У папярэдніх артыкулах моўнай рубрыкі мы разглядалі некаторыя асаблівасці выкарыстання ў беларускай мове паронімаў – слоў, блізкіх паводле напісання і гучання, але розных паводле значэння. Гэтая тэма выклікала значную цікавасць у нашых чытачоў, аўтар матэрыялу атрымаў шэраг водгукаў, пытанняў і прапаноў. Адно з пажаданняў – кароткі аналіз, сціслая характарыстыка сінанімічнага багацця нашай мовы. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыць пастаянная чытачка газеты спадарыня Галіна С. з Вілейшчыны. “Вельмі даўно скончыла школу, – заўважае сп-ня Галіна, – але да сённяшняга дня памятаю, як настаўніца часта казала: ідзеш, цягнешся, паўзеш, пляцешся… І яшчэ колькі такіх дзеясловаў, якія абазначаюць па сутнасці адно і тое ж. Хацелася б пабачыць у моўнай старонцы “Каталіцкага Весніка” хоць невялікі матэрыял пра падобныя словы – пра сінонімы…”
Мы вельмі ўсцешаныя, што нашыя чытачы выяўляюць цікавасць да розных пластоў беларускай лексікі, спрабуюць лепш зразумець пэўныя адметнасці яе функцыянавання. Таму і паспрабуем сёння пагаварыць крыху пра сінонімы.
Нагадаем, што сінонімы – гэта словы пэўнай часціны мовы, якія абазначаюць па сутнасці тое самае паняцце, маюць аднолькавыя або блізкія значэнні, але адрозніваюцца гучаннем, адценнямі значэнняў, эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, спалучальнасцю з іншымі словамі або стылістычным выкарыстаннем. Сінонімамі могуць быць словы, словазлучэнні, фразеалагізмы. У тэксце сінонімы выконваюць розныя функцыі: робяць мову больш багатай, больш выразнай, дазваляюць выказаць думку дакладна, з улікам пэўных семантычных адценняў. А яшчэ ўжыванне сінонімаў дае магчымасць пазбегнуць нематываваных паўтораў, надаць адпаведнаму сказу, мікракантэксту неабходнае экспрэсіўна-стылістычнае афармленне, што ў сукупнасці спрыяе адлюстроўванню аўтарскай эстэтычнай задумы. Пры гэтым варта памятаць, што абсалютна тоесных слоў у мове не існуе, бо нават сінанімічныя пары ўтрымліваюць у сабе нейкі адметны семантычны ці стылістычны складнік, які можа і не выяўляцца выразна, але ён ёсць, ён бачны пры больш дэталёвым аналізе. Тут дарэчы будзе прыгадаць урывак з апавядання Якуба Коласа “Недаступны”, дзе класік нашай літаратуры па-майстэрску, вытанчана і далікатна расквеціў мікракантэкст сінонімамі: Прабегшы некалькі хат, Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку і пасучыў проста да калодзежа. Мы выразна бачым, наколькі вобразна, цікава, неаднастайна пісьменнік апісвае адну і тую самую з’яву, карыстаючыся ўсім багаццем беларускай мовы. Мы нават адчуваем, уяўляем зрокава, як коласаўскі герой рухаўся, пераадольваючы розныя дробныя перашкоды. І няцяжка зразумець, што такое маляўнічае апісанне было б немагчымае без цэлага шэрагу сінонімаў.
Разгледзім далей колькі сінанімічных радоў беларускай лексікі, праілюструем ужыванне асобных слоў фрагментамі з твораў мастацкай літаратуры. Гэта дапаможа нам і лепш зразумець асаблівасці выкарыстання слова ў пэўным кантэксце, і паспрыяе аднаўленню ў памяці пэўных твораў.
Балота, багна, дрыгва, дрыгвянік, твань, імшара, імшарына (мохавае) і інш. (На дне сінеючае твані / Лілеі вецер варушыў. Паўлюк Трус; Вацура чуў у вайну, што засталася гэтая імшарына ад возера. Iван Чыгрынаў).
