Яна сустракае кожнага, хто наведвае горад. Тых, хто прыбывае з боку Мінска, цяпер таксама ў манументальнай скульптуры, якая выяўляе і гасціннасць самога горада, і гасціннасць яго нябеснай апякункі.
Маладзечна – гэта беларускі горад майго дзяцінства. Горад, які звязаны з эмоцыямі і перажываннямі падарожжа з Вільні да родных у беларускую вёску на Маладзечанскай зямлі. У савецкія часы на ўездзе ў Маладзечна нас вітаў герб у выглядзе галінкі, трылісніка папараць-кветкі. Як ніяк, а паэтычны беларускі сімвал! Што ён паэтычны і беларускі, я, маленькі хлопчык, абсалютна не ведаў, і было цікава, чаму менавіта галінка і менавіта такая.
Аказалася, што гэты герб я мог бачыць не раней за 1988 г., бо яго зацвердзілі да 600-годдзя горада. Горад хоць і стары, з цікавай багатай гісторыяй, але не меў Магдэбургскага права, а гэта значыць, не мог мець і свайго герба. Аказалася, што трыліснік у задуме аўтара азначае тры напрамкі дарог да трох вялікіх гарадоў – Вільні, Гродна і Мінска. Герб быў арыгінальны, не сустраканы раней, але, на жаль, зроблены насуперак існым геральдычным правілам: нестандартныя форма шчыта, надпіс і дата.
Сённяшні герб Маладзечна існуе ад 1999 г. і прывязаны да папулярнай беларускай геральдычнай традыцыі мець за выяву святога або святую. Святая Багародзіца на гербе намаляваная са старой іконы Пакрова, якая шанавалася ў маладзечанскай праваслаўнай царкве. Пакроў – гэта свята ў гонар Маці Божай, падзяка за яе апеку. На абразах і на гербе Маладзечна Маці Божая на працягнутых руках трымае амафор, частку літургічнага адзення біскупаў у візантыйскай традыцыі.
Амафор – гэта сімвал пастырскай апекі. Сімвал авечкі на плячах, якую шукае і знаходзіць сапраўдны пастыр. Марыя запрашае жыхароў горада і ўсіх гасцей карыстацца яе апекай. Сімвалам гэтага таксама з’яўляецца і яе плашч. Па традыцыі хрысціяне Канстанцінопаля маліліся ў храме, просячы пра ласку ўратавання ад ворагаў. У часе малітвы св. Андрэй і яго вучань убачылі Маці Божую, якая доўга са слязьмі малілася за народ. А пазней ўрачыста зняла пакрывала з галавы і расцягнула над народам. Бачанне аказалася прарочым: ворагі без кровапраліцця адышлі ад горада.
Новы герб так хутка прыжыўся і стаў родным, што да Рэспубліканскіх дажынак 2011 г. з’явілася скульптура Пакрова Багародзіцы, якая сустракае тых, хто вяртаецца дамоў, і тых, хто прыязждае.
а. Андрэй Сідаровіч, марыянін, Росіца
