатковыя сувязі з энцыклікай «Fratelli Tutti» 2020 года.
Першапачаткова планавалася, што дэкларацыя будзе выпушчана пад назвай «Al di là di ogni circostanza» («Па-за любымі абставінамі»), але замест яе была абраная «Dignitas Infinita» («Бясконцая годнасць»).
Дэкларацыя ў значнай ступені абапіраецца на вучэнні Францішка, а таксама яго папярэднікаў: Паўла VI, Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI. Некаторыя раздзелы таксама цытуюць дакументы Паўла III, Льва XIII, Пія XI і Пія XII, дакументы Другога Ватыканскага Сабору, творы Апостальскіх Айцоў і Дактароў Касцёла.
Пра што дакумент
«Dignitas Infinita» прысвечаная 75-й гадавіне «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» і пацвярджае «незаменнасць канцэпцыі годнасці чалавечай асобы ў межах хрысціянскай антрапалогіі». Галоўнай навінкай дакумента з’яўляецца ўключэнне шэрагу ключавых тэмаў, звязаных з біяэтычнымі пытаннямі. У прапанаваным спісе, які «не з’яўляецца вычарпальным», вайна, беднасць, мігранты, гандаль людзьмі фігуруюць сярод парушэнняў чалавечай годнасці нароўні з абортамі, эўтаназіяй і сурагатным мацярынствам.
Такім чынам, новы дакумент спрыяе пераадоленню супярэчнасці паміж тымі, хто змагаецца з абортамі, забываючы пра шматлікія іншыя замахі на чалавечую годнасць, і тымі, хто засяроджваецца толькі на абароне бедных і мігрантаў, забываючы пра абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.
Дакумент падзелены на ўводзіны і чатыры асноўныя раздзелы, з якіх першыя тры нагадваюць фундаментальныя прынцыпы, звязаныя з чалавечай годнасцю, а чацвёрты апісвае сучасныя яе парушэнні. Ва ўводзінах сцвярджаецца, што чалавечую годнасць можна падзяліць на чатыры катэгорыі: анталагічная годнасць, маральная, сацыяльная і экзістэнцыяльная.
У першым раздзеле пад назвай «Узрастанне ўсведамлення цэнтральнай ролі чалавечай годнасці» прадстаўлена гісторыя яе канцэпцыі ад антычнасці да сучаснасці. Тут цэнтральнае месца займаюць тэмы, як чалавечая годнасць прадстаўленая ў Бібліі і як гэта інтэрпрэтавалі Дактары Касцёла і тэолагі, такія, як Тамаш Аквінскі.
У другім раздзеле пад назвай «Касцёл абвяшчае, спрыяе і гарантуе чалавечую годнасць» сцвярджаецца, што, паколькі людзі створаныя на вобраз і падабенства Божае і адкупленыя ў Езусе Хрысце, Які стаў чалавекам, і паколькі людзям наканавана трапіць на неба, усе яны маюць дараваную Богам неад’емную чалавечую годнасць. Яна ў сваю чаргу «адпавядае чалавечай прыродзе, незалежная ад усіх культурных змен» і з’яўляецца «атрыманым дарам», а таму ім валодаюць таксама «ненароджанае дзіця, асоба, пазбаўленая пачуццяў, пажылы чалавек у агоніі». Дакумент «абвяшчае роўную годнасць усіх людзей, незалежна ад іх жыццёвага стану і асаблівасцяў», у тым ліку полу.
Дэкларацыя крытыкуе пазіцыю прыхільнікаў выразу «годнасць асобы», а не «годнасць чалавека», бо тыя разумеюць пад асобай выключна «істоту, здольную карыстацца розумам». У выніку ненароджанае дзіця, залежны пажылы чалавек або чалавек з псіхічнымі адхіленнямі пазбаўляюцца асабістай годнасці. Замест гэтага Касцёл падкрэслівае годнасць кожнай чалавечай асобы, «незалежна ад усякіх абставін».
Трэці раздзел пад назвай «Годнасць, аснова правоў і абавязкаў чалавека» звязвае паняцце чалавечай годнасці з «Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека», выступае супраць маральнага рэлятывізму і сцвярджае, што людзі заслугоўваюць свабоды.