Гаварыць, казаць, гаманіць, мармытаць, муркаць, гугнець, гугнявіць, гутарыць, размаўляць, перагаворвацца, перамаўляцца, баіць, балбатаць, балабоніць, лепятаць, ляпаць, плявузгаць, вякаць, чаўпці, вярзці, красамоўнічаць, трашчэць, барабаніць, бубніць, трубіць, плесці, гарадзіць, малоць і інш. (Платон нешта мармыча, пераварочваецца на другі бок і засынае зноў. Піліп Пястрак; Што з хворага ўзяць, калі вярзе несусвеціцу! Міхась Лынькоў).
Дрэнны, кепскі, благі, паганы, нікчэмны, ліхі, паскудны, паршывы, нягодны, нялюдскі, нікудышны, марны і інш. (Зямля тут была, магчыма, самая кепская, адзін пясок… Iван Шамякін; Я паэт – зняважаны і просты, / Сябра мой – нікчэмны драматург. Аркадзь Куляшоў).
Дурань, дурыла, вар’ят, тупіца, ёлупень, асталоп, асёл, дубіна, лапаць, абух, бязмен, шаленец, абэлтух і інш. (He знаць бы век цябе, дурылы! / Усё сапсаваў, бадай ты знік… Якуб Колас; А наогул, ты ёлупень. Чаму б табе каля мяне не трымацца? Я б цябе не даў скрыўдзіць. Васіль Быкаў).
Жыллё, жытло, кватэра, кут, куток, дах, прыстанішча, прытулак, прытулішча, бярлог, котла, абіцель, пенаты, апартаменты, дах над галавой, хата і інш. (Жонка з мужам марылі аддзяліцца ад сям’і, каб абзавесціся ўласным кутком. Міхась Лынькоў; Увесь век гараваў, гараваў, збіраў па саломіне, і нават котла роднага адцурацца трэба. Кузьма Чорны).
Ісці, крочыць, ступаць, плесціся, пхнуцца, цягнуцца, брысці, тупаць, дыбаць, шыбаваць, часаць, сунуцца, валачыся, клыпаць, біць ногі, перастаўляць ногі і інш. (Зноўку ступаю знаёмымі сцежкамі, / Тымі, што крочыў на золку заўжды. Рыгор Барадулін; Апенька адстаў – ён клыпаў на цэлую вярсту ззаду ад усіх. Iван Навуменка).
Нешчаслівы, няшчасны, бедны, бядачы, гаротны, гаратлівы, абяздолены, бяздольны, гарацешны і інш. (I навучаў сына, каб і сын любіў свой народ, свой край, каб жалеў усіх абяздоленых і нешчаслівых і змагаўся б за светлую будучыню. Максім Гарэцкі; Сымон Васільевіч думаў у гэты час пра вясковую кабету, гарацешную ўдаву Мар’яну Іванаўну… Уладзімір Дубоўка).
Тайна, таемна, тайком, патаемна, употай, употайкі, цішком, скрыта, сакрэтна, ціхачом, пакрыёма і інш. (Але і заставацца больш ён не мог тут, а таму вырашыў уцячы тайком, без тлумачэнняў. Iван Шамякін; Стражы князевы – ў полі і дома, / Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей / І пракляцце расло пакрыёма. Янка Купала).
Мы прапанавалі тут толькі некаторыя сінанімічныя рады, хоць “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М. Клышкі налічвае іх больш за 1900. Зразумела, што не ўсе словы ў канкрэтным сказе могуць быць узаемазамяняльнымі. Бо, як мы ўжо адзначалі, няма абсалютна тоесных адзінак. Але такое сінанімічнае багацце нашай мовы дазваляе дастаткова дакладна перадаць усе семантычныя, вобразныя ці сімвалічныя адценні. Застаецца толькі няспынна павышаць свой узровень валодання лексічным складам беларускай мовы, удасканальваць уласныя веды. Спадзяёмся, прапанаваны вышэй матэрыял акурат паспрыяе гэтаму.
Юрась Бабіч – кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!