«Dignitas Infinita» асуджае злоўжыванні канцэпцыяй чалавечай годнасці дзеля «адвольнага памнажэнне новых правоў, многія з якіх часта супярэчаць першапачаткова вызначаным і фундаментальнаму праву на жыццё».
Самым аб’ёмным у дэкларацыі зʼяўляецца чацвёрты раздзел пад назвай «Некаторыя грубыя парушэнні чалавечай годнасці».
У дакуменце гаворыцца, што «ўсе злачынствы супраць самога жыцця, такія, як забойствы, генацыд, аборты, эўтаназія і добраахвотнае самагубства», супярэчаць чалавечай годнасці, разам з «усімі парушэннямі недатыкальнасці чалавечай асобы, такімі, як калечанне, фізічнае і псіхічнае катаванні, неапраўданы псіхалагічны ціск» і «ўсе злачынствы супраць чалавечай годнасці, такія, як нечалавечыя ўмовы жыцця, адвольнае зняволенне, дэпартацыя, рабства, прастытуцыя, гандаль жанчынамі і дзецьмі [і] зневажальныя ўмовы працы, пры якіх да работнікаў ставяцца як да інструмента атрымання прыбытку, а не як да свабодных, адказных асоб».
Акрамя таго, у раздзеле асуджаецца смяротнае пакаранне, якое «парушае неад’емную годнасць кожнай чалавечай асобы, незалежна ад усіх абставін».
Беднасць у дакуменце названая «адной з найвялікшых несправядлівасцяў у сучасным свеце», а вайна – «трагедыяй, што адмаўляе чалавечую годнасць» і заўсёды зʼяўляецца «правалам для чалавецтва».
Дэкларацыя згадвае «цяжкасці мігрантаў», чыё «жыццё знаходзіцца ў небяспецы, бо яны больш не маюць сродкаў для стварэння сямʼі, працы і харчавання». Звяртаецца ўвага і на «гандаль людзьмі», каторы названы ганьбай для грамадстваў, «якія лічаць сябе цывілізаванымі». Таксама гучыць заклік да змагання з гандлем чалавечымі органамі, сексуальнай эксплуатацыяй непаўналетніх, рабскай працай, уключаючы прастытуцыю, з гандлем наркотыкамі і зброяй, тэрарызмам і міжнароднай арганізаванай злачыннасцю. У тэксце падкрэсліваецца, што сексуальны гвалт пакідае «глыбокія шнары ў сэрцы таго, хто пакутуе», якія «не можа выправіць ніякае пакаянне».
Адносна правоў жанчын дакумент падкрэслівае неабходнасць роўнай аплаты за роўную працу, абарону працоўных маці, справядлівасць карʼернага росту, «роўнасць мужа і жонкі ў дачыненні да сямейных правоў і прызнанне ўсяго, што зʼяўляецца часткай правоў і абавязкаў грамадзян у дэмакратычнай дзяржаве».
Сярод сексуальнага гвалту ў дачыненні жанчын згадваюцца прымусовы аборт, «часта дзеля задавальнення эгаізму мужчын», і шматжонства.
Дакумент падкрэслівае, што «сярод усіх злачынстваў супраць жыцця, якія чалавек можа здзейсніць, перапыненне цяжарнасці мае асаблівасці, якія робяць яго выключна цяжкім і годным асуджэння». Дакумент рашуча адхіляе сурагатнае мацярынства, бо яно парушае годнасць як сурагатнай маці, так і дзіцяці, каторае «становіцца толькі аб’ектам».
Асуджаюцца ў тэксце і эўтаназія ды дапаможнае самагубства, што некаторыя законы вызначаюць як «смерць з годнасцю». Аўтары нагадваюць, што «пакуты не прыводзяць да страты хворым чалавекам годнасці». Дэкларацыя падкрэслівае важнасць паліятыўнай дапамогі і пазбягання «любой упартай тэрапіі або непрапарцыянальнага ўмяшання». Да сурʼёзных парушэнняў чалавечай годнасці належыць таксама «адмова» ад інвалідаў.
«Dignitas Infinita» адметная асаблівай увагай да гендарнай тэорыі і зʼяўляецца першым буйным каталіцкім дакументам, які падрабязна разглядае яе. Дэкларацыя сцвярджае, што гендарная тэорыя зʼяўляецца «надзвычай небяспечнай, бо анулюе адрозненні ў сваёй прэтэнзіі на тое, каб зрабіць усіх роўнымі», і заахвочвае «паддацца вечнай спакусе чалавека стаць богам». А таму, гаворыцца ў дакуменце, «усе тыя спробы, якія затушоўваюць указанне на невыкараняльнае палавое адрозненне паміж мужчынам і жанчынай, павінны быць адкінутыя».
Дэкларацыя асуджае дыскрымінацыю, а тым больш агрэсію, гвалт, зняволенне і забойствы ў дачыненні да гомасексуальных асобаў. Але адмаўляе аперацыю па змене полу як пагрозу годнасці асобы. Дакумент дазваляе такія аперацыі толькі для людзей з медыцынскімі анамаліямі палавых органаў.
Таксама ў дэкларацыі згадваюцца новыя формы гвалту, як кібер-булінг, і тое, што інтэрнэт стаў «каналам для распаўсюджвання парнаграфіі і эксплуатацыі людзей у сексуальных мэтах або ў азартных гульнях».
Заключэнне злучае дэкларацыю з «Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека» і яшчэ раз нагадвае пра важнасць чалавечай годнасці для ўсіх людзей, незалежна ад іх фізічных, псіхічных, культурных, сацыяльных і рэлігійных характарыстык.
Крытыка і пахвала
«Dignitas Infinita» атрымала крытыку з боку пра-ЛГБТ-груп. Нікалет Бурбах з Лонданскага езуіцкага цэнтра заявіла, што дакумент дэманструе адмову Ватыкана ад квіраўскіх і фемінісцкіх поглядаў, якія, паводле яе, «проста адхіляюцца як… чалавечыя капрызы». Фрэнсіс ДэБарнарда, дырэктар New Ways Ministry, раскрытыкаваў дакумент за «падтрымку і прапаганду ідэй, якія прыводзяць да рэальнай фізічнай шкоды транссексуалам, небінарным і іншым ЛГБТ-людзям». А Джэймі Мэнсан з амерыканскай арганізацыі католікаў, якія выступаюць за права на аборт, раскрытыкавала асуджэнне ў дакуменце перапынення цяжарнасці. Езуіт Джэймс Марцін, вядомы сваімі пра-ЛГБТ поглядамі, высока ацаніў дакумент за асуджэнне дыскрымінацыі гомасексуалаў, але раскрытыкаваў асуджэнне гендарнай тэорыі і змены полу.
У цэлым жа «Dignitas Infinita» была добра прынятая каталіцкім духавенствам і свецкімі вернікамі. Прафесар маральнай тэалогіі ў семінарыі святога Юзафа ў штаце Нью-Ёрк (ЗША) ксёндз Том Бэрг адзначыў, што дэкларацыя ўтрымлівае «некаторыя з самых цвёрдых маральных фармулёвак – катэгарычных і без выключэнняў, – якія я бачыў у любым вучэнні Францішка», і што ў ёй адхіленне маральнага рэлятывізму і засяроджанасці на прымаце чалавечага розуму зʼяўляюцца «прыемным» і «важным». Эбігейл Фавале, экспертка па жаночых пытаннях з Універсітэта Нотр-Дам, вітала выразнае асуджэнне гендарнай тэорыі. На яе думку, гэта можа прывесці да «эфектыўных пастырскіх практык».
У сваю чаргу ксёндз Рэйманд дэ Соўза мяркуе, што дэкларацыя «адкрые новыя шляхі для дыскусій, апалагетыкі і евангелізацыі».
Кардынал Уілтан Дэніэл Грэгары, арцыбіскуп Вашынгтона, ацаніў дакумент як «збалансаваны і складаны», а арцыбіскуп чылійскай сталіцы Фэрнанда Чамалі Гарыб адзначыў «незвычайную інтэлектуальную і духоўную глыбіню» дэкларацыі. У сваю чаргу Чыека Нагучы, прэс-сакратарка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, падзякавала Папу Францішку за дакумент, бо ён падкрэслівае даўнюю традыцыю Касцёла «заўсёды прызнаваць, паважаць і абараняць годнасць чалавечай асобы ва ўсіх абставінах».
Мечыслаў Гапановіч
